19 сьнежня Сойм Партыі БНФ адзінагалосна прыняў заяву ў абарону беларускай нацыянальнай сымболікі – бела-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня”.
Заява Сойму Партыі БНФ у абарону нацыянальнай сымболікі
19 сьнежня 2020г., Менск
У беларусаў з глыбіні вякоў і да цяпрашняга часу герб Пагоня ды бел-чырвона-белы сьцяг былі, ёсьць і заўсёды будуць найбольш важнымі нацыянальнымі сымбалямі, сымбалямі свабоды, годнасьці, незалежнасьці Радзімы, народнага абуджэньня і нацыянальнага адраджэньня.
Гэты факт яскрава засьведчылі шматсоттысячныя дэманстрацыі гэтага году ў Менску і незьлічоныя шэсьці ды мітынгі з дзясяткамі тысячаў удзельнікаў па ўсёй Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, тысячы бел-чырвона-белых сьцягоў у дамох і кватэрах беларусаў, упрыгожаныя ў нацыянальных бел-чырвона-белых колерах двары і кварталы.
Нашыя нацыянальныя сымбалі маюць багатую, годную, велічную гісторыю. Многія стагодзьдзі пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам нашыя продкі баранілі краіну, перамагалі ў бітвах і войнах, будавалі, стваралі, разьвівалі нашую культуру і навуку.
Змаганьне за свабоду й незалежнасьць паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі ды Кастуся Каліноўскага, герояў Слуцкага Збройнага Чыну было асьвечанае нашымі нацыянальнымі сымбалямі, Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам, а іх самаахвярнасьць зрабілі Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг яшчэ больш значнымі і каштоўнымі.
Менавіта бел-чырвона-белы сьцяг ды Пагоня сталіся афіцыйнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі, калі ў 1918 годзе народ Беларусі абвясьціў незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны ды аднавіў дзяржаўнасьць нашай нацыі, што зрабіла магчымым і існаваньне сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Спробы камуністычнай савецкай, а пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і цяперашняй афіцыйнай прапаганды, ачарніць і дыскрэдытаваць нацыянальную сымболіку фактам дазволу на яе выкарыстаньне ў акупаванай нацыстамі Беларусі падчас другой сусьветнай вайны, прыраўняць яе да фашыстоўскай ды нацыскай сымболікі, зьяўляюцца цалкам хлусьлівымі, брыдкімі і нахабнымі, супярэчаць фактам ды самыя будуюцца як-раз паводле мэтадаў ды запаветаў аднаго з ідэёлягаў нацызму ды стваральніка хлусьлівай злачыннай гітлераўскай прапаганды Ёзафа Гэбэльса.
Тым больш недарэчнымі й абсурднымі выглядаюць тэзы афіцыйнай прапаганды аб неабходнасьці забароны бел-чырвона-белага сьцягу як сымболікі, што выкарыстоўвалася калябарантамі ў часе ІІ сусьветнай вайны, што цяперашні расейскі трыкалёр, які актыўна ды абсалютна бесперашкодна выкарыстоўваюць у Беларусі ня толькі амбасада, прадстаўніцтвы ды грамадзяне РФ, але й асобныя беларускія грамадзяне, а нярэдка й супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных органаў, у тым ліку МУС ды МА, вельмі шырока выкарыстоўваўся расейскімі вайсковымі фармаваньнямі, што ваявалі на баку і пад камандваньнем нацыскай Нямеччыны.
Пад бел-чырвона-белым сьцягам адбывалася і нацыянальнае адраджэньне ды аднаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў 90-х гадох мінулага стагодзьдзя. Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг былі дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 гады. Па іроніі лёсу, Аляксандар Лукашэнка стаў першым прэзыдэнтам нашай дзяржавы і прымаў прысягу менавіта пад бел-чырвона-белым сьцягам. Але й свой першы “рэфэрэндум”, дзеля правядзеньня якога былі злачынна зьбітыя народныя дэпутаты Беларусі з фракцыі БНФ проста ў залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету, ён скіраваў супраць нацыянальнай сымболікі.
Ворагі беларушчыны зьнішчалі нацыянальныя сымбалі і беларускую мову, каб зьнішчыць свабоду і годнасьць нашага народу, каб зламаць волю да адстойваньня свайго права “людзьмі звацца”. Бо і ў 90-х, і ў 2000-х, і цяпер, у 2020-м, ва ўсю моц — на адстойваньне сваіх свабодаў, каштоўнасьцяў ды інтарэсаў народ Беларусі выходзіць пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Асабліва вар’яцкімі формы, мэтады і маштабы змаганьня дзяржаўнага апарату з бел-чырвона-белай сымболікай становяцца цяпер. МНС, камунальшчыкі, міліцыя, адміністрацыя школаў ды іншых установаў, афіцыйная прапаганда — усе магчымыя сродкі кінутыя дзяржаўнай машынай на змаганьне з бел-чырвона-белымі сьцягамі, стужкамі, парасонамі, вопраткай, бялізнай, сьнегавікамі, шлягбаўмамі.
За бел-чырвона-белыя сьцягі ў вокнах сваіх кватэраў беларусаў абвінавачваюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ды караюць штрафамі ды арыштамі.
Раман Бандарэнка, які выйшаў ва ўласны двор высьветліць, на якой падставе невядомыя ў масках зразаюць белыя ды чырвоныя стужкі, якімі жыхары ўпрыгожылі свой двор, быў забіты.
У афіцыйнай прапаганьдзе ўсё больш настойліва гучаць тэзы аб неабходнасьці забароны бел-чырвона-белага сьцягу.
- Партыя БНФ выказвае рашучы пратэст супраць усіх спробаў забараніць або абмежаваць выкарыстаньне гістарычнай нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікі, а таксама супраць намаганьняў дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сьцяг ды герб Пагоня.
- Партыя БНФ патрабуе спыніць перасьлед беларусаў за выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі ў сваіх дамах, кватэрах, аўтамабілях, дварах.
- Партыя БНФ разглядае ўсе праявы ціску рэжыму на нацыянальную сімволіку як перасьлед беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, скіраваны на пазбаўленьне беларускага народу праяваў нацыянальнай ідэнтычнасьці.
- Партыя БНФ нагадвае беларусам, што таксама важнай праявай нацыянальнай ідэнтычнасьці і сымбалем патрыятызму з’яўляецца нашая родная беларуская мова, і заклікае ўсіх грамадзянаў пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах ужываньня, у тым ліку ў стасунках з дзяржаўнымі і грамадзкімі арганізацыямі, а таксама ініцыяваць і патрабаваць стварэньне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў.
Немагчыма забараніць Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг, як немагчыма забараніць праўду й прагу да жыцьця. Штучнае ніколі не пераможа сапраўднае, мёртвае ніколі не пераможа жывое.
З нашымі сьвятымі нацыянальнымі сымбалямі — сіла нашага народу, які абудзіўся, вера і надзея, мужнасьць і салідарнасьць беларусаў у гэтыя месяцы, слава і веліч нашых продкаў, Божае блаславеньне.
Бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня — сымбалі нашай перамогі, якую няздольныя прадухіліць ніякія сілы цемры, гвалту ды хлусьні.
Жыве Беларусь!