Галоўная » Прадстаўнік СААЗ у Беларусі: высілкі для стрымлівання каранавіруса недастатковыя

Прадстаўнік СААЗ у Беларусі: высілкі для стрымлівання каранавіруса недастатковыя

Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у каментары TUT.by выказаўся наконт сітуацыі з распаўсюдам каранавіруса ў нашай краіне. Ён заявіў пра адсутнасць “адэкватных мер фізічнага дыстанцыявання”. Бердыклычаў звяртае ўвагу на статыстыку Міністэрства аховы здароўя Беларусі, з якой вынікае, што “назіраецца ўстойлівы рост колькасці новых выпадкаў COVID-19 на працягу апошніх чатырох з паловай тыдняў”. І “тэмп прыросту” з’яўляецца адным з самых высокіх у Еўропе.

На 2 мая ў Беларусі пацверджана 15828 выпадкаў COVID-19. Гэта +911 выпадкаў за апошнія 24 гадзіны. На 1 мая налічвалася 14 917 пацверджаных выпадкаў COVID-19. (+890 выпадкаў). 28 красавіка было 919 новых выпадкаў, 29-га — 973, 30-га — 846.

“Развіццё эпідэміі шмат у чым залежыць ад мер у адказ, якія прымаюцца ў маштабах краіны, — кажа прадстаўнік СААЗ. — Эпідэмія ў Беларусі перайшла ў фазу мясцовай трансмісіі інфекцыі сярод насельніцтва, што патрабуе неадкладных дзеянняў па ўзмацненні мер фізічнага дыстанцыявання”.

Батыр Бердыклычаў лічыць, што, каб стрымаць і замарудзіць тэмпы эпідэміі, высілкаў толькі сферы аховы здароўя на гэтым этапе будзе недастаткова. І калі не будуць уводзіцца меры фізічнага дыстанцыявання, ён не бачыць падстаў чакаць пералому ў барацьбе з каранавірусам. А калі сітуацыя не зменіцца, найхутчэй варта чакаць далейшага росту новых выпадкаў COVID-19, кажа Бердыклычаў.

Раней Сусветная арганізацыя здароўя і прадстаўнік ААН ўжо заклікалі ўлады Беларусі прыняць агульнанацыянальныя меры па ўзмацненні фізічнага дыстанцыявання. Але ў нашай краіне працягваецца футбольны чэмпіянат, ідзе падрыхтоўка да вайсковага параду, праводзіўся суботнік.