Адпаведную заяву Сойм Партыі БНФ прыняў 12 ліпеня.
Заява Сойму Партыі БНФ
Саўдзел у несапраўдных “каранавыбарах” ва ўмовах рэпрэсіяў не мае апраўданьня
Нягледзячы на пашырэньне ў Беларусі каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, улады краіны абвесьцілі правядзеньне чарговых выбараў прэзыдэнта. Безадказная палітыка, заснаваная на адмаўленьні рэальнай пагрозы, прыводзіць да вялікіх людскіх стратаў: каля 65 тысяч жыхароў Беларусі ўжо былі інфікаваныя COVID-19, каля паўтысячы чалавек пайшлі з жыцьця праз каранавірус. Гэтыя лічбы няспынна павялічваюцца, нягледзячы на злачынныя спробы ўладаў паменьшыць памеры трагедыі шляхам маніпуляцыяў з медычнай статыстыкай ды блюзнэрскія абвінавачаньні на адрас медыкаў і саміх загінулых. Заявы пра “перамогу над вірусам” ва ўмовах, калі людзі гінуць, ёсьць злачыннай спробай цяперашняга рэжыму апраўдаць свае злачынствы дзеля захаваньня аўтарытарнай сыстэмы ўлады.
Прапанваныя Партыяй БНФ у сакавіку захады датычна пераадоленьня эпідэміі і выратаваньня эканомікі не былі здзейсьненыя ўрадам Беларусі. Гэткая палітыка бяздзеяньня і адмаўленьня рэчасінасьці, абвешчаная асабіста Лукашэнкам, прывяла да шматлікіх людскіх ахвяраў, збядненьня насельніцтва і паглыбленьня эканамічнага крызысу, які ў бліжэйшай пэрспэктыве будзе толькі павялічвацца.
Тое, якім чынам была абвешчаная і як арганізуецца гэтая выбарчая кампанія, сьведчыць пра правал палітыкі Лукашэнкі і пра няздольнасьць дыктатуры ўлічваць інтарэсы людзей і беларускага народа.
Гэтай палітыцы рэжыму не можа быць апраўданьня. Таксама небясьпечным і недаравальным з’яўляецца саўдзел у гэтых злачынных дзеяньнях рэжыму. Адказныя палітычныя сілы, якія клапоцяцца пра інтарэсы беларускага народа, не павнныя быць памагатымі ў дзейнасьці, якая шкодзіць беларускаму народу, не павінныя даваць рэжыму нагоду для апраўданьня і зьняцьця з яго адказасьці за гібель людзей.
Выбары адбываюцца ва ўмовах нязьменнасьці выбарчага заканадаўства. У краіне працуе ранейшая сыстэма фальсіфікацыяў і маніпуляцыяў, скіраваных на скажэньне волі беларускага народа. Мы бачым, што ў 2020 годзе гэтая сыстэма працуе яшчэ больш нахабна і безсаромна, у тым ліку пры адсутнасці паўнавартасных місіяў міжнароднага назіраньня. Тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі сфармваныя без удзелу апазыцыі і не можа быць аніякага даверу тым лічбам, якія будуць абвешчаныя гэтымі камісіямі па выніках падліку галасоў.
Шырокае ўжываньне адміністрацыйнага рэсурсу і дзяржаўных сродкаў на карысьць дзеючага прэзыдэнта, хваля арыштаў, крымінальнага перасьледу і рэпрэсіяў, скіраваная супраць апанентаў улады, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў, блогераў і любых актыўных грамадзянаў азначаюць, што цяперашнія выбары ні ў якім разе не могуць быць прызнаныя як свабодыня і сумленныя.
Штабы некаторых кандыдатаў, якія легкадумна разлічвалі на магчымасьць дасягненьня нейкіх тактычных ці прыватных мэтаў праз працу ў межах, што акрэсленыя дзеючым заканадаўствам, цяпер плацяць вялікі кошт за свае пралікі. Беззаконьне і гвалт з боку рэжыму ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў выклікаюць справядлівае абурэньне і з’яўляюцца недаравальнымі. Партыя БНФ патрабуе вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, якія былі кінутыя за краты падчас гэтай выбарчай кампаніі, а таксама да яе пачатку. БНФ рашуча пратэстуе супраць катаваньняў, што ўжываюцца супраць вязьняў.
Ніякія тактычныя альбо прыватныя інтарэсы асобных дзеячоў, партыяў ці кандыдатаў не могуць служыць апраўданьнем саўдзелу ў падвойным злачынстве несапраўдных “каранавыбараў”. Cумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасфэры рэпрэсіяў і запалохваньня. Ніякія палітычныя разлікі не могуць служыць апраўданьнем дзейнасьці, якая цягне за сабой пашырэньне небясьпечнай інфэкцыі COVID-19 і наступныя сьмерці людзей.
Партыя БНФ заклікае ўсіх патэнцыйных кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў “каронавыбарах” і далучыцца да працы кампаніяў назіраньня дзеля выяўленьня і фіксацыі злачынстваў рэжыму, якія робяцца падчас гэтых несумленных і несапраўдных “каранавыбараў”.