3 студзеня 2022 года не стала Адама Іосіфавіча Мальдзіса… Ён памер на 90-м годзе жыцця… З ім разам сышла эпоха… І гэта не перабольшанне.
Ён быў адным з апошніх сапраўдных тытанаў у айчыннай гуманітарыстыцы. Чалавек-акадэмія, чалавек-інстытут, “камень”, тытан сучаснага беларускага Адраджэння…
Стваральнік і кіраўнік Скарынаўскага цэнтра, камісіі “Вяртанне”, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў…
Ён быў цэнтрыстам, сваім для правых і левых, усходнікаў і заходнікаў, беларусаў і літоўцаў (нарадзіўся на этнічным памежжы), ён пісаў і для СБ, і для СМІ супрацьлеглай арыентацыі… – імкнуўся да міру і адзінства спаміж беларусаў. Быў ён чалавекам па-за часам, бо ён і знаўца 18-19 стагоддзяў, і сябра Караткевіча, і зычлівы калега для мяне і многіх маіх аднагодак.
А якую ён пакінуў навуковую спадчыну! Вось толькі некалькі яго кніг: «Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.», «Падарожжа ў XIX ст.: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры», «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.», «Таямніцы старажытных сховішчаў».
Ён фарміраваў светапогляд беларусаў. Шмат у чым менавіта ён ствараў Беларусь, якою яна ёсць.
“Апошнія гады ён ўсё марыў дапісаць як найменей яшчэ чатыры свае кнігі, працу над якімі ён пачаў больш пяці год таму. Многае не паспеў. Гэта цяпер наша праца”, – напісаў у ФБ Алесь Суша.
Яўгіння Грамашчанка
фото из открытых источников