Галоўная » Памяць аб страчаных архітэктурных помніках вярнулася да магілёўцаў праз інфармацыйныя стэнды

Памяць аб страчаных архітэктурных помніках вярнулася да магілёўцаў праз інфармацыйныя стэнды

Сем інфармацыйных стэндаў з’явіліся ў Магілёве на месцах зруйнаваных будынкаў, якія маглі быць архітэктурным упрыгожаннем горада.

Ідэя ўсталявання інфармацыйных стэндаў нарадзілася ў Школе грамадскіх ініцыятыў «Цяпліца», якая дзейнічае пры Цэнтры гарадскіх ініцыятыў (ЦГІ). Праект па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны «Подых мінулага» быў прадстаўлены ў сёлетнім красавіку. Яго распрацоўшчыкі выказалі жаданне расставіць у цэнтры горада металічныя стойкі з інфармацыяй пра пяць ужо неіснуючых аб’ектаў. Гэта – Сабор святога Язэпа (вул. Першамайская, 29), Богаяўленскі манастыр (вул.Першамайская, 1), касцёл святога Ксаверыя (вул. Першамайская, 8), Спаса-Праабражэнскі манастыр (Архіерэйскі вал, 3) і Фарны касцёл (вул. Болдзіна, 3), будынак якога часткова захавалася. На стойках павінны былі размясціцца тэксты на беларускай і англійскай мовах з інфармацыяй аб зніклых культавых збудаваннях.

Першы інфармацыйны стэнд з’явіўся на месцы, дзе знаходзіўся сабор Святога Язэпа, ў жніўні гэтага года. А потым актывістам удалося ўсталяваць яшчэ шэсць стэндаў – да раней запланаваных дадаліся стойкі з інфармацыяй пра Траецкую царкву па Пушкінскім праспекце і Халодную сінагогу па Вялікай Грамадзянскай вуліцы.

Кожная інфармацыйная таблічка змяшчае QR-коды з апісаннем і выявай зніклых гісторыка-культурных аб’ектаў, якія мелі багатую гісторыю і значнасць для магілёўцаў. Як паведамілі «Магілёўскаму рэгіёну» ў ЦГІ, такім чынам аўтары разлічваюць павялічыць цікавасць мясцовых жыхароў да гісторыі Магілёва, павысіць турыстычную прывабнасць і імідж гораду.

Даны праект рэалізаваўся пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама, Музея гісторыі Магілёва, рэкламнай кампаніі «Рэкламатар». Большасць фатаграфій архітэктурных аб’ектаў была ўзята з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага.

Уладзімір Лапцэвіч