На фоне палітычнага крызісу ў краіне наступіў час вельмі высокай актыўнасці людзей, якія гатовы адстойваць свае правы і свабоды. Гэта датычыцца ў пэўнай ступені таксама сярэдніх і малых беларускіх гарадоў.
У Крычаве, між іншым, на адным з першых паслявыбарчых мітынгаў выйшла да тысячы чалавек на вуліцы ў знак пратэсту супраць гвалту і масавай фальсіфікацыі выбараў. І гэта надзвычай важна і пазітыўна, бо ў 26-тысячным горадзе такой актыўнасці даўно ўжо не было. На вялікі жаль для мясцовай улады актыўны чалавек са сваёй пазіцыяй лічыцца вельмі небяспечным. Тым больш, што мясцовая грамадскасць з дапамогай грамадскага актывіста і рэдактара незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага сфармавала рэзалюцыю «Сходу жыхароў Крычава», у якой патрабавалася «неадкладная адстаўка Лукашэнкі», вызваленне палітвязняў, арышт кіраўніцтва сілавых структураў, вінаватых у гвалце супраць мірных дэманстрантаў, і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама прызнанне Ціханоўскай прэзыдэнткай. Актывіста АГП Сяргея Няроўнага і прафсаюзу работнікаў РЭП Юрыя Шувалава прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і вынеслі пракурорскае папярэджанне. Мясцовая ўлада такім чынам вырашыла спыніць мірныя пратэсты, паўплываўшы на найбольш актыўных людзей сярод мітынгоўцаў. Панічны страх улады і персанальна старшыні райвыканкама Седукова Андрэя Мікалаевіча перад народам прымусіў прыдумаць ініцыятыву, каб адцягнуць увагу ад актуальных падзей у краіне і горадзе. У газеце “Кричевская жизнь” ад 29 жніўня за нумарам № 67 з’явілася інфармацыя пра ініцыятыву перанесці помнік Леніна мясцовай уладай. Адна з прапаноў па пераносу помніка – парк Перамогі ў т.зв. “Мікрагарадок” (м-н “Сож” і м-н “Камсамольскі”). На сайце Крычаўскага райвыканкама таксама размяшчаецца гэтая аб’ява пад назвай “Приглашаем к обсуждению”:
Уважаемые жители города Кричева!
Мы обращаемся ко всем гражданам неравнодушным к изменению облика нашего города.
В связи с планируемым проведением благоустройства территории, прилегающей к районному Центру культуры, Кричевский районный исполнительный комитет проводит опрос общественного мнения по переносу памятника В.И.Ленину к возможному месту его установки.
Предлагаемое место для установки – парк Победы (между памятным знаком «Самолет» и Курганом Славы).
Опрос проводится с 29 августа по 29 сентября 2020 г.
Предложения направлять по электронной почте kiidea@tut.by или сообщать в отдел архитектуры и строительства райисполкома по телефонам 26-647, 26-627, в отдел идеологической работы и по делам молодежи райисполкома по телефонам 26-375, 26-378.
Нам важно ваше мнение.
Пасля прачытання дадзенай аб’явы паўстаюць адразу пытанні: 1) Ці з’яўляецца гэта надта актуальным у цяперашніх умовах палітычнага крызісу? 2) Ці актуальна менавіта гэта месца?
Трэба трошку абазначыць гісторыю помніка Леніна, які знаходзіцца на аднайменнай плошчы ў цэнтры старадаўняй часткі горада, якая магчыма ў свой час называлася Рынкавай. Помнік Леніну недалёка ад Цэнтра культуры быў пастаўлены ў 1960 годзе. Наогул у Крычаве дагэтуль стаяць чатыры помнікі “важдзю пралетарыята” і ўсе яны знаходзяцца ў парках і на плошчах розных частак горада. Хаця на працягу пасляваеннай гісторыі горада помнікаў Леніну ўсталёўвалася цэлых шэсць. Абсалютна не жартую, калі скажу, што ў некаторых гараджанаў старэйшага пакалення (і не толькі!) вялікі помнік Леніну на плошчы ў старой частцы горада асацыюецца з яго вобразам і гісторыяй. Помнік галоўнаму камуністу — гэта таксама гісторыя, але цэнтральныя пляцы мусяць займаць больш годныя і важныя асобы горада і краіны. З сумам і жалем вымушаны канстатаваць – гісторыя горада забыта, неактуалізавана і наогул ігнаруецца мясцовымі ўладамі.
Але самае парадаксальнае ў помніку Леніну яго размяшчэнне. У сувязі з гэтым хацелася б прыгадаць словы майго аднагрупніка па ўніверсітэцкай лаве, якому калісьці паказваў славутасці сваёй малой радзімы. Паглядзеўшы на гарадскі краявід, што змешчаны ніжэй на фотаздымку, ён сказаў: “Хм, Ленін, які ідзе ў царкву!”.
І сапраўды атрымоўваецца нейкі дысананс – Ленін насупраць царквы. Такі гарадскі краявід раўназначны супрацьпастаўленню “атэізм – рэлігійнасць” альбо захаванне старой спадчыны – імкненне будавання новага света шляхам знішчэння тысячагадовых традыцый (палітычных, эканамічных, культурных, рэлігійных). Цэнтральны пляц горада яскрава адлюстроўвае прыведзеныя пары супрацьпастаўленых паняццяў, а таксама ментальнасць і псіхалогію тутэйшых гараджанаў.
У горадзе пасля развалу СССР праходзілі агульнарэспубліканскія працэсы — адбылося невялічкае рэлігійнае адраджэнне. Насупраць Леніна была адноўлена Ўваскрасенская царква, з’явіўся каталіцкі прыход разам з некалькімі пратэстанскімі цэрквамі. А вось мясцовы ваенкамат так і стаіць на месцы знішчанага бальшавікамі ў 1930-х гг. касцёла. Прычым падворак ваенкамата, як мяркуюць мясцовыя краязнаўцы, з’яўляўся могілкамі, дзе хавалі мясцовых ксяндзоў.
Парадкі, якія існуюць у крычаўскім грамадстве, не так далёка адыйшлі ад савецкіх: рэпрэсіўныя метады кіравання яшчэ пануюць як у старшыні райвыканкама і яго намесніка, так і дырэктароў розных прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. І помнік галоўнаму камуністу якраз ілюстрацыя крыху абноўленых савецкіх парадкаў у горадзе і наогул у краіне.
Зразумела што прыбраць “таварыша”, на рэстаўрацыю якога ідзе кожны год пэўная сума грошай трэба было ўжо даўно, каб не траціць раённыя фінансы, якія можна выкарыстоўваць больш рацыянальна і па справе. Больш за тое, помнік не актуальны ў гістарычным плане для горада і састарэў ідэалагічна. Упэўнены, што моладзь не надта звяртае ўвагі на манумент. Тым больш сённяшнія школьнікі са здзіўленнем чуюць пра нейкага “дзедушку Леніна”, які ім абсалютна незнаёмы і абыякавы, як і ўся савецкая мінуўшчына. Мне здаецца, што яго наогул не варта дзе-небудзь усталёўваць, а хутчэй за ўсё захаваць у якасці прыкладу аб’екта манументальнага мастацтва мінулай эпохі (які будзе знаходзіццв ў фондах якога-небудзь Дома культуры) ці ў якасці музейнага экспаната. Разумею, што ўлада хоча сканструяваць чарговы міф і спалучыць савецкі помнік з паркам Перамогі і такім чынам праслаўляць стагоддзе савецкага мінулага горада і краіны, а таксама сеняшнюю Беларусь як пераемніцу савецкіх традыцый. Аднак прысутнасць помніка ў парку толькі чарговы раз пакажа прыклад негатоўнасці чыноўніцкага апарату змяняцца і глядзець праўдзе ў вочы. Тым больш хіба недастаткова тых помнікаў і мемарыялаў, якія знаходзяцца ў парку Перамогі? Іх у прыгожай гарадской зялёнай зоне цэлых чатыры: курган Славы, алея Славы, помнік воінам-інтэрнацыяналістам, помнік-самалёт з мемарыяльнай дошкай, прысвечанай подзвігу (1964 г.) лётчыка, капітана Дашкіна Віктара. Побач з паркам размешчаны яшчэ і стадыён “Сож-2002”, а таксама басейн. На тэрыторыі парка знаходзіцца і танпляцоўка, якая, аднак, цяпер ніякім чынам не выкарыстоўваецца мясцовай уладай, нягледзячы на тое, што моладзь там так бы мовіць “тусуецца”. Ці не здаецца, што ўсталяванне помніка Леніну ў парку Перамогі будзе памылкай, бо парк ператворыцца ў музей савейкай эпохі?
З іншага боку важна адзначыць, што цяпер гэта негалоўная праблема і гэтая ініцыятыва, якая заклікае ўсіх актыўных грамадзянаў узяць чынны ўдзел у абмеркаванні, зъящляецца другаснай. Гэта хутчэй за ўсё спроба адцягнуць увагу ад галоўнага пытання – справядлівых выбараў, адстаўкі нелегітымнага прэзідэнта і бяздарных чыноўнікаў з адсютнасцю банальнай чалавечай маралі. Менавіта гэтыя патрабаванні былі высунуты грамадскасцю Крычава, якия не гатовы слухаць цяперашні старшыня райвыканкама – “таварыш” Седукоў. Так што, спадарства, не вядземся на загаворванні зубоў, а ўпэўнена стаім на пазіцыях вырашэння найважнейшых пытанняў у нашым грамадстве! Упэўнены, што да канкрэтных дзеянняў мясцовая дзейсная ўлада не дойдзе, а гэтыя заявы акажуцца проста пустымі словамі. Нагадаю, што восенню 2019 г. ужо быў прэцэдэнт, калі помнік Леніну ў дзіцячым парку ў Крычава планалаві дэмантаваць і рэканструяваць. Паралельна ў лістападзе 2019 г. у былым доме піянераў адчыніць цэнтр “Экаэнэргетыка” і пасля абнаўлення помніка, паставіць разам з новай установай. Аднак нічога зроблена не было дагэтуль, нягледзячы на тое, што гэтую ініцыятыву піярыла мясцовая “раёнка”.
Пащтаруся, што праблема пераносу помніка Леніна цяпер не так востра стаіць, ды й яго не варта ставіць ў парках ці цэнтральных плошчах. Яго перанос здзейсніць будзе вельмі лёгка і хутка, бо ён не ўключаны нават ў мясцовы спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Гэты манументальны помнік цудоўны экспанат, які ілюструе памылковы шлях грамадства, непростыя часы нашай краіны да шляху стварэння паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы – незалежнай Рэспублікі Беларусь!
Алесь Крыжэвіч