У апошнія дні студзеня 2020 года ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях прайшло шэраг нарадаў, прымеркаваных да сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе краіны, з удзелам шырокага кола беларускага чынавенства рознага ўзроўню. Найбольш знакавай нарадай была, канешне, нарада аб першачарговых мерах па забяспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплекса Віцебшчыны, дзе А.Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых навядзення жорсткай дысцыпліны ў аграрным сектары.
“Людей, конечно, надо заставить работать в Витебской области, как и в других областях, – тех, кто еще не понял, что надо напрягаться и работать. Но надо не забывать, что, если вы напрягаете людей, вы им вовремя должны платить нормальную заработную плату”,– падкрэсліў беларускі лідар.
Што А.Лукашэнка меў на ўвазе пад словамі “нормальную заработную плату”, пакінем гэтае пытанне для адказу яму. Але ж, да прыкладу, заробак прыбіральшчыцы ў калгасе “Зара” Глускага раёну Магілёўскай вобласці ў памеры 70 рублёў за 27 працоўных дзён у месяц – гэта проста здзек з чалавека. І такая сітуацыя з заробкамі ў амаль 50% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўшчыны.
Але найбольшым здзекам у адрас беларускіх вяскоўцаў прагучалі словы А.Лукашэнкі сказаныя для дзесяткаў іншых удзельнікаў віцебскай нарады – высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, выпеставаных, адкормленых за народныя грошы. Гэта словы аб неабходнасці прымусіць (заставить – рус.) працаваць людзей у Віцебскай і іншых абласцях.
Падобныя падыходы па прыцягненні людзей да працы не праз заахвочванне, а пад прымусам, за мізэрную плату нагадваюць сабой падыходы ў мінулыя часы – стогадовай даўніны, калі ў 20-х, 30-х гадах ХХ стагоддзя на тэрыторыі былога Савецкага Саюза адбывалася калектывізацыя.
У той час дзядоў і прадзедаў цяперашніх калгаснікаў пад прымусам “заганялі” у калгасы, пазбаўляючы іх прыватнай уласнасці на зямлю, сродкі вытворчасці, маёмасць і прымушалі працаваць ад цямна да цямна за працадзень (палачку), які аплочваўся па самаму мінімуму, не забяспечваючы, нават, неабходнага набору прадуктаў харчавання для жыццядзейнасці чалавека.
Цалкам пачуццё ўласнасці ў беларускіх вяскоўцаў было вынішчана ўжо ў часы незалежнасці Беларусі праз рэфармаванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў згодна Указаў прэзідэнта, ператвараючы калгасы ў разнастайныя таварыствы, пазбаўляючы калгаснікаў, нават, калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, жывёлу, будынкі, іншую маёмасць калгаса.
Стан “жабрака”, а не гаспадара на сваёй зямлі замацоўваецца беларускім чынавенствам сярод грамадзян праз навязванне думкі, што і зямля беларускаму сялянству, як прыватная ўласнасць нікому непатрэбна. Як і ў гады існавання савецкай ўлады, беларуская дзяржава імкліва выбівае з селяніна апошнія рэшткі пачуцця ўласніка, гаспадара свайго жыцця.
Калі прымус да працы ў свядомасці беларускага кіраўніцтва застанецца першачарговай мерай па забяспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу краіны, то, цалкам верагодна, у хуткім часе, на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу краіны з’явяцца працоўныя паселішчы сістэмы ГУЛАГ, або будзе вернута, адмененае ў ХІХ стагоддзі, прыгоннае права з замацаваннем калгаснікаў за чынавенствам.
Рыгор Кастусёў