Магілёўская альтэрнатыўная супольнасць абмяркоўвае магчымасць сабраць сродкі на помнік Аляксандру Касабуцкаму, больш вядомаму як Клайд Эрман ці проста дзядзька Клайд.
Аляксандр быў вядомым арганізатарам моладзевых альтэрнатыўных мерапрыемстваў з сярэдзіны 1990-х прыкладна да сярэдзіны 2000-х. У большасці гэта былі музычныя канцэрты і фестывалі выканаўцаў у розных кірунках рок-музыкі.
Нефармальнае аб’яднанне творчых асобаў, якое арганізаваў спадар Касабуцкі называлася “В тихом омуте…” Гэта незвычайная іранічная назва адлюстроўвала сітуацыю сярод маладых музыкантаў, паэтаў, мастакоў – сітуацыю існавання ў сучаснай культурнай прасторы, сітуацыю з магчымасцямі творчай рэалізацыі ў сённяшнім грамадстве.
Галоўнай мэтай дзейнасці аб’яднання Аляксандр называў менавіта дапамогу ў арганізацыі разнапланавых мерапрыемстваў і прапаганду самастойнай тврчасці моладзі – калі, напрыклад, нестандартным, арыгінальным літаратарам патрэбен свой чытач праз альтэрнатыўныя выданні, магчымасць абмяркоўваць сваю творчасць, атрымліваць зваротную сувязь падчас сустрэч ці прэзентацый. А пачынаючым таленавітым мастакам патрэбныя незалежныя выставы. Як і маладым музыкантам неабходны фестывалі і канцэрты альтэрнатыўнай музыкі.
Таксама спадар Клайд быў галоўным рэдактарам самвыдатаўскага часопіса (аднайменнага з назвай грамадскага аб’яднання), дзе адлюстроўваліся усе падзеі супольнасці. Акрамя таго быў аўтарам і выканаўцам уласных песен у гурце “Інтэрвенцыя Джа”.
Злева на здымку – журналіст Юры Раманаў, вядомы яшчэ па ўсім былым Савецкім Саюзе, як выдавец андэграўднага магілёўскага часопіса “окоРОК”; з права на здымку – спадар Клайд прэзентуе першыя нумары часопісаў “ОН” (“ОкоРОК Новый”) і “В тихом омуте…”)
Шмат гадоў прысвяціў Аляксандр актыўнай дзейнасці ў магілёўскім андэграўндзе. Але і далей, амаль што да апошніх дзён, ён наведваў творчыя сустрэчы, мерапрыемствы, канцэрты – заўсёды цікавіўся тым, што адбывалася ў Магілёве, ды і ў іншых рэгіёнах краіны.
Таксама мелася ў планах зрабіць юбілейны канцэрт “Рок-акустыка” – прысвечаны дваццацігоддзю першага рок-акустычнага фестывалю, у якім напрыканцы 1990-х, па запрашэнні Клайда, на працягу двух дзён бралі ўдзел госці з усёй Беларусі.
Цяпер, на вялікі жаль, абмяркоўваюцца варыянты правядзення канцэрта памяці Аляксандра. Светлая яму памяць.
Нагадаем, што Аляксандр Касабуцкі памёр 9 траўня ад цяжкой хваробы. Пахаванне адбылося 10 траўня на Лаўсанаўскіх могілках.
Ад сяброў, калегаў-музыкантаў і арганізатараў канцэртаў таксама ёсць прапановы звярнуцца да спецыялістаў у галіне кіна-відэарэжысуры наконт стварэння фільма памяці гэтага незвычайнага і цікавага чалавека, збіраюцца відэаматэрыялы.
Клайд Эрман быў таленавітым арганізатарам. На здымку – магілёўская дэлегацыя па прыездзе на рок-фестываль “Протяг” ва ўкраінскі горад Роўна – менавіта Аляксандр (у першым шэрагу па цэнтры, перад прыгажуняй) быў ініцыятарам гэтай паездкі.
Дзмітрый Нікалаеў,
фотаздымкі з архіву Аляксандра Касабуцкага