Спроба працаўніка бабруйскага прадпрыемства звольніцца і паехаць на працу ў іншую краіну прывяла да пераследу з боку наймальніка.
Прадукцыя «Белшыны». Фота: gazeta-ts.byЭлектрык ААТ «Белшына» Сяргей Кудрашоў дамовіўся пра прыём на працу ў Латвіі і атрымаў неабходную візу. Пасля гэтага ён паспрабаваў звольніцца паводле пагаднення бакоў. Зрабіць гэта не атрымалася, але работнік вырашыў у любым разе ехаць за мяжу, хоць нявыхад на старое месца працы пагражаў звальненнем за прагул.
Фрагменты перапіскі Сяргея Кудрашова з Віталём БолбасамАле замест звальнення яму 25 верасня пачаў пісаць вядучы энергетык прадпрыемства Віталь Болбас, які пагражаў заявай у міліцыю і заяўляў, што Кудрашову могуць абмежаваць выезд за мяжу. Пасля гэтага бацьку працаўніка пачалі тэлефанаваць і патрабаваць з’явіцца на прадпрыемства, каб патлумачыць, дзе знаходзіцца ягоны сын.
«Пайшлі вы ў лес па грыбы!»
У каментары belsat.eu юрыст прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка заявіў, што вядучы энергетык «Белшыны» займаецца «самадурствам», бо ў яго няма на такія дзеянні паўнамоцтваў. Віну ж у гэтай сітуацыі спецыяліст ускладае на кантрактную сістэму, якая пануе ў Беларусі.
«Калі б у яго [Сяргея Кудрашова. – belsat.eu] не было кантракту, ён бы за месяц паведаміў наймальніку пра сваё жаданне звольніцца на ўласнае жаданне – і ўсё. А тут, напэўна, ёсць кантракт. Гэта заганная сістэма ў нашай краіне, калі з чалавекам заключаецца кантракт на максімальны тэрмін, і ён не мае права звольніцца, нават калі знайшоў сабе больш прывабную працу з больш высокім памерам аплаты», – адзначыў юрыст.
Фрагменты перапіскі Сяргея Кудрашова з Віталём БолбасамЛеанід Судаленка падкрэсліў, што прафсаюз РЭП будзе абараняць працаўніка і пра патрэбе звяртацца ў праваахоўныя органы.
Юрыст таксама нагадаў, што бацькі адказваюць за сваіх дзяцей толькі да іх 18-годдзя.
«Прычым тут бацькі? Павінны цвёрда сказаць гэтаму чалавеку, які іх будзе турбаваць: «Пайшлі вы ў лес па грыбы!» І будуць правыя», – заявіў Леанід Судаленка.
У выпадку ж наяўнасці ў наймальніка нейкіх матэрыяльных прэтэнзіяў да працаўніка, закон дазваляе вырашыць гэтыя пытанні цягам года праз суд, а «не дзейнічаць такім чынам».
Юрыст адзначыў, што ў Беларусі існуе шмат выпадкаў, калі людзі вымушаныя звальняцца праз прагул. На ягоную думку, калі ў краіне не будуць ствараць новыя працоўныя месцы з добрай аплатай, эканамічную міграцыю за мяжу ўжо будзе не спыніць.
Каб звольніць, трэба тлумачэнне
Між тым вядучы энергетык Віталь Болбас у каментары belsat.eu абверг заявы пра перашкоды звольніцца. Паводле яго, Сяргей Кудрашоў пасля адпачынку проста не выйшаў на працу.
«Каб яго звольніць, нават за прагул, нам трэба нейкае яго тлумачэнне. Адкуль я ведаю, ці ён працуе, ці не працуе. Ён жа можа быць на тэрыторыі рэспублікі. Я ж не магу так меркаваць. Ён, можа, прыедзе з той самай Прыбалтыкі і скажа, што быў на аздараўленні», – расказаў суразмоўца.
Віталь Болбас таксама паведаміў, што ў такім выпадку абавязаны законам зрабіць запыт у міліцыю і наведаць працаўніка ўдома.
«Калі б была ягоная тлумачальная, яго б звольнілі, і ніякіх бы праблемаў не было», – расказаў непасрэдны начальнік Сяргея Кудрашова.
30 верасня быў падрыхтаваны афіцыйны зварот у УУС, каб атрымаць афіцыйныя звесткі, ці сапраўды выехаў Сяргей Кудрашоў за мяжу. Размаўляць з былым падначаленым Віталь Болбас пасля публікацыяў у медыя больш не хоча.
Што датычыць тэлефанаванняў бацькам, то, паводле суразмоўцы, тэлефанавалі толькі бацьку Сяргея Кудрашова, які на заводзе працуе зваршчыкам і ў той дзень быў на выходным. Яго прасілі даць тлумачэнне, каб у прадпрыемства былі нейкія падставы для далейшых дзеянняў, адзначыў вядучы энергетык.
МГ, belsat.eu