Нядаўна сілавікі затрымалі дырэктара “Карэлічы-лён” Сяргея Тура за атрыманне хабару ў 4,5 тысячы долараў ад замежнай фірмы за вырашэнне пытання аб закупцы насення лёну. Справа нават не ў тым, наколькі была патрэба ў такой закупцы, але ці не прыйшла пара наогул запытаць у чыноўнікаў за валютнае марнатраўства.
У таварнай структуры імпарту ў 2019 годзе ў параўнанні з папярэднім годам адзначаны рост долі харчавання з 11,4 да 11,6%. Па кошту імпарт гатовых харчовых прадуктаў узрос за год на 8,3%, каўбас – на 8,2%, прадуктаў з курэй хатніх – на 15,2%, прадуктаў з мяса буйной рагатай жывёлы – на 28,0%. Пры гэтым, жывёлы і птушкі рэалізавана на забой на 1,1% болей, чым у 2018 годзе. Яшчэ адзін прыклад: імпарт марожанага ўзрос на 31,7% ці на 4 млн. долараў ЗША пры магчымасці забяспячэння гэтым прадуктам па максімуму за лік беларускай вытворчасці. Як бачым, гульні з імпартам у валюце не так і бяскрыўдны.
Яшчэ больш дзіўная сітуацыя з прадукцыяй раслінаводства. Дзе мы толькі не купляем цукар: Расія, Бразілія, Україна, Польшча. Але калі расійскі цукар каштаваў па 414 долараў за 1 тону, то бразільскі – па 655 долараў. Але самы танны польскі – толькі 323 долары за 1 тонну. Дзіўная рэч – якраз польскага цукру закупы за год знізіліся на 51,1%. Нагадаю, што вытворчасць цукру ў Беларусі перавышае ўнутраныя патрэбы ў некалькі разоў і з’яўляецца адным з важкіх складнікаў аграэкспарту. Дзіўныя гульні сквапных чыноўнікаў.
За год імпарт хлеба і хлебабулачных вырабаў узрос на 15,5%, і ў асноўным з Расіі. Агуркоў і карнішонаў купілі больш на 13,9%, аж на 4 172 тыс. долараў. Але не гэта прадмет для роздуму – з Расіі імпартавана гэтай прадукцыі на 1 162 тыс. долараў (імпарт узрос на 39,1%). І дзе наша славутая харчовая экспансія на рынкі ўсходняй суседкі?!
На 6 708 тыс. долараў імпартавана прадуктаў з гароху – рост на 6,2%. Але ж яшчэ нядаўна пад кіраўніцтвам Прэзыдэнта і з яго падачы разгарнулі праграму па вытворчасці зялёнага гарошку з закупкай імпартнай тэхнікі і абсталявання. Дзе ўсё гэта падзелася, якія вынікі ад валютных інвестыцый?
Што толькі не купляем за мяжой, што можна вырабляць у сябе на заводах, папярэдне вырасціўшы сыравіну на беларускіх палях! Сокаў імпартуем на 33 млн. долараў, у тым ліку таматнага на 3 млн.. Увага: зноў такі з Расіі. На 300 млн. долараў імпартавалі алкагольных напояў (рост на 26,3%), піва на 60 млн. долараў – 118 млн. літраў. Этылавага спірту у 2019 годзе закуплена па імпарту ў 72 разы (!) болей, чым у 2018 годзе. Што здарылася з эканомікай і сельскай гаспадаркай Беларусі?! Ці апетыты валютных марнатраўцаў узраслі да такой ступені, што нікога ўжо не баяцца і жывуць сваім панскім жыццём.
Куды ні капні, усюды вушы недарэчнасці нашай вытворчасці. Гарэлкі купілі па імпарту 934 тысячы літраў на 6,3 млн. долараў з ростам да 2018 года на 9,5%. Воцата закупілі на 1,5 млн. долараў – на 9,5% болей, гарчыцы – на 1 млн. долараў (+12%), кармоў для сабак і катоў (нават гэта імпартуем) – 40 160 тон (+21,6%).
Вернемся да вытворчасці лёну. Горацкі льнозавод у гэтым годзе набыў за 56 тысяч еўра новую нямецкую сеялку з шырынёй захопу ў 4 метры, што дазволіць атрымаць (са слоў старшыні аблвыкамкама Л.Зайца) добры ўраджай – не менш 50 ц/га. Шклоўскія ж льнаводы вельмі задаволены працай шасцімятровай сеялкі, якая дазваляе завяршыць пасеў у аптымальныя срокі. А для губернатара адмысловая інфармацыя – горацкія льнаводы ўжо атрымлівалі ураджайнасць на 20% болей, чым тая, на якую зараз ён нацэліў гаспадарнікаў.
Валютнае марнатраўства павінна мець хаця бы які аргумант на сваю карысць. У трэцяй дэкадзе красавіка 2020 года на складах льнозаводаў Магілёўскай вобласці ляжала 400 тонн кароткага ільновалакна і 270 – доўгага. Валакіта чыноўнікаў з дазволам на продаж льновалакна нумарамі 6 і 9 прывяла да затаварання складоў і гэтай прадукцыяй, якая Аршанскаму льнокамбінату проста не патрэбна. Кошты на беларускае льновалакно знізіліся, а ў сувязі з каронавірусам адгрузкі ў Кітай нават спыніліся. Вось вам і роля чыноўнікаў, і неабходнасць у імпартнай тэхніцы.
Яшчэ адна праблема льнаводаў – насенне. Французскія сарты лёну (напрыклад, алізэ) наогул на нашых землях не патрэбны – сарты беларускай селекцыі «грант» и «алей» забяспечваюць рентабельнае вядзенне льноводства, чаго не скажаш аб замежных сартах.
Патрабуе даследвання імпарт зношанай замежнай сельгастэхнікі, якую валаклі з Захаду на тэрыторыю Беларусі, трацячы так патрэбную тады валюту яшчэ ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Свае ж заводы задыхаліся ад недахопу сродкаў на распрацоўку сучасных механізмаў ці выпуск запчастак на айчынныя машыны. Злачынная недальнабачнасць беларускіх чыноўнікаў (ці толькі гэта?) адкінула нашу вытворчасць на дзесяцігоддзі ў распрацоўцы і выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі!
Ці змянілася што з тых гадоў? Гэта пытанне, хутчэй, да Камітэта дзяржаўнага кантролю. Па выніках 2019 года сельская гаспадарка Беларусі атрымала больш малака, зерня. Але ж з 355 да 447 павялічылася колькасць гаспадарак, у якіх неплацёжаздольнасць мае ўстойлівы характар. Дарэчы, калі ў 2017 годзе рэнтабельносць продажу была 6,9%, то за 2019 год гэты паказчык склаў толькі 4,6%. Прыбытак ад рэалізацыі скараціўся ў арганізацыях АПК з 707,8 млн. рублёў да 598. Пры чым гэтыя паказчыкі? Адзін прыклад – колькі ўжо мусоліцца тэма бялка для жывёлагадоўлі! У 2018 годзе імпарт бабоў соі склаў 389 тысяч тонн, а ў 2019 – 487 тысяч. А гэта 190 млн. долараў ЗША. Пры гэтым уласны соевы шрот каштуе на 40% меней, чым замежны. Вось вам і адказ на пытанне. Ад каго залежыць вырашэнне праблемы? Ад чыноўніка, які таксама мае дачыненне як да размеркавання валюты, так і пашырэння пасяўных плошчаў пад бабовыя культуры. Купіць лягчэй і для сябе выгадней.
Лічу, што апафеозам валютнага пафігізма на тэррыторыі Магілёўскай вобласці можна лічыць наступны прыклад. Адразу на 5 гектарах спецыялісты калгаса “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Кіраўскага раёна вырашылі паставіць эксперымент па вырошчванню кавуноў. Ёсць жа прыклады прадуктыўнага вырошчвання гэтай культуры прыватнікамі і фермерамі. Вырашылі і вырашылі – спадарожнага ветру ў плечы. Але тут ёсць некалькі момантаў:
- Па імпарту закупілі турэцкае насенне;
- Калгас аднесены да неплацёжаздольных гаспадарак і эксперымент нейкім чынам пагаршае фінансавае становішча і эфектыўнасць пазычаных сродкаў;
- Для вырошчвання кавуноў патрэбны расадны перыяд з выкарыстаннем цяплічнай гаспадаркі (што вядзе да недабору ураджаю гуркоў ці памідораў);
- 75% вучоных гавораць аб вельмі жаркім леце, што і паспрыяе вырошчванню кавуноў.
Хачу заўважыць, што гэта, у асноўным, амерыканскія і расійскія вучоныя. Беларускія болей чым на 2 тыдні прагноз зрабіць не могуць. Але ж 25% вучоных гавораць аб халодным леце – можа здарыцца і такое. Што тады рабіць эксперыментатарам? І як быць з брэндам “Магілеўскія кавуны”? А, можа, вырошчваць рэнтабельна культуры нашай зоны? Ці, можа, узяцца за пшаніцу цвёрдых сартоў, яна якраз і вырошчваецца на поўдні побач з кавунамі? Ды і прыватнікі насенне выкалупваюць з прыдбаных на базары кавуноў, прывезеных з другіх краінаў, а памеры адпушчаных для хатняга экперыменту ўчасткаў не носяць прамысловага характару.
Яшчэ ў 1998 годзе Мінсельгас для калгаса “Рассвет імя К.П. Арлоўскага” Кіраўскага раёна выдзяліў 20 млрд. рублёў на рэканструкцыю вытворчых памяшканняў, закупку абсталявання, узнаўленне машынна-трактарнага парку, закупку племянной жывёлы, насення, кармоў. Не дапамагло. У 2010 годзе выручка “Расвета” склала 43 млрд. рублёў, а запазычанасць па крэдытах і працэнтах – 45 млрд. рублёў. Праз паўгода запазычанасць банкам ужо складала 70 млрд. рублёў. Руплівасці ў гаспадаранні гэта становішча не дадало. Зараз гаспадарка Магілёўскім аблвыканкамам аднесена да неплацёжаздольных – мабыць, кавуны дапамогуць выбрацца з гэтага статусу.
У Беларусі распрацавана Дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года. У дактрыне адзначана, што у 2010-2015 гадах на ўнутраным рынку ў агульным аб’еме продажу харчовых тавараў імпартных было 19,5 адсоткаў. Пастаўлена задача знізіць паказчык да 15 – да 2020 года і 14 – к 2030. На полках жа крамаў у 2019 годзе было 22,5% харчовага імпарту – усё з дакладнасцю наадварот. Высокая доля садавіны – 91,6%, алею расліннага – 88, рыбы – 81,4, крупы грэчневай – 72,6, кандытарскіх вырабаў з цукру – 49,4, сокаў – 37,5, макаронных вырабаў – 35,8, дзіцячага харчавання – 32,4%.
Такім чынам, прааналізаваўшы паказчыкі харчовага імпарту, можна заўважыць, што 7,5% паставак з-за мяжы на сумленні чыноўнікаў, бо па шэрагу пазіцый яны проста абавязаны былі зрабіць дзейсны акцэнт на магчымасці беларускай сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Гэта калі дбаць пра Радзіму і дабрабыт беларусаў, а не займацца валютным марнатраўствам..
Пётр Мігурскі