Галоўная » Пасля сямі сутак на волю выйшла загадчыца адделу драмтэатра Воля Семчанка

Пасля сямі сутак на волю выйшла загадчыца адделу драмтэатра Воля Семчанка

Воля працуе загадчыцай літаратурна-драматычнага аддзелу магілёўскага драмтэатру, у вольны час актыўна займаецца вывучэннем беларускага фальклору, пашырэннем трдыцыйнай нацыянальнай культуры – танцаў і спеваў. Побач з тэатрам яе і затрымалі ў пятніцу, 2 кастрычніка.
Як і шмат іншых магілёўцаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, Вольгу Семчанку прызналі вінаватай ва ўдзеле ў “несанкцыянаваным шэсьці” 23 жніўня. Паводле міліцэйскага пратаколу, яна парушала артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодексу – рухалася ў калоне людзей, якія выкрыквалі лозунгі, неслі апазіцыйную сімволіку, чым выказвалі нязгоду з вынікамі выбараў. Суд, які адбыўся ў панядзелак 5 кастрычніка, пакараў Волю адміністратыўным арыштам тэрмінам на 7 сутак.
 
Спачатку Волю сустракалі каля ІЧУ
Каля ізалятара часовага ўтрымння сустрэць Волю Семчанку пасля заканчэння “сутак” сабраліся яе сябры, калегі-тэатралы, паплечнікі па народных спевах і танцах. Але не абыйшлося без “прыгодаў”. Каб перашкодзіць людзям сустрэць Волю ды павіншаваць з вызваленнем, супрацоўнікі міліцыі правялі “спецаперацыю” – вывезлі дзяўчыну спачатку ў Ленінскі РАУС, а пасля “падвезлі” амаль да дому. Сябрам Волі давялося ладзіць сапраўдыя “квэсты”, каб здагадацца, куды яе завезлі, бо спачатку ў міліцыі не давалі ніякай інфармацыі. Больш за тое – калі ўдалося дакладна даведацца, што дзяўчына ў РАУСе, да яе так і не дапусцілі адваката, з якім была заключаная дамова.
А гэта ўжо каля Ленінскага РАУС 
Усёж Волю выпусцілі, але не з самога будынку міліцыі, а гэтак жа, амаль тайком, завезлі бліжэй да яе дому. Ад сваіх знаёмых Воля дазванілася сябрам, якія, разам з журналістамі, нарэшце з ёй сустрэліся. Пасля ўсіх прыгодаў Воля Семчанка наведала адваката, з якім абмеркавала ўсе далейшыя дзеянні. Адзначым, што ў міліцыі ёй уручылі новую позву – у нядзелю а 12-й гадзіне яе зноў чакаюць у РАУС для разгляду яшчэ аднаго “правапарушэння”…
 Больш падрабязнасцяў глядзіце ў нашым відэа.

a

Алесь Сабалеўскі. Фота і відэа аўтара.