Год таму, 4 студзеня 2021 года, на 95-м годзе жыцця, пасля цяжкой хваробы, адыйшоў у лепшы свет пісьменнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, шматгадовы сябар Партыі БНФ і ліквідаванага Руху БНФ “Адраджэнне” Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў.
Пісьменніка пахавалі 6 студзеня мінулага года на могілках у родным Слаўгарадзе побач з бацькамі і каханай жонкай Верай Васільеўнай. Праводзіць у апошні шлях заслужанага ветэрана прыйшло паўтара дзесятка чалавек – родныя і блізкія, суседзі, сябры па грамадскай дзейнасці.
Нарадзіўся Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны Фелікс Шкірманкоў з ліпеня 1941 г. актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў уступіў у знішчальны батальён гарадскога пасёлка Глуск. Пасля сканчэння спецыяльнай партызанскай школы перайшоў лінію фронту і змагаўся на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў брыгадзе Ф.С.Шляхтунова, якая з 1943 года насіла імя генерала Л.М.Даватара. Двойчы быў паранены.
У красавіку 1944 года накіраваны Беларускім штабам партызанскага руху на вучобу ў Маскоўскае Чырвонасцяжнае ваенна-інжынернае вучылішча, пасля – 4-ы Украінскі фронт, камандзір узвода разведкі 113-га асобнага ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна.Вайну скончыў пад Прагай.
Падчас вайны Фелікс Уладзіміравіч быў чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”.
Пасля вайны Шкірманкоў служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далекім Усходзе. У ліпені 1979 года Фелікс Уладзіміравіч вярнуўся ў родны Слаўгарад. Працаваў загадчыкам аддзела ў раённай газеце “Ленінскае слова” (1989 – 1990 гг.). У 1989 годзе стварыў грамадскі камітэт “Дзеці Чарнобыля”, крыху пазней – раённую суполку Беларускага Народнага Фронта, сябрамі якой былі больш за 100 чалавек.
У 1991 годзе землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынёй гарадскога Савета народных дэпутатаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1995 года і засведчыў сваю годнасць грамадзяніна і патрыёта Беларусі, выявіў арганізатарскі талент і высокія чалавечыя якасці.
Фелікс Шкірманкоў выдаў шмат кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў – успаміны, замалёўкі, абразкі, “ваенныя” і “геалагічныя” апавяданні, паэтычная кніга на расейскай мове, кнігі вершаў па-беларуску. Ён з’яўляўся сябрам таксама ўжо ліквідаваных Саюза беларускіх пісьменнікаў і ТБМ імя Францішка Скарыны. У 2005 годзе Шкірманкоў быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.
На знак прызнаньня заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2019 годзе ўзнагародзіла ветэрана вайны, літаратара і аднаго з найстарэйшых фронтаўцаў Фелікса Шкірманкова медалём да 100-годдзя БНР.
Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў пражыў яркае і насычанае жыццё, прысвечанае служэнню роднай Беларусі. Яго кнігі па-ранейшаму запатрабаваныя ў чытачоў.
Многія з нас на працягу доўгага часу падтрымлівалі з пісьменнікам сяброўскія стасункі, яго творы друкаваліся на старонках нашага інтэрнэт-партала. Выбітны чалавек і патрыёт Беларусі Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў назаўсёды застанецца ў памяці журналістаў “Магілёўскага рэгіёна”.
Іван Барысаў