Крэмль сочыць за палітычнымі крызісамі ў суседзяў, але рэагуе адносна асьцярожна. Магчыма, гэта зьвязана з новым, больш прагматычным падыходам да звычайнай «сфэры ўплыву».
На фоне масавых хваляваньняў на постсавецкай прасторы, у Крамлі, верагодна, спадзяюцца на больш спакойны 2021 год і думаюць, як захаваць свой уплыў у блізкім замежжы, маючы ў распараджэньні абмежаваныя рэсурсы. Піша карэспандэнт RFE/RL Мэт’ю Лаксмур.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні, якія прайшлі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, у краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія прымусілі аўтарытарнага лідэра Лукашэнку шукаць падтрымкі Масквы.
У верасьні прыгаслы канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху зноў увайшоў у гарачую стадыю, але цяпер на ролю вонкавага арбітра акрамя Расеі прэтэндуе Турэччына.
У кастрычніку апазыцыя ў Кіргізстане штурмам узяла ўрадавыя будынкі ў сталіцы краіны Бішкеку, а дружалюбны Маскве прэзыдэнт сышоў у адстаўку, каб пазьбегнуць кровапраліцьця.
У лістападзе на выбарах у Малдове дзейны прарасейскі прэзыдэнт прайграў кандыдатцы, якая абяцае курс на збліжэньне з Эўропай. Гэта яшчэ адзін удар па інтарэсах Масквы на постсавецкай прасторы.
Крэмль сочыць за палітычнымі крызісамі ў суседзяў Расеі, але рэагуе адносна асьцярожна. Магчыма, гэта зьвязана са зьменай геапалітычных прыярытэтаў Масквы і інструмэнтаў іх дасягненьня, лічаць экспэрты. Масква пачынае весьці больш прагматычную палітыку ў рэгіёне, які яна традыцыйна адносіць да сфэры свайго ўплыву.
«Расея пачынае па-іншаму разумець, што гэта за ўплыў, — кажа палітоляг Фёдар Лук’янаў. — Гэта натуральны крок у ходзе постімпэрскай трансфармацыі».
Пра гатоўнасьць Крамля абараняць свае інтарэсы на постсавецкай прасторы сьведчаць уварваньне ў Грузію ў 2008 і ўкраінскі крызіс 2014 году, калі Расея анэксавала Крым і выкарыстала войскі для падтрымкі сэпаратыстаў на Данбасе пасьля скіданьня прамаскоўскага прэзыдэнта ў Кіеве.
Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін настойвае на ключавой ролі Расеі на сусьветнай арэне і незадаволены ўплывам Захаду; ён ня раз заклікаў ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаваў, кіраўніцтву якіх ён аказваў падтрымку ў пэрыяд палітычнай нестабільнасьці.
Але нават на такім фоне 2020 год аказаўся беспрэцэдэнтна турбулентным: штармавы фронт распасьціраецца ад Беларусі і Малдовы праз Закаўказьзе да Цэнтральнай Азіі. Здаецца, што Масква стаіць убаку і толькі назірае за тым, як разьвіваецца сытуацыя, па меншай меры, на пачатковым этапе. На думку экспэртаў, гэтая больш пасіўная пазыцыя — прадуманая стратэгія, заснаваная на разуменьні сваіх абмежаваньняў, але не адыход Крамля ад сваіх геапалітычных прынцыпаў.
«З пункту гледжаньня Масквы, усе былыя савецкія рэспублікі цяпер пакінутыя самі сабе. Праз трыццаць гадоў пасьля распаду СССР яны цяпер незалежныя дзяржавы. Палітыка і эмоцыі падзеленыя: ніякіх асаблівых адносін, ніякіх зьніжак».
За гэтым новым падыходам, верагодна, стаяць фінансавыя меркаваньні.
Эўразійскі эканамічны саюз, створаны зь ініцыятывы Масквы, павінен быў ахапіць 200 мільёнаў былых грамадзян СССР і скласьці канкурэнцыю Эўразьвязу. Аднак паглыбленай інтэграцыі не адбылося пасьля таго, як Расея скараціла фінансаваньне праекту, а іншыя чальцы выказалі заклапочанасьць яго палітычным падтэкстам.
Заходнія санкцыі мала паўплывалі на ўнутраную і зьнешнюю палітыку Расеі, аднак у спалучэньні з пандэміяй COVID-19 яны ўдарылі па расейскай эканоміцы, праз што Крамлю давялося перагледзець сваю палітыку на постсавецкай прасторы, лічыць Юваль Вэбэр, спэцыяліст у пытаньнях вайскова-палітычнай стратэгіі Расеі ў Каледжы дзяржслужбы імя Джорджа Буша ў Вашынгтоне і Цэнтры ім. Крулака пры Ўнівэрсытэце корпусу марской пяхоты.
Кіраўнікі былых савецкіх рэспублік, якія выкарыстоўвалі абяцаньне падтрымкі з боку Расеі для кансалідацыі свайго электарату, цяпер сутыкнуліся зь цяжкасьцямі, калі гэтая падтрымка спынілася. Можна сказаць, што Расея стала эканоміць на зьнешняй палітыцы. «Калі не пасылаеш грошы, на твой тэлефонны званок адказваюць ня так ахвотна», — кажа Вэбэр.
Пры гэтым Расея зусім не адмаўляецца ад сваёй ролі на постсавецкай прасторы. Пасьля некаторых ваганьняў з нагоды канфлікту паміж Армэніяй і Азэрбайджанам Крэмль нарасьціў вайсковую прысутнасьць за кошт міратворцаў у Нагорным Карабаху. Аднак пры гэтым легітымным удзельнікам перамоўнага працэсу стала Турэччына, найбліжэйшы саюзьнік Азэрбайджану.
Пуцін па-ранейшаму актыўна падтрымлівае сваіх калегаў у былых савецкіх рэспубліках, абапіраючыся на асабістыя сувязі і абяцаньні падтрымкі. «Мы будзем рабіць усё для таго, каб падтрымаць вас як кіраўніка краіны», — заявіў ён на сустрэчы з кіргіскім прэзыдэнтам Сааранбаем Жээнбекавам 28 верасьня. Праз два тыдні Жээнбекаў падаў у адстаўку на фоне пратэстаў пасьля спрэчных парлямэнцкіх выбараў, і Масква ня стала за яго заступацца.
Іншыя транснацыянальныя праекты Масквы акрамя Эўразійскага эканамічнага саюзу таксама застаюцца нерэалізаванымі. Плян стварэньня паўнавартаснай саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі буксуе нават нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка адчувае калясальны націск Масквы, якая выстаўляе ўмовы падтрымкі яго хісткаму рэжыму (гэтая падтрымка ў сваю чаргу можа аддаліць ад Расеі многіх беларусаў, для якіх Лукашэнка стаў непрымальнай фігурай).
Палітычны крызіс у Беларусі закранае Крэмль больш, чым вайна ў Нагорным Карабаху і пераварот у Кіргізстане. Рэжым Лукашэнкі, які будаваўся на працягу 26 гадоў, шмат у чым падобны да становішча Пуціна ў Расеі: уся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта, які з падазрэньнем ставіцца да Захаду і імкнецца задушыць любую апазыцыю ў зародку.
Адданыя Лукашэнку сілавікі ўжываюць гвалт, але пакуль ня могуць задушыць пратэсты, які пачаліся ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Калі Пуцін вырашыць пяты раз балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў 2024 годзе, ён можа разглядаць сытуацыю ў Беларусі як магчымы сцэнар барацьбы зь нязгоднымі ў Расеі.
«Падзеі ў Беларусі немагчыма ігнараваць, — лічыць экспэрт і былы крамлёўскі сьпічрайтэр Абас Галямаў. — Лукашэнка паводзіць сабе гэтак сама, як у падобных сытуацыях дзейнічае Пуцін. І калі паўстаньне ў Беларусі акажацца эфэктыўным, нельга выключаць і паўстаньне ў Расеі ў 2024 годзе».