Міністэрства аховы здароўя Беларусі 29 красавіка апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 29 красавіка ў Беларусі зафіксавалі:
- агулам 13 181 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 84 памерлі, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, што гэта ня так);
- 2027 «паправіліся і выпісаныя»;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 973 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 253 пацыенты;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 168 986 тэстаў, плюс 7958 за дзень;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Днем раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 12 208 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 826 за дзень) і 79 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных.
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
І місія Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), і каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі ўлады краіны да неадкладных і маштабных дзеяньняў у сувязі з эпідэміяй COVID-19.
У ліку такіх захадаў, якія пакуль не прымаюць беларускія ўлады, перанос масавых мерапрыемствах, дыстанцыйная адукацыя, спыненьне працы неістотных прадпрыемстваў і скарачэньне некрытычных перамяшчэньняў людзей.
Гэтыя рэкамэндацыі WHO агучвала і публікавала і раней, але дзяржаўныя СМІ іх праігнаравалі, а Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, нібы WHO рэкамэндавала яму ўвесьці камэнданцкі час, але пакуль ён ня бачыць такой патрэбы. Арганізацыя не публікавала і прынамсі публічна не агучвала такіх рэкамэндацыяў, піша Радыё Свабода.