22 студзеня 2022 года пасля цяжкой хваробы пайшоў з жыцця Сямён Сямёнавіч Панізоўцаў. Ён крыху не дажыў да 80 гадоў.
Нарадзіўся Сямён Панізоўцаў 12 лютага 1942 года. Жыццё яго ніяк не назавеш лёгкім, але гэты цудоўны чалавек здолеў пакінуць па сабе добрую памяць у Чэрыкаўскім раёне, і не толькі.
Сямён Панізоўцаў атрымаў сярэднеспэцыяльную адукацыю і 45 гадоў адпрацаваў кіраўніком авіямадэльнага- і фотагурткоў Чэрыкаўскага Дому піянераў і школьнікаў. Аднак у 2006 годзе спецыяліста вышэйшай катэгорыі, выдатніка народнай асветы звольнілі з працы, бо ён быў кіраўніком раённай суполкі БНФ.
На спаборніцтвах па авіямадэляванні вясковыя хлопцы з Чэрыкава становіліся чэмпіёнамі Беларусі. Маючы выключны арганізацыйны талент у працы з дзецьмі, Сямён Панізоўцаў у Чэрыкаве здолеў стварыць сваю сапраўдную школу авіямадэльнага спорту.
Шмат гадоў Сямён Сямёнавіч узначальваў раённую арганізацыю БНФ, працаваў на ніве нацыянальнага адраджэння, узнімаў праблемы негатыўных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС для паўднёва-усходніх раёнаў Магілёўскай вобласці.
У якасці незалежнага журналіста Сямён Панізоўцаў актыўна супрацоўнічаў з крычаўскай газетай “Вольны горад”, на працягу шэрагу гадоў з’яўляўся аўтарам інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”, пэўны час выдаваў уласную маланакладную газету для жыхароў Чэрыкаўскага раёна.
Пакуль існавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, нягледзячы на свой сталы ўзрост, Сямён Сямёнавіч быў яе актыўным сябрам, рэгулярна ўдзельнічаў у сустрэчах незалежных журналістаў Магілёўшчыны.
Апошнія гады Сямён Панізоўцаў змагаўся з цяжкім анкалагічным захворваннем, наступствы Чарнобыльскай аварыі ўсё ж дагналі гэтага мужнага чалавека. Не верыцца, што Сямён Сямёнавіч ужо больш не патэлефануе і не выкажа сваіх меркаванняў наконт падзей у роднай Беларусі і свеце…
Пахаваюць Сямёна Сямёнавіча Панізоўцава 24 студзеня далёка ад роднага Чэрыкава, так вырашылі яго родныя. Спі спакойна, наш дарагі сябар…
Рэдакцыя і журналісты інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” выказваюць шчырыя спачуванні сям’і Сямёна Сямёнавіча Панізоўцава, усім яго родным і блізкім. Памяць пра гэтага выдатнага чалавека назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.