Пасля цяжкой хваробы сёння памер пісьменнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, шматгадовы сябар Партыі БНФ і Руху БНФ “Адраджэнне” Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў.
Пра смерць пісьменніка журналістам “Магілёўскага рэгіёну” паведаміла дачка Фелікса Уладзіміравіча Ірына. Апошнім часам ён цяжка хварэў.
Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён вэтэран вайны, даўні сябар Партыі БНФ і ТБМ імя Францішка Скарыны. У 2005 годзе быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.
Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў з ліпеня 1941 г. актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. У лістападзе 1943 года цяжка паранены. Пасля закачэння ваенна-інжынернай вучэльні ў званні малодшага лейтэнанта накіраваны на 4-й Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзводу. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, дзьвума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далекім Усходзе, быў старшынём Слаўгарадскага савета дэпутатаў.
Фелікс Шкірманкоў выдаў шмат кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў – успаміны, замалёўкі, абразкі, “ваенныя” і “геалагічныя” апавяданні, паэтычная кніга на расейскай мове, кнігі вершаў па-беларуску. Ён з’яўляўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Па папярэдняй інфармацыі, пахаванне пісьменніка адбудзецца ў сераду, 6 студзеня, у Слаўгарадзе.
Журналісты “Магілёўскага рэгіёну” і сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Магілёўшчыны выказваюць спачуванні родным і блізкім Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова.