Калі вы ўжо нарыхтавалі на зіму бульбы і капусты і раптам вас накрыла… настальгія па сацыялістычным рэалізме, то замесц восеньскага кірмаша наведайце музей Бялыніцкага-Бірулі. Там цяпер якраз праходзіць выстава жывапісу “Плынь часу” майстроў старэйшага пакаленьня з фондаў Нацыянальнага мастацкага музею. Некаторыя з іх пачыналі тварыць яшчэ да рэвалюцыі 17 году, але для большасьці “росквіт” прыпаў на сярэдзіну мінулага стагоддзя – эпоху так званага сац-рэалізму.
Як і любы іншы рэалізм, сацыялістычны — даволі просты і, я б сказаў нават, шчыры жанр, без асаблівых выкрунтасаў ды эстэтычных амбіцый. Дый жанрам яго не назавеш, гэта бадай стыль, што сфармаваўся ў СССР у 30-40 гады мінулага стагоддзя на заказ кіроўнай эліты дзеля прапаганды камуністычных ідэалаў. А паколькі тадышняя кіраўнікі Краіны Саветаў “універсітэтаў не канчалі”, то адпаведна і густы ды эстэтычныя патрабаваньні іх былі даволі кансэрватыўныя. Таму сац-рэалізм — гэта той жа крытычны рэалізм Расеі 19 ст., з якога “вынулі крытыку” (пры сацыялізме крытыкаваць няма чаго, усе заганы засталіся ў мінулым), але дадалі аптымізму ды манументальнасці, бо наперадзе ж было такое шчасьце — перамога камунізьму! Вось яно і атрымалася: то – праз меру жыццярадасна, мажорна, то – задужа масштабна і “супер”гераічна, але чым далей – тым больш схематычна, аднабока і ўсё… далей ад жыцця. Вобразы і сюжеты, якія культываваў сацрэалізм, робяцца лёгка пазнавальнымі, але стандартнымі, хадульнымі; мастацкая індывідуальнасьць, эксклюзіўны творчы “почырк” не прывячаўся, эксперэменты ці “эстэтства” не ўпісваліся ў “генеральную лінію партыі”. Мастацтва належыць народу?— таму й павінна быць лёгка зразумела кожнай даярцы і разнарабочаму. Бадай толькі з пачаткам палітычнай адлігі з’яўляюцца сьвежыя павевы ў мастацтве БССР.
Менавіта таму, большасьць карцін сёнешняй экспазіцыі даволі аднастайныя, “праходныя”, а тыя, што вылучаюцца з агульнага фону, пераважна аўтараў, якія дажылі да “адлігі” і пасьпелі разняволіць свой стыль новымі творчымі прыёмамі (А. Забораў, М. Валынец, А. Малішэўскі). Кідаюцца ў вочы яшчэ тры вялікіх “сацрэалістычных” вароны з карціны Ул. Старчакова, што на фоне новабудоўлі 1958 года, вядуць сваю адвечную справу —цікуюць за людзямі— дзе б чаго ўкрасьці? Тэма для сацыялізма была заўсёды актуальная, але ў жывапісе так і не раскрытая, а таму відаць, плаўна перакачавала ў нашыя посткамуністычныя часы. Разам з варонамі, калгасамі, марай пра справядлівасьць і… настальгіяй па сацрэалізму.
Васіль Аўраменка