Галоўная » Першы дзень датэрміновага галасаваньня на радзіме Лукашэнкі. «За Рыгоравіча расьпісалася…»

Першы дзень датэрміновага галасаваньня на радзіме Лукашэнкі. «За Рыгоравіча расьпісалася…»

Чаму жыхары Шклова галасуюць датэрмінова? Ці разглядаюць сёлетнія прэзыдэнцкія выбары як лёсавызначальныя і ці спадзяюцца, што яны зьменяць жыцьцё?

 

«З Рыгоравічам спакайней на старасьці»

У Шклове пра выбарчую кампанію нагадваюць расьцяжка на вуліцы Савецкай, плякаты «Мы выбираем Беларусь» на ўваходах у крамы ды стэнды з абвесткамі каля ўчастковых камісіяў, піша Радыё Свабода.

Рэдкая інфармацыя пра выбарчую кампанію

«Дык мы ведаем пра выбары, што пра іх лішне пісаць», — кажа пажылая жанчына, выходзячы з двара гімназіі, што ў адрэстаўраваным будынку ратушы. Суразмоўца прызнаецца, што прагаласавала датэрмінова, бо так «робіць заўжды».

«За Рыгоравіча расьпісалася, — кажа яна. — Зь ім спакайней на старасьці. Дзявятага прыйду канцэрт паслухаю. Мне ўжо шмат ня трэба. Пэнсіі хапае, і дзецям, унукам яшчэ даю».

 

«Прагаласавала датэрмінова, бо ўсё раблю загадзя»

Па паўдні шклоўскія вуліцы бязьлюдныя. Рэдкія мінакі негаваркія. Пабачыўшы журналіста, абвешанага рэпартэрскім рыштункам, прысьпешваюць хаду, а на пытаньні пра выбары адказваюць, што занятыя.

«Невядома, ці журналіст вы наагул…», — не паварочваючы галавы, рэагуе жанчына, ідучы ў раённы Дом культуры. Там участак для галасаваньня.

Пустынная вуліца Савецкая, 15 гадзіна, першы дзень галасаваньня.

З наступнай суразмоўцай удалося пагутарыць толькі праз 15 хвілін. Жанчына сярэдняга веку прагаласавала датэрмінова, бо яна «чалавек грунтоўны і стараецца рабіць усё загадзя». За каго пакінула свой голас, не сказала. Перакананая, што фальшаваць выбары ніхто ня будзе, бо «гэта немагчыма».

 

«Гэта дзень такі, што трэба выбраць прэзыдэнта…»

Спроба пагутарыць з кампаніяй маладых людзей скончылася правалам. Пачуўшы тэму гутаркі, 18- і 19-гадовыя маладзёны адрэагавалі сьмехам і разьбегліся.

«Скажуць — прагаласуем…», — прагучала ад іх ужо здалёк.

Помнік савецкаму актору Алейнікаву, які нарадзіўся ў Шклоўскім раёне

У адрозьненьне ад моладзі, пажылая жанчына кажа, што яна і яе дзед прагаласавалі «за былога», але, падумаўшы, удакладніла — «за цяперашняга». Не пайсьці на выбары ня можа, бо нельга. Жанчына прызнаецца, што ад Лукашэнкі нічога не чакае, бо «яму ўжо ніхто не дапамагае».

«Гэта дзень такі, што трэба выбраць прэзыдэнта, — кажа яна. — Я зь дзедавым пашпартам схадзіла. Жанчынкі паслухаліся мяне і далі за яго прагаласаваць. Я заўжды так раблю».

 

«Улада будзе мяняцца, але разам з мазгамі…»

Пажылая пара таксама прагаласавалі датэрмінова, бо ў нядзелю 9 жніўня іх ня будзе ў Шклове. На сваё жыцьцё суразмоўцы не наракаюць. Кажуць, што іхны сын жыве на Данбасе, і ў іх ёсьць з чым параўноўваць. Там пэнсія 80 даляраў, кажа жанчына.

«У 1996 годзе, калі я прыехала ў Шклоў, дык ня ведала, як тут людзі жылі, — нечакана згадвае яна. — Разруха была. А цяпер паглядзіце: горад-прыгажун. Усё ў крамах ёсьць. Грэх скардзіцца», — кажа жанчына.

«Вядома ж, улада будзе мяняцца, але разам з мазгамі, — дадае ейны спадарожнік. — Ва Ўкраіне Януковіча прыбралі, хіба лепей стала. А тут неяк моладзь зьбіралася, дык я ёй кажу — займіцеся справаю, падмяціце хіба парк…»

 

«Рыгоравіч ведае, што рабіць, каб застацца…»

Наступны суразмоўца, мужчына ва ўніформе камунальніка, прызнаецца: ім «нагадалі прагаласаваць загадзя», і ён ідзе на ўчастак, каб гэта зрабіць.

Нешматлюдна і ля аўтастанцыі. На ёй наагул няма інфармацыі пра выбары

«Усё адно насядуць, што ад мяне не залежыць. Зарабляем 350 рублёў, большага ня будзе ні пры старым, ні пры новым. Але Рыгоравіч застанецца. Ён ведае, што рабіць, каб застацца», — кажа жыхар Шклова.

 

Старшыня ўчастковай камісіі: «Спадзяёмся, людзі пойдуць…»

На ўваходзе ў Дом культуры мноства розных выбарчых плякатаў з сэрыі «За Беларусь». Тут адзін з участкаў для галасаваньня. У ім трое выбарнікаў гатовыя апусьціць бюлетэні ва ўрну.

Старшыня ўчастковай камісіі Алена Краўчанка кажа, што найбольшы наплыў выбарнікаў быў адразу пасьля 10 гадзіны раніцы. «Нават чарга стаяла», удакладняе яна. Па яе словах, на 16:30 прагаласавалі больш за 50 чалавек.

Шклоў у першы дзень датэрміновага галасаваньня

«Яўку прадказаць немагчыма, — працягвае суразмоўца. — Спадзяёмся, што людзі пойдуць галасаваць, бо гэта важныя выбары. Датэрмінова галасаваць прыходзяць тыя, хто ня можа прыйсьці ў асноўны дзень выбараў».

Не пасьпеў журналіст выйсьці з Дома культуры, як да яго падышлі два міліцыянты ў форме і малады чалавек у цывільным. Паводле праваахоўнікаў, ім паступіў сыгнал, што журналіст апытвае мінакоў і фатаграфуе. Распытаўшы, што той робіць у Шклове, і перапісаўшы пашпартныя зьвесткі, яго адпусьцілі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Фота: Радыё Свабода