Галоўная » Памёр вядомы круглянскі будаўнік Мікалай Патрончык, які 4 месяцы правёў у СІЗА

Памёр вядомы круглянскі будаўнік Мікалай Патрончык, які 4 месяцы правёў у СІЗА

7 траўня на 68-м годзе жыцця памёр кіраўнік Круглянскай ПМК-266, адзін з самых вядомых і заслужаных будаўнікоў краіны Мікалай Патрончык, які быў затрыманы ў канцы мінулага года. Раніцай яго прывезлі з СІЗА ў бальніцу, дзе яго і не стала, піша партал tut.by, які спасылаецца на аднаго з блізкіх Патрончыка.

Мікалай Патрончык. Фота: krugloe.by

Дзяржаўнае прадпрыемства “Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266” — адно з самых паспяховых у Магілёўскай вобласці (у ім працуе больш за тысячу чалавек). Яно будавала шматлікія аб’екты, у тым ліку на малой радзіме кіраўніка дзяржавы — у вёсцы Александрыя, у Шклове. Мікалай Патрончык працаваў у ПМК з 1973-га, кіраўніком быў з 1995 года. Прадпрыемства — найбуйнейшы ў раёне ўладальнік нерухомасці (гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры, рэстаран, гасцініца, крамы і г. д.). У чэрвені 2015-га Патрончык быў узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені. Яго яму ўручыў Аляксандр Лукашэнка (гл. фота знізу і першае відэа).

Летась была распачатая крымінальная справа  аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае ў асабліва буйным памеры (падрабязнасці абвінавачання гл. у другім відэа). Быў затрыманы і адзін з сыноў Мікалая Патрончыка.

Фота: БЕЛТА

Крыніца: euroradio.fm