Запуск заводу «Омск-Карбон Магілёў» мае адбыцца ўжо сёлета ўвосень, а сістэму маніторынгу атмасфернага паветра побач з хімічнымі заводамі пад абласным цэнтрам уключаць толькі ў красавіку 2020 года. Апошнія навіны на тэму экалогіі ўчора абмеркавалі ў Магілёве падчас грамадскай дыскусіі.
«Грамадскасць павінная патрабаваць выканання экалагічнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, яно ў нас неяк непрыстойна казаць, не самае горшае, але адное з найлепшых у Еўропе, але, на жаль, не ўсе патрабаванні заканадаўства ў цяперашні час выконваюцца», – кажа эколаг Ганна Скрыган.
Падзяліцца з магілёўцамі сваім досведам адстойвання правоў прыехаў Аляксандр Кабанаў, актывіст ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу акумулятарных батарэяў «Айпаўэр» пад Берасцем.
«Паўтара года супрацьстаяння і станоўчы момант – завод не працуе, кіраўніцтва арыштаванае, сядзіць у СІЗА, і літаральна на днях атрымалі адмоўную экалагічную экспертызу і атрымалі не проста, а паводле тых звестак, паводле каторых мы заўсёды казалі», – кажа Кабанаў.
Жыхары вёскі Навасёлкі, побач з якой шэраг прадпрыемстваў Свабоднай эканамічнай зоны: «ВМГ-Індустры», «Кранаспан» і хутка запусціцца завод для вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск-Карбон Магілёў» – не надта вераць у перспектывы змагання:
«Сёння прыехалі маніторыць паветра. Што вы робіце? «Замер паветра бяром». Пачакайце. Вецер туды ідзе, а яны там стаяць! «А нам сказалі там станавіцца»».
«Ну якая там экалогія, гэта калі ў наш бок дзьме, то дыхаць немагчыма».
«Мяне мучаць сумневы, што будзе ўсё добра, мяне мучаць. Не толькі мяне, але і суседзяў, і жыхароў, вось заяўленая чысціня – 99,9 – гэта праблематычна».
«Чаму яны падаткаў не плоцяць, я ніяк не магу зразумець, 4 гады не будуць сплочваць падаткаў?».
24 ліпеня прайшоў прэс-тур на завод «Омск-Карбон Магілёў», куды «Белсат» не акрэдытавалі, а вось жыхарку вёскі Навасёлкі Таццяну Паўлоўскую – запрасілі.
«Ну, што я ўбачыла, я ўбачыла людзей, якія на сваім узроўні абараняюць гэты «Омск-Карбон», прафесійна, на абароне ў іх стаіць і санстанцыя, і экалогія, і прыродаахоўныя ўсе, усе стаяць на абароне «Омск-Карбону», і мы там апынуліся, як кажуць, ну, паслухайце, паглядзіце», – кажа Таццяна Паўлоўская.
Але абараняць свае правы на бяспечны асяродак варта. Дзякуючы зваротам грамадскасці аб будаўніцтве «Омск Карбон Магілёў» улады ўжо пайшлі на пэўныя крокі. Эколаг Ганна Скрыган зазначае, што санстанцыі ў межах Міністэрства аховы здароўя былі вымушаныя знайсці методыку, унесці яе ў рэестр для вызначэння ўздзеяння новага рэчыва – тэхнічнага вугляроду – на стан здароўя.
«Мы маем дакумент аб тым, што магутнасці ўсё ж такі не будуць павялічвацца, спадзяемся, што ўлады стрымаюць сваё слова, якое яны далі на паперы», – нагадвае грамадская актывістка Таццяна Сівачэнка.
Цяпер галоўнае патрабаванне грамадскасці – не будаваць новых прадпрыемстваў у Свабоднай эканамічнай зоне пад Магілёвам. А маніторынг ужо пабудаваных – зрабіць адкрытым і галосным.
Вольга Васільева, “Белсат”