Да клімавіцкага актывіста Аляксандра Балобіна завіталі супрацоўнікі міліцыі, каб паразмаўляць пра парнаграфію і экстрэмізм.
Як расказаў “Магілёўскаму рэгіёну” сам Аляксандр Балобін, 31 ліпеня, неўзабаве пасля абеду, яму патэлефанавалі з нявызначанага нумара і папрасілі выйсці на 3 хвіліны на двор для размовы. Невядомы голас прадставіўся як Віктар Леанідавіч Мінчанка, начальнік крымінальнага вышуку Клімавіцкага РАУС.
Па словах Балобіна, Мінчанку ён ведае асабіста, таму прыняў рашэння выйсці са сваёй кватэры ў Клімавічах. На двары яго сапраўды чакаў маёр Мінчанка і невядомы малады чалавек. Супрацоўнікаў праваахоўных органаў вельмі цікавіла, ці не А.Балобін піша на сценах у Клімавічах надпісы “3%” і “Уходи”, якія пачалі з’яўляцца ў многіх частках горада. Падставай для гутаркі стала тое, што, нібыта, хтосьці бачыў, як актывіст набываў балончык з фарбай у краме.
Як сцвярджае Балобін, да з’яўлення графіці ў Клімавічах ён не мае ніякага дачынення. Пра гэта ён і сказаў супрацоўнікам міліцыі, дадаўшы, што падтрымлівае меркаванне, што Лукашэнка сапраўды павінен сыйсці. Актывіст кажа, што пасля гэтага маёр Мінчанка змяніў тэму, і пачаў казаць пра тое, што Балобіну не трэба распаўсюджваць у інтэрнэце экстрэмісцкія матэрыялы і парнаграфію.
“Я быў вельмі здзіўлены, бо ў сацыяльных сетках “Аднакласнікі” і “В Контакте” я распаўсюджваў толькі заклікі прыйсці на выбары 9 жніўня і прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую, а таксама зрабіў рэпост анлайн-платформы “Голас”. Я пра гэта і сказаў супрацоўнікам міліцыі, падкрэсліўшы, што гэта маё права”, – распавёў А.Балобін карэспадэнту “Магілёўскага рэгіёну”.
Апытвалі супрацоўнікі міліцыі Балобіна дзесьці каля 20 хвілін.Ніякага пратакола апытання ці іншых дакументаў яны не склалі.
Аляксандр Балобін – вядомы клімавіцкі грамадскі актывіст. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ўваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачня, збіраў подпісы за яго вылучэнне ў Клімавічах і суседніх раёнах. 9 жніўня А.Балобін збіраецца зарэгістравацца назіральнікам ад кампаніі “Права выбару” на адным з выбарчых участкаў у Клімавіцкім раёне.
Багдан Іваноў