Суд Шклоўскага раёна вызначыць, колькі каштуе свабода выказвання меркавання ў Беларусі, піша mspring.online.
Старшыню партыі «Беларускі народны фронт» Рыгора Кастусёва чакае суд 28 студзеня а 10 гадзіны раніцы за тое, што ён пратэставаў супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі.
Як паведаміў сам палітык, яму даслалі СМС і патэлефанавалі з суда Шклоўскага раёна і паведамілі, што яго чакае судовы працэс за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску 20 снежня 2019 года».
Супрацоўнікі Шклоўскага РАУС палічылі, што Рыгор Кастусёў парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, калі прыняў удзел у няўзгодненай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Нягледзячы на тое, што акцыя праходзіла ў Мінску, судзіць Кастусёва вырашылі ў Шклове. Яму пагражае штраф да 30 базавых велічыняў.
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія выйшлі ў канцы снежня выказаць сваё меркаванне супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Больш за дзесятак чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты 5-15 сутак, яшчэ некалькі дзясяткаў – вялікія штрафы.
Аршанскі блогер Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў, напэўна, больш за ўсіх пацярпеў ад пераследу ўладаў. У сукупнасці на яго склалі тры пратаколы, па якіх прысудзілі 45 сутак арышту.
Усяго за мірныя пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй ўлады аштрафавалі беларусаў больш, чым на 100 тысяч рублёў (каля. 50 тыс USD).
Грамадзянская супольнасць арганізавала збор сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсій – BY_help. На дадзены момант сабрана каля 18 тыс. USD.