«Склад участковых камісіяў не дазваляе правесьці сумленныя выбары. Даверу гэтаму складу камісіяў няма. Таксама ня можа быць даверу з боку грамадзтва да вынікаў, якія гэтыя камісіі будуць агучваць», — сьцьвярджае ўправа Партыі БНФ у заяве, распаўсюджанай 24 чэрвеня.
«Фармаваньне ўчастковых камісіяў для выбараў прэзыдэнта прайшло антыдэмакратычна і несумленна. Улады беспадстаўна адхілілі кандыдатуры ад дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці, сфармаваўшы камісіі ў цалкам падкантрольным складзе. Адмоўлена ва ўключэньні ў склад камісіяў сотням вылучэнцаў Партыі БНФ, ГА БНФ «Адраджэньне», іншых партыяў і рухаў, а таксама шматлікім прадстаўнікам мясцовых супольнасьцяў, што былі вылучаныя самімі выбарнікамі праз збор подпісаў», — адзначаецца ў заяве.
Паводле інфармацыі партыі, «ад непадкантрольных адміністрацыі людзей татальна зачышчаныя ўчастковыя камісіі ў Менску», «без абмеркаваньня ці з хлусьлівымі тлумачэньнямі былі адхіленыя кандыдатуры старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, намесьніка старшыні партыі Аляксея Янукевіча, кіраўніка сталічнай арганізацыі БНФ Зьмітра Касьпяровіча, які мае досьвед выкрыцьця фальсыфікацыяў падчас працы ў выбарчай камісіі на мінулых выбарах прэзыдэнта».
«Улада робіць усё, каб цалкам выключыць беларускі народ з працэсу арганізацыі і правядзеньня выбараў, – лічыць Партыя БНФ. – Стэрыльныя выбарчыя камісіі створаныя зь відавочнай мэтай: забясьпечыць вынікі выбараў, патрэбныя для цяперашняй уладнай групоўкі. Такое фармаваньне камісіяў, асабліва ва ўмовах грамадзкага абуджэньня ды пільнай увагі беларусаў да палітычных працэсаў у краіне, ёсьць дэманстратыўным грэбаваньнем уладай сумленнасьцю ды законнасьцю».
Партыя БНФ патрабуе «правядзеньня сапраўды свабодных, сумленных і дэмакратычных выбараў дзеля гарантаваньня бясьпекі і дабрабыту беларускага народу і абароны ды ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці краіны».
«Дзеля фіксацыі парушэньняў пры фармаваньні ўчастковых выбарчых камісіяў» управа Партыі БНФ «падрыхтуе і падасьць скаргі на фармаваньне камісіяў у дзевяць судоў ува ўсіх дзевяці раёнах сталіцы». Арганізацыйным структурам Партыі БНФ на месцах «прапанавана падрыхтаваць адпаведныя скаргі ў раённыя і гарадзкія суды, дзеля чаго ім будзе дадзеная арганізацыйная і мэтадычная падтрымка».
Раней штаб прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі паведаміў, што ўвайсьці ў склад участковых камісіяў для выбараў прэзыдэнта адмоўлена амаль усім з больш чым 3500 удзельнікаў ініцыятывы «Честные люди».
Крыніца: Радыё Свабода