Партыя БНФ збірае грошы на аплату арэнды сваёй сядзібы. У арганізацыі назапасіліся завінавачанасці і цяпер трэба заплаціць 28 тысяч рублёў, каб пазбегнуць высялення. Збор ахвяраванняў абвешчаны на сайце narodny.org.
Цягам апошніх сямі гадоў сядзіба БНФ знаходзіцца на вуліцы Чарнышэўскага, 3. Сюды партыйцы пераехалі пасля таго, як іх фактычна выціснулі са знакамітага будынку на Варвашэні. Тады дамову арэнды скасавалі падчас правядзення маштабнага збору грашовай і рэчавай дапамогі арыштаваным за падзеі Плошчы-2010.
Адрозна ад праўладных партый і грамадскіх арганізацый, апазіцыянеры не маюць ільготных ставак арэнды.
Сядзіба БНФ як незалежная пляцоўка існуе дзякуючы ахвяраваньням людзей. Дзясяткі арганізацый ладзяць тут культурніцкія, моладзевыя, дабрачынныя імпрэзы — канцэрты, творчыя сустрэчы, выставы, дыскусійныя клубы, прэс-канфэрэнцыі. У сядзібе адбываліся з’езды і сходы дэмакратычных рухаў рознай скіраванасці.
Без грашовай падтрымкі гэтае месца можа знікнуць, кажуць кіраўнікі Партыі БНФ.