Доля продажу беларускіх харчовых тавараў тутэйшым гандлем ў апошнія гады мае вельмі цікавы трэнд: у 2017 годзе яна складала 80,8%, у 2018 – 79,5, у 2019 годзе зноў панізілася – да ўзроўню 77,5%. Адпаведна рос імпарт харчавання. На фоне поспехаў сельскай гаспадаркі пад кіраўніцтвам самі ведаеце каго дужа цікавая тэндэнцыя на скарачэнне спажывання айчыннай прадукцыі. А можа з іншымі трэндамі таксама не ўсё ў парадку?
Бітва за ўраджай мае свае тактыку і стратэгію, якія павінны вывесці на нейкі, пажадана дадатны, вынік. Кожны год наш урад рапартуе аб небывалых поспехах у збожжаводстве, але ўзровень забяспячэння зернем нашых патрэб вагаецца на узроўні 89-85%. Бульбы, якой раней вырошчвалі каля 10 млн. тон у год, зараз купляем амаль пад 100 тыс. тон за мяжой і гэта пры яе забяспячэнні з айчынных палеткаў на 106,4%. Абсурд! Аналагічны трэнд па іншых харчовых пазіцыях: цукар, якога ў Беларусі вырабляем болей чым на 180% ад патрэбы, чамусьці імпартуем з дзесятка краінаў; раслінны алей таксама вырабляецца на 180%, але ў харчовым кошыку беларусаў ён займае толькі… 15-20%, прычым з устойлівым трэндам на скарачэнне спажывання беларускага алею. Свежай садавінай і гароднінай айчынныя аграрыі забяспечваюць беларусаў толькі на 10%, а дзе ж тады вынікі працы айчыннай цяплічнай гаспадаркі!? Праўда, у калгасе “Рассвет” Кіраўскага раёну ўзяліся за вырошчванне кавуноў – на фінішы пастаўлена мэта нават стварыць брэнд “Магілёўскія кавуны”. Але яшчэ у 2018-2019 гг. фермеры, якія займаюцца вытворчасцю гэтай бахчавай культуры пачалі біць у званы з-за адсутнасці попыту – кавуны атрымаліся вельмі дарагія і не такія якасныя, як імпартныя. Колькі ж расветаўцы маглі б вырасціць агуркоў у цяпліцы, плошча якой занята пад расаду з імпартнага ж насення кавуноў? Але ж яшчэ 5 гектараў будзе адведзена вельмі ўрадлівай глебы пад высадку расады, якую можна было б заняць памідорамі ці тымі ж агуркамі. Няўжо магілёўскі губернатар, аграном па спецыяльнасці, ня змог спыніць аграрны валюнтарызм у канкрэтнай гаспадарцы? Бачна, не хацеў – вельмі ён любіць знешнія эфекты, нават калі яны здараюцца яшчэ на стадыі планавання і высадкі расады. І не важна, што калгас “Рассвет” карыстаецца падтрымкай дзяржавы на забяспячэнне вытворчасці традыцыйнай прадукцыі, якую і павінен нарошчваць ударнымі тэмпамі.
Многа інвеставана грошай у вытворчасць рыбы, але ў пастаўках на айчынныя прылаўкі так і не перасягнулі 50% рубеж ад усяго спажывання, прычым, ад года ў год хістанні да 2%, і не ў бок падвышэння паказчыка долі гандлю айчыннай рыбнай прадукцыяй. Доля імпарту мучных вырабаў вырасла за апошнія гады на 8%, кандыдарскіх вырабаў на 6% – гэта якраз тыя прадукты, якія беларуская вытворчасць можа пастаўляць айчыннаму гандлю.
Такое ўражанне, што нашы вучоныя, ды і некаторыя практыкі таксама, разглядаюць Беларусь, як кліматычны анклаў з чатырмя кліматычнымі зонамі, што гарантуе сельскай гаспадарцы шматвектарнасць развіцця і адкрывае магчымасці для вырошчвання большага ассартыменту культур. Але ж, клімат вельмі дынамічны па характару, мае прыродныя хістанні, што не схіляе для кардынальных зменаў у спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Возьмем для прыкладу паўночныя вобласці Украіны, што для нас адпаведна з’яўляецца поўднем. Дык вось, ніколі Чарнігаўская вобласць не ставіла мэтай акцэнтаваць сельскагаспадарчую вытворчасць на вырошчванне паўднёвых культур. Традыцыйна чарнігаўцы спецыялізуюцца на зерневых культурах і цукровых бураках, якія таксама масава вырошчваюцца ў Беларусі.
Трэба сказаць, што у нашай сельскай гаспадарцы мноства праблемаў, якія могуць негатыўна адбівацца на выніках працы. З пункту гледжання перпектывы забяспячэння працоўнай сілай праблема цякучасці кадраў – гэты паказчык дасягае 20% у год. Пры гэтым ва ўзросте 21-27 гадоў на 1000 хлопцаў прыходзіцца толькі 820 дзяўчын-выданніц. Скарачаецца доля моладзі-працаўнікоў на вёсцы, прычым, якраз у апошнія гады – калі ў 2010 годзе ва ўзросце да 31 году на вёсцы працавала 20,7%, то на 2019 год гэты паказчык знізіўся да 16,7%. Цікавы трэнд на фоне мільярдных інвестыцый у сельскую гаспадарку, у тым ліку і ў яе інфраструктуру. Усё ж такі ўзровень заробкаў і рэжым працы і адпачынку з’яўляецца вызначальным пры выбары моладдзю жыццёвага шляху. Пры гэтым узровень заробку адносна іншых галінаў эканомікі ў сельскай гаспадарцы зніжаецца з году ў год. Калі ў 2013 годзе намінальны заробак у сельскай гаспадарцы быў 74,8% ад сярэдняга па эканоміцы, у 2017 – 68,5%, то па выніках 2018 года ён знізіўся да узроўню ў 67,1%.
Што рабіць, каб аграрныя трэнды мелі дадатную дынаміку. Па-першае, далей ад кіраўніцтва галіной трымаць розных там рэфарматараў, якія ў развіцці калгасаў і ў цэлым каманднай сістэмы бачаць перспектыву; па-другое, выкінуць з галавы, што прымяненне інтэнсіўных тэхналогій без змены сістэмы гаспадарання дасць рэвалюцыйны вынік; па-трэцяе, штучнае стварэнне буйных інтэгрыраваных сістэм патрабуе высокіх укладанняў дзяржаўных грошай (для прыкладу ООО “Купалаўскае” Шклоўскага раёна) і не вядзе да ўстойлівых вынікаў; па-чацвёртае, канцэнтрацыя вытворчасці без развіцця прыватнага сектара неперспектыўна ўвогуле – не спрацуе стымул для самаразвіцця. Гэтаму пацверджанне трэнды зніжэння эфектыўнасці сельскай гаспадаркі пры адначасовым росце аб’емных паказчыкаў. Па выніках 2019 года сельская гаспадарка Беларусі атрымала больш малака, зерня, іншай прадукцыі. Але ж з 355 да 447 павялічылася колькасць гаспадарак, у якіх неплацёжаздольнасць мае ўстойлівы характар. Дарэчы, калі ў 2017 годзе рэнтабельносць продажу была 6,9%, то за 2019 год гэты паказчык склаў толькі 4,6%. Прыбытак ад рэалізацыі скараціўся ў сельгасарганізацыях з 707,8 млн. рублёў да 598.
Што ж гэта за нарошчванне прадукцыі з адначасовым пагаршэннем эканамічнага стану сельскагаспадарчай галіны? Ці адсочваюць нашы міністры і галоўнакамандуючы такія суадносіны росту-пагаршэння? Ці здолеюць яны звярнуць увагу на прыватны сектар, які змагаецца за выжыванне на вёсцы? Мабыць, ім гэтага не зразумеюць, пакуль структура маёмасці працуе на кішэню “вертыкалі”. Тады патрэбны зусім іншыя трэнды, але ўжо палітічнага характару.
Пётр Мігурскі