Галоўная » Плошчу Леніна ў Ленана, вуліцу Астроўскага ў Астрожскага – эксперты сабраліся на Круглы стол у Магілёве

Плошчу Леніна ў Ленана, вуліцу Астроўскага ў Астрожскага – эксперты сабраліся на Круглы стол у Магілёве

Перайменаваць вуліцу Астроўскага ў вуліцу Астрожскага, надаць скульптуры Зорніка на Зорнай плошчы ў Магілёве імя Мікалая Каперніка. Падкрэсліць факт надання плошчы перад гандлёвым цэнтрам Атрыум, на якой тысячы магілёўцаў у 2020 годзе прадэманстравалі сваё адзінства і салідарнасць падчас пратэстаў – у Плошчу народнага Адзінства – такія прапановы гучалі на мерапрыемстве.

У Магілёве 25-26 верасня праходіць Круглы стол “Помнікі горада Магілёва: сучаснасць і перспектывы”, у якім бяруць удзел вядомыя навукоўцы і актывісты з Магілёўскай вобласці. Гэта эканаміст Пётр Мігурскі, гісторыкі Аляксандр Агееў і Аляксей Бацюкоў, гісторык і архівіст Алесь Петухоў, географ Ігар Шаруха і іншыя эксперты. Сярод актуальных тэм для абмеркавання – стан і праблемы захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў і помнікаў архітэктуры ў Магілёве, праблемы сучаснай гарадской тапанімікі, рэпрэзентацыя культурнай спадчыны ў помніках.

Падсумоўваючы сітуацыю з актуальным станам тапанімікі, Ігар Шаруха адзначыў, што ў нашым грамадстве відавочна не замацавалася паважлівага да яе стаўлення, і гэта цягнецца яшчэ з часоў СССР. Да прыкладу, калі на ўвесь Савецкі Саюз прыходзілася ўсяго 250 тысяч тапонімаў (праз іх паўтарэнне амаль у кожным населеным пункце), то ў зусім невялікай Швецыі іх 12 мільёнаў. Грамадства гэтай краіны ўспрымае кожную народную назву, што бытнуе ў свядомасці, як культурны помнік і ахоўвае іх. 

Таксама эксперты звярнулі ўвагу на непаважлівае стаўленне і ўжо зафіксаваных тапонімаў. Гэта праяўляецца, напрыклад, у неахайным афармленні назваў герадскіх вуліц і прыпынкаў грамадскага транспарту. Так, можна пабачыць аншлагі, на якіх вуліца Сака і Ванцэці называецца “вуліца С. Ванцэці”, з аншлагаў на вуліцах Астроўскага, Раманава і іншых незразумела, якім канкрэтна людзям прысвечаныя назвы гэтых вуліц, бо прозвішччы падаюцца без імя ці ініцыялаў. 

Экспертныя прапановы, якія прагучалі ў гэтай сувязі – прапанаваць Магілёўскаму гарвыканкаму ўключаць у планавыя работы па замене аншлагаў таксама напісанне на іх імёны тых людзей, каму прысвечаная назва вуліцы. Таксама прапанавана было размяшчаць кароткую біяграфічную даведку пра гэтых гістарычных асоб. Сярод іншых прапаноў – прапанаваць перайменаванне адыёзных савецкіх назваў у сугучныя нейтральныя, ці беларускія назвы, як гэта робіцца і ў іншых гарадах ды краінах. Падобна таму, як ва Украіне вуліцы Леніна пераймяноўвалі ў вуліцы імя Джона Ленана.

Не абышла грамадскасць увагай і безумоўна станоўчы факт надання пляцоўкі перад Атрыумам імя Плошчы народнага Адзінства. Пляцоўка, якая на працягу пратэстаў 2020 года стала месцам праявы гараджанамі свайго сапраўднага адзінства, адпавядае сваёй скчаснай назве лепш чым любая іншая. 

У сваім выступе Аляксей Бацюкоў паведаміў пра сітуацыю з станам архітэктурных помнікаў у Магілёве. Станоўчыя тэндэнцыі заўважныя – гэта наданне ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Магілёва другой катэгорыі, што ўскладніць спробы парушэння архітэктурнай гармоніі. Гэта, таксама, ўвядзенне ва ўпраўленні культуры гарвыканкама асобнай пасады інспектара па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў, гэта пашпартызацыя ўсіх помнікаў, што ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

Таксама эксперт пазнаёміў з праектам kropki.by, на якім сабрана інфармацыя пра ўсе помнікі Магілёва, прадстаўлены магчымасці мабільнай запампоўкі інтэрактыўнай мапы горада з сістэмай маніторынга правапарушэнняў і арыгінальнымі экскурсійнымі турамі і квестамі па горадзе.

Неабходнасць ушанавання ў помніках беларускіх дзеячоў, а таксама пра адсутнасць у горадзе хоць аднаго помніка знакамітаму магілёўцу падкрэсліў Аляксандр Агееў. Ё таксама прадставіў дэтальны аналіз амаль 90 мемарыяльных шыльд і таблічак, што паявіліся ў горадзе за гады незалежнасці.