Журналістка і наглядальніца Музея гісторыі Магілёва Алена Барысава, а таксама кіраўніца літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага драматычнага тэатра Вольга Семчанка былі пакараныя штрафамі 21 кастрычніка за ўдзел у мірных, але супрацьуладных шэсцях ў жніўні-верасні бягучага года.
Суддзя Кастрычніцкага райсуда Вольга Зарычнюк, якая судзіла Алену Барысаву, аб’яднала тры пратаколы аб яе нібыта адміністрацыйных правапарушэннях, якія былі складзены ў Ленінскім РАУС Магілёва. Яны тычыліся ўдзелу жанчыны ў мірных, але несанкцыянаваных, масавых акцыях 23 і 30 жніўня і 13 верасня.
Алена Барысава не хавала, што яна прымала ўдзел у даных акцыях, прызнала сваю віну, але адзначала, што мае канстутыцыйнае права на мірнае публічнае выражэнне свайго меркавання. І для гэтага, паводле яе, ніякага дазволу гарвыканкама не патрабуецца. Барысава таксама адзначала, што яе ўдзел у шэсцях быў справакаваны дзеяннямі праваахоўнікамі, якія здзяйснялі гвалт супраць мірных грамадзян у першыя дні пасля галасавання на выбарах прэзідэнта. Жанчына адзначала, што не згодная з словазлучэннем “апазіцыйная сімволіка” ў адносінах да бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”, бо “гэта сімвалы нашай краіны”, а заклік “Жыве Беларусь!” не з’яўляецца нечым супрацьзаконным. “Я з гонарам прымала ўдзел у гэтых шэсцях, бо ўпершыню за 30 гадоў адчувала, што беларусы адбыліся як нацыя. Нацыя годных людзей”, – заявіла Алена Барысава.
Суддзя Зарычню прысудзіла супрацоўніцы музея 20 базавых велічынь штрафа (540 рублёў). Барысава не збіраецца абскарджваць рашэнне суда.
Штраф у 10 базавых велічынь (270 рублёў) прысудзіла Вользе Семчанка суддзя таго ж суда Наталля Крашкіна за ўдзел у дзвюх мірных акцыях. У адрозненні ад Барысавай, Семчанка будзе абскарджваць вырак, але таксама як і супрацоўніца музея не шкадуе аб сваім удзеле ў мірных шэсцях. Адзначым, што раней гэтая работніца драмтэатра адбыла сямісутачны арышт па тому ж артыкулу 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Варта адзначыць, што штодня магілёўскія суды праводзяць працэсы над удзельнікамі мірных масавых акцый, прысуджаючы ім альбо штрафы, альбо суткі арышту. Папярэджанні ці апраўданні ў такіх працэсах, якія слушна лічацца палітычнымі, – адзінкавыя выпадкі.
Уладзімір Лапцэвіч