Нам перамога як паветра патрэбна –
У гэтым упэўнены мы, адпаведна –
Разам чакаем лепшай сваёй гульні!
Наша каманда гатова да бою –
Мы будзем побач, мы разам з табою,
І пераможам у гэтай гульні толькі мы!
Перадгісторыя такая: ніхто не мог ведаць, як будуць разгортвацца падзеі ў краіне. Беларускі музыкант спакойна выдаваў серыю архіўных запісаў пад умоўнай назвай “55 песень” (да свайго 55-годдзя, якое адбылося ў чэрвені 2020 года). На альбоме “Вясёлка перадусім “(“55 песень. Ч. 1”) трэцім па ліку трэкам ішла кампазіцыя “Спартовая фанацкая”.
“Калісьці ў 2000-х, па замове хакейнай каманды, дзе гулялі дзеці маіх добрых сяброў – распавядае Юры Несцярэнка, – быў напісаны своеасаблівы неафіцыйны гімн той каманды. Варыянтаў канчатковага запісу было зроблена некалькі. І вось, адзін з іх, як аказалася, праз шмат гадоў знайшоў сваё месца не толькі ў складанцы раней невыдадзеных твораў…”
Падчас выбарнай кампаніі 2020 года, Юры прысвяціў песню спадарыні Ціханоўскай і іншым людзям, якія былі незаконна затрыманыя. Песня была размешчана на сайте “Радыё Свабода”. Гэта было 28 ліпеня, а ў хуткім часе Інтэрнэт, як вядома, быў адключаны і слухаць шмат чаго стала ўвогуле немагчыма.
Але раптам, падчас сумных агульнабеларускіх падзеяў адразу пасля выбараў, актывізаваліся слухачы і пажадалі быць яшчэ і гледачамі – яны зрабілі відэашэраг для “Спартовай фанацкай”. І ў дадзеным выпадку візуальным суправаджэннем стала не проста выпадковая відэанарэзка, а кадры з выявамі вядомых спартсменаў, якія ўва весь голас, без страху падтрымалі свой народ падчас цяжкіх жнівеньскіх падзеяў.
Аб’ядналіся ў сваіх выказваннях і намерах у цяжкі для краіны час самыя розныя спарсмены і гэта было адлюстравана аматарамі спорту ў роліку на песню:
футбаліст Антон Сарока (быў затрыманы падчас мірнай акцыі і незаконна асуджаны);
хакеіст Ілля Літвінаў (схоплены пасля трэніроўкі ў Маладзечна проста на вуліцы і збіты);
Мікалай Сігневіч, футбаліст, які гуляў за каманды Грэцыі і Венгрыі, былы гулец БАТЭ выказаўся ў падтрымку беларускага народа;
Яўген Касцюкевіч (“Крумкачы”) на стыхійным мітынгу ў Жодзіна паказаў мэру Жодзіна на лес рук у падтрымку Ціханоўскай і спытаўся пра нібыта “20%”;
Сяргей Падалінскі, удзельнік беларускіх турніраў па міні-футболе, быў незаконна схоплены на вуліцы, збіты і адпраўлены ў камеру;
Сяргей Беркутаў, беларускі спартовы тэлекаментатар у знак пратэсту зволіўся з працы;
Аляксей Кудзін, баец змяшаных адзінаборстваў, больш за дзесяць разоў станавіўся чэмпіёнам свету – незаконна схоплены і пасаджаны за краты ў родным горадзе Маладзечна;
Аляксей Волкаў (Расія) – звярнуўся да ўладаў Беларусі з патрабаваннем выпусціць Кудзіна;
Не засталіся ў баку ад цяжкіх падзей і беларускія спартсменкі, якія асудзілі гвалт над мірным насельніцтвам і прызвалі да мірнага выйсця з крызісу:
Ганна Глазкова – чэмпіёнка свету па мастацкай гімнастыцы;
Вера Цапко – прадстаўляла Беларусь на шматлікіх міжнародных спаборніцтвах па тэнісе;
Надзея Скардзіна – біятланістка, алімпійская чэмпіёнка;
Дар’я Домрачава – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету;
Эльвіра Герман – чэмпіёнка Еўропы па лёгкай атлетыцы;
“Спартовая фанацкая”. Аўтар і выканаўца Юры Несцярэнка:
Дзмітрый Мікалаеў