Алег Дзьячкоў быў затрыманы 9 жніўня ў памяшканні раённага адзелу міліцыі, куды яго выклікалі для высвятлення факту “распаўсюду экстрэмістскіх матэрыялаў”. Напярэдадні, 8 жніўня, у яго дома адбыўся ператрус, забралі ноўтбук. Нагодай да пераследу сталася тое, што на асабістай старонцы Дзьячкова “Укантакце” былі выяўленыя перапосты інфармацыйнага рэсурсу аднаго вядомага польскага беларускамоўнага тэлеканалу. Самі матэрыялы былі змешчаныя ў сацсетках яшчэ задоўга да таго, як тэлеканал быў прызнаны экстрэмістскім, але гэты факт не перашкодзіў суддзе Вікторыі Паляковай прызнаць Алега вінаватым у парушэнні ч.2 артыкулу 19.11 КоАП РБ. На судзе, які адбываўся праз скайп, Алег Дзьячкоў сваёй віны не прызнаў.
Па выхадзе з ІЧУ Алег Дзьячкоў спраўдзіў ужо вядомю інфармацыю, што “палітычныя” адбываюць пакаранне ў адмысловых бесчалавечых умовах. Так, праз перапоўненасць камеры ён ночыў на падлозе пад ложкам, а іншым вязням даводзілася “дзяліць” верхні ярус ложка на дваіх. Людзям не выдавалі ніякай бялізны і матрасаў, не аддавалі цёплыя рэчы, што перадавалі родныя, хоць у камеры было вельмі халодна, з перадачаў перадавалі толькі прадукты. За ўсе 15 сутак небыло ніводнай прагулкі, як і ніводнага разу іх не адводзілі ў душ, акрамя гэтага, ні днём ні ўначы не адключалася яркае электрычнае асвятленне. Ужо амаль традыцыйна, адміністратыўна асуджаным лісты і паштоўкі ад сябраў і родных аддаюць толькі на выхадзе з ІВС, не дазвалялася карыстацца і бібліятэкай, якая ёсць у ізалятары.
Адзначым, што прыкладна з паўгады таму актывісты ТБМ сабралі і афіцыйна перадалі ад сваёй грамадскай арганізацыі у бібліятэку ІЧУ шмат беларускамоўных кніг, але гэта ніяк не паспрыяла просьбам Алега Дзьчкова, каб яму дазволілі тымі кнігамі скарыстацца.
Невялічкі каментар ад Алега для 6тв наконт прысуду: “Канешне, гэта неадэкватнае пакаранне. У міліцыі ёсць розныя метады ўплыву на людзей, напрыклад – прафілактычная размова. Можна было выклікаць, ці нават пазваніць, папярэдзіць, што гэта забароненая інфармацыя, што яе тэба выдаліць, я ж не вораг сабе і сваёй сям’і, зрабіў бы тое адразу. Але мяне выклікалі ў РАУС і ўляпілі 15 сутак. Яны ж “праваахоўныя” органы, і дзе ж тут якія правы ахоўваюцца, і мае і іншых грамадзян?..”
З “сутак” Алега сустрэлі блізкія сябры і родныя, у тым ліку і яго маленькі сын. У адрозненні ад некаторых ранейшых падобных выпадкаў, калі вызваленых сустракалі каля ІЧУ, яго не адвезлі ў “невядомым” накірунку, сустрэча прайшла без прыгодаў.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара