Галоўная » Перэпітыі аграрнага патэнцыялу Беларусі

Перэпітыі аграрнага патэнцыялу Беларусі

Катэгорыя “аграрны патэнцыял” выкарыстоўваецца не так ужо і часта і тычыцца, як правіла, адлюстравання вытворчых магчымасцяў гаспадарчых суб’ектаў аграрнай сферы.  Аграрны патэнцыял утвараюць землі сельскагаспадарчага прызначэння, вытворчыя фонды і працоўныя рэсурсы. Пры гэтым, аграрны патэнцыял на самой справе ёсць вынік аптымальнага выкарыстання рэсурсаў, якія павінны быць уцягнуты ў працэс вытворчасці адпаведнасці з тэхналагічным рэгламентам.

 

Некаторыя асаблівасці сельскай гаспадаркі

 

Сельская гаспадарка з’яўляецца ўнікальнай галіной народна-гаспадарчага комплексу краіны, дзейнасць якой базуецца на прадуктыўнай частцы паверхні зямлі і якая вырабляе прадукты харчавання для людзей і сыравіну для прамысловасці.

 

Таксама ўнікальнасць сельскай гаспадаркі ў атрыманні выніку ў залежнасці ад стварэння аптымальных умоў росту і развіцця сельскагаспадарчых раслінаў і жывёлаў на малекулярным і нават на атамарным узроўні. Зыходзячы с гэтага, можна сцвярджаць, што ўсе тэхналогіі вытворчасці расліннай і жывёльнай прадукцыі з’яўляюцца нанатэхналогіямі і патрабуюць глыбокага навуковага падыходу ў іх распрацоўцы і рэалізацыі.

 

У сельскай гаспадарцы форму гаспадарання прадвызначае не толькі ўласнасць, але і прыродныя ўмовы вытворчасці. Пры гэтым прыродна-кліматычныя асаблівасці звязаны з арыентаваннем сельскай гаспадаркі на вытворчасць абмежаванага набору сельскагаспадарчых культур, што і ляжыць у аснове фармавання спецыфікі арганізацыйных структур вытворчасці. Пры гэтым выніковасць сельскай гаспадаркі ў многім вызначаецца формамі гаспадарання на зямлі, а ўладальнік-прадпрымальнік з’яўляецца спецыфічным рэсурсам грамадства.

 

Асноўным і надта спецыфічным фактарам вытворчасці выступае зямля.Таму цэнтральным звяном аграрных адносінаў выступаюць землеўладанне і землекарыстанне ёй.

 

Прыкладна 20% прадукцыі (а то і больш) не выходзіць са сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, а спажываецца ў ёй.

 

Для сельскай гаспадаркі характэрным з’яўляецца сезоннасць вытворчасці прадукцыі.

 

Эканамічныя крызісы ў аграрным сектары, хаця і маюць зацяжны характар, не так глыбокія і катастрафічныя, як у прамысловай і фінансавай сферах. Таму сельскагаспадарчая галіна з’яўляецца стабілізацыйным фактарам іншых сфер эканомікі: тут прасцей і надзейней весці акумуляцыю сродкаў для наступнага ажыўлення прамысловасці, перапрацоўкі і будаўніцтва. У той жа час назіраецца неэквівалентнасць міжгаліновага абмену, што ставіць сельскую гаспадарку ў заведама нявыгадныя ўмовы гаспадарання.

 

На ўмовы ўзнаўлення ў сельскай гаспадарцы асабліва неспрыяльна ўплывае адноснае зніжэнне даходаў вытворчай сяльгаспрадукцыі ў параўнанні з даходамі вытворцаў у іншых галінах эканомікі. Прычыны: высокія тэмпы вытворчасці працы ў сельскай гаспадарцы, якія дазваляюць з лішакам забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасць сыравінай; схільнасць людзей траціць прырост дахода на прамысловыя тавары; нізкая мабільнасць працоўных рэсурсаў. З другога боку, на рынку сельскагаспадарчай прадукцыі заўсёды захоўваецца высокі ўзровень канкурэнтнасці. Характэрная асаблівасць: наяўнасць коштавай неэластычнасці, паколькі прадукты харчавання з’яўляюцца фізіялагічнай патрэбай чалавека, попыт на іх слаба рэагуе на змену коштаў у той ці іншы бок.

 

Гадавыя хістанні коштаў і адноснае зніжэнне даходаў сяльгасвытворцаў патрабуюць абароны іх даходаў – у гэтым неабходнасць і карысць дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі, якая пры гэтым застаецца найбольш зарэгуляванай галіной ва ўсім свеце.

 

 Асаблівасці сельскай гаспадаркі Беларусі

 

Сельская гаспадарка Беларусі знаходзіцца ў бальшасці сваёй у дзяржаўнай уласнасці, тым не менш гарантавана забяспечвае Харчовую бяспеку, пастаўляючы на гандлёвыя прылаўкі да 80% прадуктаў харчавання. У такім жа аб’ёме здзяйсняе пастаўкі сыравіны пераапрацоўчай прамысловасці.

 

Сельская гаспадарка Беларусі з’яўляецца буйным донарам для іншых галінаў эканомікі з-за дыспарытэту (нераўнавагі) коштаў на сваю прадукцыю і прадукцыю прамысловасці. Болей таго, адно працоўнае месца ў сельскай гаспадарцы забяспечвае працай шэсць рабочых месцаў у іншых галінах.

 

Агульнаэканамічныя параметры развіцця аграпрамысловага комплексу (АПК) не адлюстроўваюць глыбіні крызісных з’яў, абумоўленых дзяржаўнай палітыкай у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, канцэнтрацыя вытворчасці ў аграгарадках маштабна прывяла да праблемы “неперспектыўных” вёсак і фактычна прадвырашыла іх лёс – у хуткім будучым такія вёскі знікнуць з мапы Беларусі.

 

Узровень дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі ў некаторыя гады дасягаў 16% ВУП (62% ад кошту валавай прадукцыі) пры ўдзельнай вазе прадукцыі сельскай гаспадаркі ў ВУП у 6%.

 

Нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка рэгулюецца ўладамі ў большай ступені, чым іншыя галіны эканомікі, у краіне адсутнічае эфектыўная палітыка кіравання міжгаліновымі прапорцыямі. Запазычанасць сельскай гаспадаркі ўжо перавышае магчымую выручку ад рэалізацыі (па выніках 2019 г. каэфіцыент суадносін крэдыторскай запазычанасці да выручкі ад рэалізацыі склаў 1,09), што робіць праблему вяртання даўгоў невырашальнай. Асноўнай прычынай становішча ў мінулым годзе з’явілася прыцягненне дадатковых крэдытаў у сувязі з недахопам уласных абаротных сродкаў. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць па гадах у 6-7 разоў перавышае дэбіторскую, а ў некаторых раёнах гэты паказчых дасягае меткі ў 40 разоў – галіна ў цэлым з’яўляецца банкрутам.

 

Болей за 60% сельскагаспадарчых арганізацый у Беларусі рэальна з’яўляюцца стратнымі, а палова з іх – банкрутамі. Курс дзяржавы на развіццё толькі буйнатаварнай вытворчасці не зусім эфектыўны – зараз у краіне няма ніводнага сельскагаспадарчага прадпрыемства, якое працуе на прынцыпах самафінансавання. Ды і адкуль яны будуць, калі рэнтабельнасць продажаў па выніках 2019 г. у сельскай гаспадарцы склала 4,6% – нізкі паказчык абумоўлены складаным фінансавым становішчам арганізацый аграрнай галіны. Круг, як гаворыцца, замкнуўся. У той жа час няма і верагоднай інфармацыі аб дакладнай суме ільгот для гаспадарак і аб эканамічнай эфектыўнасці іх прымянення.

 

Нераўнамернасць і несвоечасовасць паступлення сродкаў і палітыка адначасовага павышэння коштаў на рэсурсы для сельскай гаспадаркі значна зніжаюць рэальны аб’ём паступаючых ад дзяржавы датацый. Пры гэтым да 48% гэтых сродкаў ідзе на пагашэнне працэнтаў за карыстанне крэдытамі.

 

У бальшыні сельскагаспадарчых раёнаў назіраецца дэградацыя зямель сельскагаспадарчага прызначэння, высокі ўзровень фізічнага і маральнага зносу асноўных фондаў, зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў.

 

Штогадовыя невытворчыя страты (паморак жывёлы, нізкая якасць прадукцыі, перарасход кармоў, нізкая аддача матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў) складае фантастычную суму – 5 млрд. даляраў ЗША. Ад недастатковай і несвоечасовай барацьбы з пустазеллем губіцца да 30% ураджаю; пры уборцы – да 4 ц/га зерня; на вытворчасць 1 кг мяса ў Беларусі траціцца ў 8-10 разоў больш электраэнергіі, чым у развітых краінах, а вытворчасць аднолькавай колькасці малака і ялавічыны патрабует значна большай колькасці кармоў.

 

Асновай роста сельскагаспадарчай вытворчасці ў краіне з’яўляецца пераразмяркаванне нацыянальнага прадукта ў аграрны сектар, а не структурныя і інстытуцыянальныя пераўтварэнні. Практыка сезоннай канфіскацыі (інакш і не назваць) сродкаў у прамысловых прадпрыемстваў і прыватных структураў на карысць аграрыяў вядзе да дысбалансу галінаў народнай гаспадаркі, не вырашае кардынальна праблем сельскай гаспадаркі і не ліквідуе коштавы дыспарытэт. Больш за тое, рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы не аказвае стабілізуючага ўздзеяння на фінансавае становішча буйнатаварных вытворцаў.

 

І хаця вялікая частка прадукцыі купляецца дзяржавай праз дзяржзаказ па фіксаваных коштах, іншыя каналы рэалізацыі прадукцыі недастаткова прадуманыя і не зусім эфектыўныя. Аб’ёмы экспарта, у цэлым па сельскай гаспадарцы, амаль супадаюць з расходамі на імпарт. Больш за тое, нарошчванне экспарта вядзе да павялічэння страт у сельскай гаспадарцы.

 

Галоўная праблема сельскай гаспадаркі Беларусі ў нястачы фінансавых сродкаў для вядзення нават простага ўзнаўлення. Як вынік, 30% гаспадарак не мае сучаснай тэхнікі.

 

Прычына ж нізкай эфектыўнасці гаспадарання на зямлі ў дэградацыі асобы і адсутнасці матывацыі да высокапрадукцыйнай працы, магчымасці самарэалізацыі селяніна.

 

Асноўны тормаз для развіцця сельскай гаспадаркі – дзеючая форма ўласнасці. Сёння ў рэспубліцы няма эфектыўнага ўласніка (95% зямлі сельскагаспадарчага прызначэння належыць дзяржаве, адсутнічае зямельны рынак), які мог бы ў масавым парадку кіраваць галіной. Пры гэтым трэба заўважыць, што фермерскія гаспадаркі маюць рэнтабельнасць на 40% вышэй, чым дзяржаўныя сяльгаспрадпрыемствы. І гэта пры тым, што ў Беларусі адсутнічаюць роўныя ўмовы для ўсіх арганізацыйна-прававых формаў гаспадарання на вёсцы, хаця па многіх відах прадукцыі фермеры і асабістыя падворкі вызначаюць накірункі вытворчасці (воўна, бульба, гародніна). У той жа час, фермерскія гаспадаркі амаль у два разы меней атрымліваюць фінансавай дапамогі ад дзяржавы, што не дазваляе ў поўнай меры канкураваць з дзяржсектарам. Але ж і фарсіраванне дзяржавай развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці толькі за кошт інвестыцый, але без стварэння новых бізнес-структур, стварае перадумовы для росту беспрацоўя, што насамрэч і адбываецца на вёсцы. Ці не таму на фоне росту паказчыкаў асобных гаспадарак у цэлым па краіне нарастае міграцыйны паток сельскага насельніцтва, працягваецца адток высокакваліфікаваных кадраў з сяла. Рэальным вынікам праграмы будаўніцтва аграгарадкоў у многіх раёнах аказваецца не рост эфектыўнасці гаспадарання, а пераразмеркаванне па рэспубліцы “сацыяльных няўдачнікаў”. Больш за тое, аграгарадкі садзейнічаюць працэсу “пралетарызацыі” сялянства, калі мясцовыя жыхары з вытворцаў пераходзяць у разрад спажыўцоў прадуктаў харчавання.

 

Важнай праблемай сельскай гаспадаркі з’яўляецца састарэлая матэрыяльна-тэхнічная база, але зарэгуляванасць аграрных адносінаў не дазваляе ў поўнай меры далучыць аграрны сектар да міжнароднага абмену інавацыйнымі тэхналогіямі. Нізкай застаецца інвестыцыйная прывабнасць беларускай сельскай гаспадаркі з-за павольнай абарачальнасці капіталу, працягласці цыкла ўзнаўлення, рызыкі (у тым ліку палітычнай) і непрадказальнасці прыродных фактараў. Урад не дапускае ў дзяржсектар прыватных інвестараў, таму Беларусь не ўваходзіць ў групу тых краін, супрацоўніцтва з якімі заходнія інвестары лічаць прыярытэтным.

 

Сучасная беларуская сельская гаспадарка экспартна арыентавана на Расію, але стратэгічна важна арыентацыя на рынак ЕС. Не абавязкова пры гэтым губляць яго частку ва ўсходнім напрамку, але ў Еўропе можна знайсці тое, чаго няма на пастсавецкай прасторы – сучасныя тэхналогіі і мэнеджмент, якія дазваляюць развіваць цэлы шэраг неэфектыўна працуючых сфер. Яшчэ нядаўна на сайце урада была размешчана інфармацыя аб дапамозе зацікаўленым грамадзянам і арганізацыям у вырашэнні праблем аграпрамысловага комплексу Беларусі. І гэта пры наяўнасці профільнага міністэрства, выканаўчай “вертыкалі”, сеткі аграрных ВНУ, шматлікай арміі чыноўнікаў райсяльгасхарчу. Дзяржава не бачыць выхаду са становішча, але на наш погляд, заблукала ў трох сасонках.

 

Недаацэненыя фактары сяльгасвытворчасці

 

Чалавек ёсць і заўсёды будзе ключавой фігурай эканамічнага развіцця. У працэсе эканамічнай дзейнасці кожны з нас можа выступаць у якасці вытворцы, спажыўца і ўпраўленца. Але галоўнай з’яўляецца вытворчасць, у якой адносіны паміж людзьмі звязаны са стварэннем матэрыяльных даброт для забеспячэння і падтрымкі працэсу жыццядзейнасці, атрымання сродкаў існавання і неабходных жыццёвых выгад. Такім чынам ствараюцца ўмовы для задавальнення патрэбаў кожнага чалавека і чалавецтва ў цэлым. І тут мы бачым важнейшую праблему ўзаемадзеяння чалавека і эканомікі – праблему матывацыі працы. Праз гэтыя адносіны праходзіць высвятленне асноўных стымулаў, якія заахвочваюць і рухаюць чалавека звяртацца да працоўнай дзейнасці ва ўсіх яе разуменнях. Гістарычна склаліся два віды стымуляцый: пакаранне дзеючай уладай за адмову ад працоўнай дзейнасці і эканамічнае прымушэнне, заснаванае на асабістым матэрыяльным інтарэсе, які можа праяўляцца толькі пры наяўнасці эканамічнай свабоды.

 

У гэтым выпадку чалавек становіцца галоўны творчым суб’ектам эканомікі, бо ён валодае свабодай выбару і прымае эканамічна рацыянальныя і аптымальныя рашэнні з улікам усіх верагодных магчымасцяў і ўмоў, у адпаведнасці са сваімі асабістымі патрэбамі, мэтамі і прыярытэтам. Ці не таму сярод элементаў развіцця чалавецтва асобна вычляняюць людзкія рэсурсы, а інвестыцыі ў чалавечы фактар і ёсць ключ для гэтага развіцця.

 

Сярод фактараў развіцця сталае месца займаюць прыродныя рэсурсы, без якіх немагчыма ўявіць сучасную вытворчасць тавараў і паслуг, у тым ліку і ў Беларусі. Наша краіна багата на лясы, ваду і калійныя солі, мае выгаднае геаграфічнае становішча. Але ж галоўнае багацце з прыродных рэсурсаў –  гэта зямля сельскагаспадарчага прызначэння. Беларуская зямля можа стаць галоўным стымулам для інвестыцый у асноўныя фонды і тэхналогіі, якія павышаюць прадукцыйнасць працы і ўрадлівасць глебы. Справа ў сістэме землеўладання і гарантыях, якія зараз выкарыстоўваюцца ў Беларусі. Фактычная адсутнасць замежных інвестыцый у нашу сельскую гаспадарку – важкі аргумент непрадукцыйнасці аграрных адносінаў у параўнанні з развітымі краінамі.

 

Фінансавая незаможнасць беларускай дзяржавы бракуе паўнацэннае капіталаўтварэнне. З другога боку, адмаўленне групай дзяржаўных кіраўнікоў перспектывы масавай прыватызацыі ворнай зямлі ў Беларусі стрымлівае развіццё краіны і, асабіста, сельскай гаспадаркі. У той час, калі ў яе эканоміку можна прыцягнуць буйны замежны капітал у розным выглядзе і стварыць умовы для развіцця сучаснай гаспадаркі, мы атрымліваем на дзяржаўным узроўні непрыймальную пазіцыю для змянення сучаснага становішча.

 

Але ж гэта вядзе і да абмежавання ў выкарыстанні сучасных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы развітых краін. А з гэтым і звужаны сусветны рынак сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання для беларускіх суб’ектаў гаспадарання.

 

Галоўнае звяно аграрных адносінаў

 

Аб’ектыўныя заканамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця аграрнага патэнцыялу выяўляюцца праз узаемаадносіны трох базавых асноў грамадскага прагрэсу: чалавек – уласнасць – дзяржава. Галоўнай дзеючай асобай гаспадарчай практыкі, натуральна, з’яўляецца чалавек. Менавіта практыка эвалюцыйнага развіцця, у якім усебакова рэалізуецца галоўны рухавік вытворчасці і грамадскага прагрэсу наогул – асабістая, перш за ўсё матэрыяльная, цікавасць чалавека.

 

Сусветныя гаспадарчыя працэсы паказваюць, што натуральнае і недатыкальнае права ў любых формах (індывідуальная, калектыўная, у гаспадарскіх таварыствах) уласнасці па свабодным выбары чалавека павінна ляжаць у аснове рэгулюючай дзейнасці дзяржавы.

 

Аб’ектыўныя заканамернасці дасягнення рацыянальнага вядзення сельскай гаспадаркі адлюстроўваюцца не толькі праз агульныя элементы сістэмы навукова-практычнага падыходу: маёмасныя адносіны, рынкавая сістэма, коштаўтварэнне, заканамернасці эканамічнага роста і г.д. Але ж і праз спецыфічныя, якія ляжаць у аснове аграрных адносінаў: зямельная ўласнасць, зямельная рэнта, формы вядзення гаспадаркі, перавага буйной і устойлівасць мелкай вытворчасці, сельскагаспадарчыя крызісы і аграрны пратэкцыянізм. Спецыфіка аграрнай сферы таксама ў пытаннях коштаў і падаткаабкладання. Але ў земляробчай практыцы нязменным быў і застаецца прыярытэт адносінаў уласнасці, у першую чаргу, зямельнай. Як вырашаюцца пытанні ўласнасці ў сельскай гаспадарцы, так функцыянуе ўся сістэма аграрных адносінаў. Ці селянін, працаўнік зямлі, задзейнічаны ў грамадскай мадэлі, дзе ён свабодна выбірае форму гаспадаркі, атрымліваючы неабходнае для гэтага садзейнічанне з боку дзяржавы, ці, наадварот, дзяржава, зыходзячы з заяўленых нібыта “прагрэсіўных”, на самой справе абстрактных, надуманых ідэалагічных фантазій прымусова навязвае заведама далёкую сельскаму працаўніку форму жыццядзейнасці. Рэальна працаўніка ўціскваюць у мадэль, дзе зневажаюцца грамадзянскія і эканамічныя свабоды, натуральныя жыццёвыя арыентацыі і агульначалавечыя каштоўнасці.

 

Абазначаная сітуацыя характэрна для сельскагаспадарчай галіны нашай краіны. У большасці працаўнікі сучаснай Беларусі пазбаўлены ўласнасці ці задавальняюцца агульнай, абмежаванай уласнасцю, што пазбаўляе стымулаў для творчай працы. Вынікі дзейнасці аграрнага сектара Беларусі, якія вагаюцца каля нейкага ўсярэдненага ўзроўня вытворчасці, таму пацвярджэнне.

 

Прыватная ж уласнасць, наадварот, стварае жыццёвую трываласць, забяспечвае эфектыўнае функцыяванне сістэмы вытворчых адносінаў, усіх элементаў і рычагоў гаспадарчага механізму. Пры гэтым фармаванне эфектыўных прыватнікаў у сельскай гаспадарцы з’яўляецца заканамерным следствам, абумоўленым натуральным імкненнем прадпрымальных, энергічных людзей мець “сваё” асабістае, прыватнае ўладанне зямлёй, іншымі сродкамі вытворчасці. Такім чынам, характар усіх стымулаў працоўнай дзейнасці “на вёсцы” залежыць ад дзеючай сістэмы правоў на рэсурсы і вынікі працы, а эфектыўнае эканамічнае стымуляванне працы немагчыма без права прыватнай уласнасці, якая і з’яўляецца асновай эканамічнай свабоды.

 

Аб’ектыўнасць праблем харчавання

 

Харчовая праблема мае сусветнае значэнне, бо яна ніколі не будзе вырашана ў поўным аб’ёме. На гэты час кожны дзясяты з пражываючых на Зямлі пакутвае ад недаядання, а кожны пяты – ад голаду. Кожны год на планеце гінуць ад голаду і звязаных з ім хваробамі каля 10 млн. чалавек. Не змянілася сітуацыя і ў 2020 г. – за 9 месяцаў ад голаду ў свеце памерла 7 млн. чалавек. Справа ў тым, што рост сусветнай вытворчасці харчавання ўсё больш адстае ад патрэбы ў ім, а кошты на яго застаюцца высокімі. Вытокі гэтага становішча ў хуткім павелічэнні насельніцтва, вычэрпванні прыродных рэсурсаў, неспрыяльных зменах клімата, распаўсюдзе хвароб пандэмічнага характару для сельскагаспадарчых жывёлаў і птушак (“кароўе вар’яцтва”, “птушыны грып”). Больш за тое, шырокае выкарыстанне мінеральных угнаенняў, ядахімікатаў і ГМ-дабавак робіць сыравіну для вырабу харчавання небяспечнай для здароўя. Але ж і сусветная вытворчасць харчавання паступова дасягае сваіх гранічных магчымасцяў. Пры тым, што вытворчасць танных прадуктаў для збяднелага насельніцтва апрыоры не мае перспектывы, заўсёды на планеце па розных прычынах знойдуцца тэрыторыі напаўгалодных людзей.

 

Можна зрабіць выснову, што харчаванне пераўтвараецца ў адзін са стратэгічных рэсурсаў, валоданне якім будзе граць усё большую ролю ў геапалітыцы, не менш, чым зараз граюць вуглевадароды. Таму пацвярджэннем факт прысуджэння Нобелеўскай прэміі свету за 2020 г. Сусветнай харчовай праграме. Прэмія прысуджана за “высілкі ў барацьбе з голадам, за ўнёсак у дасягненне міра ў зонах канфліктаў і за дзейнасць у якасці вядучай сілы ў дзеяннях па пераадоленні выкарыстання голадц як зброі вайны і канфліктаў”. Нобелеўскі камітэт намагаецца звярнуць увагу на мільёны людзей, якія пакутуюць ад голаду ці сутыкаюцца з яго пагрозай.

 

У гэтым кантэксце трэба прызнаць, што аграрная палітыка ёсць вынік дзейнасці у першую чаргу дзяржавы і сістэмы генерыруемых ёй эканамічных і грамадска-прававых інстытутаў па фармаванні сукупных умоў жыцця сельскага насельніцтва. І яшчэ вельмі важны пасыл грамадству: у адрозненне ад іншых галінаў эканомікі харчовае забеспячэнне ў маштабах макраэканамічных сістэм не мае самарэгулюючага характару і без удзелу, зноў-такі, дзяржавы не можа быць забяспечана.

 

Таксама прынцыпова важнае значэнне ў выпрацоўцы аграрнай палітыкі мае спецыфіка регіёнаў, як вынік рассялення і размяшчэння вытворчых сіл. І гэта праблемная сітуацыя характэрна і сярод развітых краін. Нават у Еўрасаюзе, які праводзіць скрупулёзна вывераную аграрную палітыку ў дачыненні да “сваіх” краін, не дасягнулі максімальна эфектыўнай рэалізацыі іх патэнцыялу і пераваг. Да гэтага часу прыбалтыйскія республікі (Латвія, Літва, Эстонія), Польшча і іншыя не дабіліся высокай ступені аднароднасці сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый, у тым ліку ў сельскагаспадарчай сферы. Немалыя выдаткі на падтрыманне аграрнага сектара ў развітых краінах гавораць аб частковасці вырашэння праблемы стварэння высокаэфектыўнай канкурэнтаздольнай сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове яе фінансавай устойлівасці, мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі. Максімальна ж вырашыць акрэсленыя праблемы можно толькі пры ўмове захавання і ўзнаўлення аграрнага патэнцыялу.

 

 

 

 

Варыябельнасць развіцця аграрнага патэнцыялу

 

Эфектыўнасць выкарыстання аграрнага патэнцыялу залежыць ад якасці сістэмы кіравання гэтымі працэсамі. Трэба адзначыць, што  гэтасістэма складаецца з органаў кіравання сельскагаспадарчай вытворчасцю і развіццём сельскіх тэрыторый на дзяржаўным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях і на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў, якія вядуць аграрную вытворчасць. Мэта ж кіравання аграрным патэнцыялам заключаецца ў далучэнні ў гаспадарчы абарот максімальнай колькасці рэсурсаў, якімі валодаюць тэрытарыяльныя арганізацыі і гаспадарчыя суб’екты, фарміруючы іх эканамічную прастору. І рабіць гэта трэба з забеспячэннем максімальнай эфектыўнасці і рэалізацыі эканамічных інтарэсаў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і ўстойлівасці развіцця сельскіх тэрыторый.

 

Развіццё аграпрамысловага комплексу рэспублікі прадугледжвае ацэнку яго варыянтаў у залежнасці ад праводзімай аграрнай палітыкі па выкарыстанні аграрнага патэнцыялу і ад зменаў у знешнім асяроддзі. Сярод рухавікоў развіцця сельскіх тэрыторый: стварэнне камфортных умоваў для вядзення сельскагаспадарчагай вытворчасці і павышэнне прэстыжнасці і даходнасці працы; каардынацыя інтарэсаў усіх эканамічных агентаў сельскай эканомікі; садзейнічанне развіццю інфраструктуры тэрытарыальных арганізацый рознага ўзроўню. Асаблівая ўвага сістэме прасоўвання тэхніка-тэхналагічных і арганізацыйна-эканамічных інавацый. Абавязкова кантроль за мэтавым выкарыстанне зямель і зберажэнне іх прадукцыйнай якасці. Грамадству трэба абавязкова забяспечыць адкрытасць працэсаў пераразмеркавання зямельных рэсурсаў ад неэфектыўных землекарыстальнікаў да эфектыўных. І гэта павінна праводзіцца на фоне стварэння ў сельскай мясцовасці ўмоваў пашыранага ўзнаўлення чалавечага капіталу і забеспячэнне магчымасцяў яго рэалізацыі. Важнае месца ў жыцці вёскі займае перспектыва прадпрыймальніцкай дзейнасці сялян і яе стымуляванне, павышэнне іх самазанятасці і ўзроўню дабрабыту. Перспектыва аграрнага сектара эканомікі і ў паглыбленні працэсаў вытворчай кааперацыі і аграпрамысловай інтэграцыі, арганізацыі інфармацыйнага і кансалцінгавага забеспячэння суб’ектаў гаспадарання ва ўмовах разгортвання глабалізацыі і нарошчвання інтэграцыйных узаемадзеянняў.

 

Варыянтаў развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі можа быць некалькі ў залежнасці і ад узроўню рэсурсазабеспячэння, магчымасці інавацыйнага развіцця, патэнцыялу росту жывёлагадоўлі і раслінаводства, яго экспартанага патэнцыялу. Немалаважнае значэнне мае ўзровень і перспектывы развіцця беларускай харчовай і перапрацоўчай прамысловасці.

 

Насамрэч усе беларускія гаспадаркі можна аднесці да чатырох напрамкаў фармавання аграрнага патэнцыялу: экстэнсіўнага, традыцыйнага,інтэнсіўнага і інавацыйнага.

 

Параметры кожнага з напрамкаў залежаць ад узроўню забяспечанасці галіны асноўнымі вытворчымі рэсурсамі з улікам тэндэнцый фармавання рэсурснага патэнцыялу, а таксама рэальных магчымасцяў яго нарошчвання па кожным віду рэсурсаў.

 

Экстэнсіўны напрамак характэрны для радавых гаспадарак і асабістых падворкаў, якія на сённяшні дзень не маюць сучаснай тэхнікі і магчымасці паступовага развіцця (32% гаспадарак). Традыцыйны напрамак (каля 50% “калгасаў” і частка фермерскіх гаспадарак) грунтуецца на раней створанай матэрыяльна-тэхнічнай базе з перспектывай паступовага замацавання дадатных тэндэнцый у рэсурснай сферы. Яны забяспечваюць усяго толькі простае ўзнаўленне. Пры гэтым экстэнсіўны і традыцыйны напрамкі фармавання аграрнага патэнцыялу рэалізуюцца ва ўмовах адсутнасці пазітыўных зрухаў у забеспячэнні іх дзейнасці з боку дзяржавы, што ў апошнія гады назіраецца ў Беларусі. Гэта асноўная група гаспадарак сельскагаспадарчай вытворчасці, праз рэфармаванне якой можна значна ўзвысіць эканамічныя паказчыкі вынікаў гаспадарання, бо 60% з іх стратныя ці маюць рэнтабельнасць на ўзроўні да 5%.

 

Гаспадаркі інтэнсіўнага напрамку (каля 10%) маюць магчымасці прыцягнуць знешнія сродкі фінансавання ў дастатковым аб’ёме для патрэб развіцця рэсурснай базы і на гэтай глебе забяспечыць атрыманне высокіх паказчыкаў вытворчасці. У гэтым шэрагу таксама фермерскія гаспадаркі і буйныя прыватныя сельгаспрадпрыемствы. Яны займаюць важнае месца ў экспарце харчавання, паступленні валютных сродкаў.

 

Інавацыйны напрамак характарызуецца арыентацыяй на выкарыстанне інавацыйнага складніка вытворчасці, дазваляючы ўстойліва весці інтэнсіўную вытворчасць прадукцыі. У групе гаспадарак інтэнсіўнага і інавацыйнага напрамкаў адбываецца фармаванне патэнцыялу сельскагаспадарчых суб’ектаў розных маштабаў вытворчасці, але высокатаварных і эканамічна моцных, якія з мінімальнымі выдаткамі замацаваліся ў рынкавым асяроддзі.

 

Сучасны ўзровень стану выкарыстання аграрнага патэнцыялу пакуль дазваляе забяспечваць харчовую бяспеку для насельніцтва Беларусі і экспартаваць харчовых вырабаў на суму каля 5 млрд. даляраў. Але без сур’ёзных зменаў у падыходах да фармавання аграрнага патэнцыялу краіны аграрны сектар будзе з кожным годам усё даражэй абыходзіцца грамадству.

 

Беларусь сельскагаспадарчая

 

Сацыяльна-эканамічная роля аграрнага сектару праяўляецца праз забеспячэнне высокаякасным харчаваннем насельніцтва і сыравінай харчовай і лёгкай прамысловасці. Пры гэтым у працэссе вытворчай дзейнасці павінна быць захавана прырода, прывабнасць ландшафтаў, тэрыторыі для рассялення людзей, у цэлым жыцёвай прасторы. Немалаважным складнікам сельскага жыцця становіцца стварэнне зон адпачынку, развіцця агратурызму.

 

Сельская гаспадарка аказвае вялікі ўплыў на ўзровень і тэмпы развіцця прамысловасці краіны: трактарнае, сельскагаспадарчае машынабудаванне, хімічную прамысловасць, будаўнічую галіну.

 

Яшчэ ў 1998 г. Прэзыдэнтам Беларусі былі сфармуляваны асноўныя стратэгічныя напрамкі ўдасканалення сельскай гаспадаркі: умацаванне буйной таварнай вытворчасці; арыентацыя на тэхнічнае і тэхналагічнае перааснашчэнне; рэфармаванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў; паляпшэнне сацыяльна-бытавой і культурнай сферы вёскі. Важнейшым напрамкам развіцця сельскай гаспадаркі павінна стаць інтэнсіфікацыя вытворчасці на аснове мадэрнізацыі вытворча-тэхнічнай базы і ўкаранення дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Гэта павінна забяспечыць значны рост вытворчасці працы і эканомію матэрыяльных рэсурсаў ва ўмовах скарачэння працарэсурснага патэнцыялу.

 

За апошняе дзесяцігоддзе ў эканоміку сельскай гападаркі ўкінута некалькі дзесяткаў мільярдаў даляраў, што дазволіла павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі і давесці ступень забяспечанасці насельніцтва харчаваннем беларускай вытворчасці да 80%. Можна сказаць, што сельскагаспадарчая галіна ў апошнія гады стала больш устойлівай да неспрыяльных прыродных і эканамічных умоваў.

 

У той жа час мы назіраем абвастрэнне канкурэнцыі на харчовых рынках большасці краін, што вымушае кардынальна пераглядзець аграрную палітыку краіны ў бок пабудовы рынкавых адносінаў.

 

Справа ў тым, што прынцыпова ў Беларусі не вырашаюцца фундаментальныя пытанні рынкавай эканомікі: арганізацыя сучаснай вытворчасці на аснове неабходага аб’ёму інвестыцый; адсутнасць неабходнай фінансавай дзяржаўнай падтрымкі суб’ектаў гаспадарання, якая ў некалькі разоў меньшая, чым у іншых краінах; з году ў год памяншаецца аб’ём рэальнага фінансавання сельскай гаспадаркі – пры гэтым 45% бюджэтных сродках “ідзе” на кампенсацыю працэнтаў, выдадзеных банкамі. З’явіліся сур’ёзныя праблемы з забеспячэннем “калгасаў” працоўнымі рэсурсамі – у дадатак да іх недахопу актуалізуецца праблема кваліфікацыі спецыялістаў. Аб тым, што сацыяльная палітыка “прабуксоўвае” на вёсцы, гаворыць дэфіцыт кадраў на канец 2020 г. У сельскай мясцовасці больш  за ўсё неабходны трактарысты-машыністы (1210 вакансій), аператары машыннага даення (872), шафёры (809), жывёлаводы (627), санітары (407), ветфельчары (224), галоўныя ветурачы (219), заатэхнікі (185), галоўныя заатэхнікі (177), інжынеры (174), бухгалтары (157), брыгадзіры (123).

 

Прадукцыйнасць працы “на вёсцы” практычна не расце – колькасць занятых у сельскай гаспадарцы карэлюе з доляй валавага прадукту сельскай гаспадаркі (6-7%) у аб’ёме валавага ўнутранага прадукта (ВУП). Пры гэтым, калі раней сельская гаспадарка “ішла” на другім месцы ў рэспубліцы па валавым паказчыку вытворчасці (у 1990 г. яе доля займала 22,7% у ВУП), часам саступаючы яго будаўніцтву – зараз на другое месца пасля прамысловасці перамясціўся гандаль. Праблемы з эфектыўнасцю гаспадарання ў параўнанні з іншымі галінамі эканомікі відавочны.

 

Павышэнне ўзроўню забеспячэння матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі для 30% суб’ектаў гаспадарання засталося на ўзроўні дэкларацыі, што робіць парушэнне аптымальных тэрмінаў палявых работ і іх якасці ў многіх гаспадарках заканамерным. Згублены ўраджай на карані крыжакветкавых (рэдзька, рапс), збожжавых, задыскаваны лён, плесневыя пачаткі кукурузы не такія ўжо і рэдкія з’явы ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Агульныя страты ў год дасягаюць памераў якраз аб’ёму экспарту харчавання.

 

У апошнія гады склаліся паніжаючыя тэндэнцыі ў пагалоўі сельскагаспадарчай жывёлы, што гаворыць аб магчымасці скарачэння выкарыстання гэтых рэсурсаў. Тым больш, што з году ў год не павялічваецца эксплуатацыйны ўзрост дойных кароў (3,5 гады супраць “фермерскіх” 8 гадоў і да 15 гадоў на асабістым падворку). Праяўляюцца хістанні пасяўных плошчаў пад грэчку, лён, у многіх раёнах вялікая нагрузка на камбайны. З’явілася “мода” на аграрную экзотыку – пачалі адпускаць урадлівыя землі пад кавуны, сою. Дарэчы, у жывёлагадоўлі шэраг гаспадарак робіць стаўку на вытворчасць мармуровага мяса, эфектыўнае вырошчванне якога немагчыма ва ўмовах Беларусі, ў тым ліку і па суб’ектыўных прычынах.

 

Няма асаблівага гонару і ў вытворчасці зерня: у 2019 г. больш за 40 ц/га намалацілі толькі 220 гаспадарак з 1303, а вось з ураджайнасцю да 25 ц/га – 618, ці амаль палова.

 

Нягледзячы на перыядычны рост вытворчасці па такіх параметрах, як ураджайнасць зерневых (хістанні па гадах дасягаюць + – 20%), надой малака (+- 10%), вытворчасць ільнотрасты (да 10%), гэтыя рэсурсы па гадах становяцца фактарамі, абмяжоўваючы рост вытворчасці і экспартных магчымасцяў сельскай гаспадаркі. Пабудаваныя сучасныя малочна-таварныя фермы, выкарыстанне больш магутнай, у тым ліку і імпартнай тэхнікі, не кампенсуе недаатрыманне прадукцыі і прамыя яе страты. Побач з гэтым захоўваюцца пбытовыя абмежаванні на рынках збыту сяльгаспрадукцыі, асабліва на прадукты з птушкі і свініны, што вядзе да зніжэння патэнцыялу роста вытворчасці за кошт рэсурсных фактараў.

 

У той жа час мы бачым нарошчванне прымянення арганічных і мінеральных угнаенняў, сучасных песцытыдаў. Атрыманы ўраджай зерня і кукурузы ў 2020 г. у некаторай меры дазваляе  павялічыць эфектыўнасць сельскагаспадарчай дзейнасці і стварыць умовы для нівелявання фінансавых праблем.

 

Крыніцы нарошчвання аграрнага патэнцыялу Беларусі

 

Аграрнаму сектару Беларусі патрэбна сучасная мадэль роста эканомікі, і з улікам перспектывы нарошчвання аграрнага патэнцыялу яна павінна абапірацца на прыватную ўласнасць і сур’ёзныя крыніцы фінансавання. Пры гэтым маецца на ўвазе і прыватная уласнасць на землі сельскагаспадарчага прызначэння.

 

Прыватная ўласнасць “на вёсцы” – гэта асабістыя падворкі, фермерскія гаспадаркі, але і прыватныя буйныя прадпрыемствы, якія ўжо зараз займаюць вядучыя пазіцыі ў сяльгасвытворчасці. За 2010-2019 гг. удзельная вага фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытворчасці вырасла з 1 да 2,6 %. Толькі ў мінулым годзе фермеры вырабілі прадукцыі на 540 мільёнаў рублёў ці на 23 % болей, чым у 2018 г. Прырост прадукцыі ў дзяржаўных прадпрыемстваў на парадак ніжэйшы. Пры гэтым рэнтабельнасць фермерскіх гаспадарак вышэйшая за “калгасных” на 40 %, што робіць працу на зямлі эканамічна прываблівай. Ці не таму колькасць фермерскіх гаспадарак з 35 у 1990 г.  вырасла на 1 студзеня 2020 г. да 326.

 

Паралельна штогод змяншаецца доля асабістых падворкаў, пры гэтым колькасць хатніх гаспадарак з 1995 па 2019 гг. скарацілася амаль на 30%, а іх зямельныя надзелы – на 49%.

 

У 2018 г. беларусамі выраблена сельскагаспадарчай прадукцыі на 3,6 млрд. рублёў, ці 18,9% ад усёй вытворчасці сельскай гаспадаркі. Важкі ўнёсак у вясковы каравай. Пры гэтым зямельныя ўгоддзі асабістых гаспадарак за мінулы год скараціліся на 2%, а вытворчасць бульбы – на 7%, гародніны – на  10%, малака – на 7%, рэалізацыя мяса – на 7,3%, яек – на 8%. Трэба адзначыць, што змяншэнне вытворчасці харчавання на асабістых падворках пачалося яшчэ з 1996 г. І прычына не толькі ў скарачэнні колькасці і старэнні сельскага насельніцтва, а і ў пазіцыі дзяржавы, якая зараз развівае буйнатаварныя дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы. Але ж у 90-х гг. мінулага стагоддзя якраз прадукцыя з асабістых падворкаў (да 40-48% штогод) прадвызначыла арыентацыю дзяржавы на ўзбуйненне “калгасаў” – тады прадукцыя падворкаў афармлялалася на карысць мясцовых гаспадарак.

 

З улікам дзейнасці буйных прыватных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы праватнікі ўжо даюць больш за 30% ад усяго аб’ёму вытворчасці. Перавага прыватнай уласнасці відавочна нават у Беларусі.

 

Але ў нашай краіне ўрад так і не прыняў рашэнне аб прыватызацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Фактычна галоўныя ўдзельнікі працэсу вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі з’яўляюцца арандатарамі ці наёмнымі работнікамі. У выніку ж поўная адсутнасць замежных інвестыцый у дзяржпрадпрыемствы, якія працуюць на зямлі. У якасці ж прыкладу эфектыўнасці прыватнай уласнасці на зямлю сітуацыя ў ЗША – прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы (180 тыс. даляраў на сельскагаспадарчага работніка), дзе 98% зямель знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, у 60 разоў вышэй, чым у Кітаі (3 тысячы даляраў), чыноўнікі якога не дапускаюць прыватнай уласнасці на зямлю наогул. У Беларусі прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы складае 15 тысяч даляраў, а паказчык прыватнай уласнасці на зямлю не перавышае 5%. Прыватная ўласнасць на зямлю сфарміруе зямельны рынак, зробіць прывабным сельскую гаспадарку да інвестыцый, у тым ліку і замежных.

 

Злучэннем функцый уласнасці і працы ўзновіцца энергетычны патэнцыял вытворчай дзейнасці, стане крыніцай эканамічнай сілы і натуральнай асновай дынамічнага развіцця грамадства. Прыватызацыя зямлі дазволіць аптымізаваць занятасць на вёсцы, знізіць уздзеянне на эканоміку суб’ектыўнага ўплыву – у сельскай гаспадарцы менавіта ўласнік-прадпрымальнік становіцца спецыфічным рэсурсам грамадства.

 

Ёсць яшчэ адзін аргумент на карысць прыватнікаў-сельскагаспадарнікаў. Мы ўжо гаварылі аб тым, што ў доўгатэрміновым кантэксце попыт на харчаванне будзе расці як на рэгіянальным, так і на сусветным узроўнях. Але без нарошчвання эфектыўнасці сельскагаспадарчай галіны і асабліва экспарту, вырашыць праблемы развіцця сельгаспрадпрыемстваў не падаецца магчымым. У нашых гаспадарнікаў ёсць магчымасці да росту: зараз на знешнім рынку Беларусь мае ўстойлівую рэалізацыю ялавічыны, мяса птушкі, масла жывёльнага, сыроў і тварагу, малочнай сывараткі, каўбасных вырабаў, мясных і рыбных кансерваў. Ды толькі за апошнія тры гады вытворчасць асноўных мяса-малочных прадуктаў “замарожана” і разлічваць на яе рэвалюцыйны рост за кошт дзяржпрадпрыемстваў не прыходзіцца.

 

Вось і тут ёсць відавочны прыклад перавагі прыватнага сектару ў сельскай гаспадарцы: калі экспарт прадукцыі “дзяржаўных” сельгаспрадпрыемстваў павялічыўся на 10% за апошнія гады, то фермерскія гаспадаркі адправілі за мяжу, напрыклад,  бульбы за апошнія 5 гадоў у 10 разоў больш. Пры гэтым фермеры экспартавалі амаль траціну ад накопанага. На 20% больш экспартавалі капусты, у 3,6 разоў больш яблык і груш, а цыбулі і часныку – у 12,3 разоў больш. Усе маліны, журавіны, буякі, завезеныя ў Расію, фермерскія.

 

Яшчэ адзін “канёк” нарошчвання патэнцыялу аграрнікаў Беларусі – гэта інавацыі ў вытворчасць. Але гэта не зусім новае абсталяванне ці сучасныя тэхналогіі. Інвестыцыі ў сельскую гаспадарку Беларусі праблема комплексная,  залежыць ад многіх складнікаў і цесна звязана з агульнай інтэлектуалізацыяй грамадства. І яна ў сельскай гаспадарцы магчыма, але пры дасягненні парогавых значэнняў індыкатараў, якія характарызуюць інавацыйнае развіццё аграрнага сектара, якія трэба яшчэ па многіх напрамках распрацаваць. Нам патрэбна трансфармацыя сістэмы адукацыі (пераход сельскагаспадарчых ВНУ на 3.0 і 4.0), фармаванне сістэмы ведаў і даступнай сістэмы лічбавай эканомікі. Ужо сёння трэба займацца прыцягненнем магчымасцяў інтэрнэта і камунікацый, сацыяльных медыа, аналітычных тэхналогій.

 

Інавацыі ў сельскую гаспадарку ў першую чаргу павінны прывесці да адмовы ад імпарту зерня, асабліва бабовых культур. У гэтым напрамку трэба распрацоўваць і ўкараняць сучасныя тэхналогіі вырошчвання вікі, пелюшкі, люпіна, лядвенца, люцэрны. Больш дасканала адносіцца да вырошчвання канюшыны. І гэта дазволіць збалансаваць цукрова-пратэінавыя суадносіны ў кармах і вызваліць ад неабходнасці траціць да 400 млн. даляраў у год толькі на імпарт расліннага бялка. Але дзяржаўныя сяльгаспрадпрыемствы не спяшаюцца з пасевам зернебабовых культур – у 2020 г. з запланаваных 350 тыс. гектараў пасеяна толькі палова. І аб якой эфектыўнасці можа ісці гаворка, калі ў прыярытэце валавыя паказчыкі, а не перспектыва гаспадарання. Але ж, з-за недахопу амінакіслот, якімі багаты якраз бабовыя культуры, штогод перавыдатак складае да 30% фуражнага зерня. Дарэчы, у свеце налічваецца больш за 800 гатункаў люпіна, а ў Беларусі ў Дзяржаўны рэестр занесены 21 гатунак, з якіх распаўсюд атрымалі толькі два гатункі. У той жа час у Нямеччыне беларускія гатункі, якія занесены ў нямецкі Дзяржрэестр, не толькі прадукцыйна вырошчваюцца, але на іх аснове створаны мясцовыя высокапрадукцыйныя гатункі. Вось вам і розны падыход да сітуацыі ў краіне, якая атрымлівае ўраджайнасць зерня ў 2 разы большую, чым у Беларусі.

 

Ці хто перашкаджае вытворцам айчынных ветэрынарных прэпаратаў цалкам забяспечыць попыт на іх і нават пастаўляць на экспарт? Зараз доля айчынных прэпаратаў на рынку складае толькі 35% – во дзе прастора да інавацыйнасці!

 

Дзяржаўныя выдаткі на падтрымку сельскай гаспадаркі Беларусі змяншаюцца з году ў год. Калі яшчэ дзясятак гадоў таму гаварылася аб мільярдах інвестыцыях у рэканструкцыю асноўных сродкаў і будаўніцтва новых фермаў, то зараз выдаткі з дзяржаўнага бюджэту паступова “з’ехалі” на 1,5 мільярда рублёў. Фактычна ў бягучым дзесяцігоддзі ў Беларусі завяршыўся працэс пераходу дзяржаўнага фінансавання тэхналагічных працэсаў і стварэння малазначных аб’ектаў да крупнамаштабнага ўлівання сродкаў у буйную вытворчасць. Але ствараўся патэнцыял буйнатаварнай вытворчасці пад уздзеяннем актыўнасці дзяржавы, а вось далейшая эфектыўная эксплуатацыя сучасных асноўных сродкаў пад сумневам. На фермах утрымліваецца хворая скаціна, на палях працуюць камбайны, якія могуць эфектыўна жаць збажыну пад 100 ц/га, а насамрэч толькі 35-40 ц/га. Такім чынам, патэнцыял дастаткова не выкарыстоўваецца, а пры няхайнай эксплуатацыі патрабуе вялікіх сродкаў на падтрымку яго тэхналагічных якасцей.

 

Відавочна, што сітуацыя ў сельскай гаспадарцы Беларусі патрабуе значных пераменаў у многіх напрамках дзейнасці.

 

Структурная перабудова – аснова перспектывы сельскай гаспадаркі Беларусі

 

Рэфармаванне аграрных адносінаў у Беларусі павінна адбывацца ў рэчышчы структурнай перабудовы ў цэлым у эканоміцы і прадстаўляць сабой комплекс палітычных і юрыдычных рашэнняў, а таксама эканамічных мераў з мэтай поўнай рэалізацыі ўнутранага патэнцыялу сельскай гаспадаркі. Зараз актуальным з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне адпаведнага сучасным патрабаванням эканамічнага механізма гаспадарання. У першую чаргу патрабуецца распрацоўка адзінай канцэпцыі дзяржаўнага рэгулявання аграрных адносінаў АПК Беларусі, у якой на роўных павінны улічвацца інтарэсы буйной вытворчасці, фермерскіх гаспадарак і асабістых падворкаў. Неабходна стварэнне сучаснай прававой базы па рэфармаванні АПК, аднаўленне права прыватнай уласнасці на зямлю, стварэнне паўнавартаснага рынку каштоўных папер. Патрабуе рэфармавання сістэма дзяржаўнага кіравання сельскагаспадарчай вытворчасцю і перапрацоўкі прадукцыі з удасканаленне сістэмы страхавання інтарэсаў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

 

Патрабуецца распрацоўка стымулаў для прыцягнення прыватнага капіталу ў сельскую гаспадарку, распрацоўка і рэалізацыя гнуткай крэдытнай палітыкі дзяржавы, іпатэчнага крэдытавання.

 

Актуальна рэфармаванне дзеючых арганізацыйна-прававых формаў гаспадарання ў сельскай гаспадарцы ў вытворча-камерцыйныя структуры з правам самастойнага выбару шляхоў рэфармавання і ўваходжаннем у іншыя камерцыйныя структуры. Для дробных прадпрыемстваў стварэнне фонду адаптацыі, што павінна дадатна адбіцца на развіцці фермерскіх гаспадарак. Але на пачатку рэформ павінна рэалізацыя мерапрыемстваў па абароне ўнутранага рынку харчавання.

 

Таксама прыватызацыя не толькі пераапрацоўчых арганізацый працаўнікамі вёскі, але і стварэнне і развіццё кааперацыйных формаў гаспадарання – аграфірмаў, агракамбінатаў, асацыяцыі фермераў, холдынгаў, стварэнне спажывецкіх кааператываў па розных напрамках дзейнасці, якія будуць працаваць без пасярэднікаў.

 

Інтэграцыя АПК Беларусі ў сусветную рынкавую сістэму: фінансава-вытворчыя групы, транснацыянальныя кампаніі, аграпрамысловыя прадстаўніцтвы.

 

Дасягненне пастаўленых мэтаў магчыма праз устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый, павышэнне ўзроўню дабрабыту сялян, стварэнне камфортных умоваў для іх месцапражывання.

Пётр МІГУРСКІ, 

кандыдат эканамічных навук

Крыніца: bsdp.org