Галоўная » Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году

Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў складзе экспэртаў Беларускага Хэльсынскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна» апублікавала аналітычную справаздачу аб назіраньні за фармаваньнем участковых выбарчых камісій (УВК).

24 чэрвеня скончылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій, якія непасрэдна арганізуюць галасаваньне і падлічваюць галасы. Усяго створана 5723 камісій, у іх склад увайшло 63 347 чалавек.

Адзначаецца, што ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 пагоршыліся ўмовы для назіраньня за фармаваньнем УВК, бо пастанова ЦВК ад 8 траўня не прадугледзела прысутнасьці на паседжаньнях прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, як гэта было на папярэдніх выбарах. Некаторым назіральнікам адмовілі без аб’ектыўнага абгрунтаваньня.

У палове выпадкаў, калі паседжаньні органаў па фармаваньні УВК праходзілі онлайн, прадстаўнікі кампаніі мелі цяжкасьці ў назіраньні праз кепскую якасьць трансьляцый, або наогул ня мелі такой магчымасьці, бо трансьляцыі не было. Часам замест онлайн-трансьляцыі выстаўляўся відэазапіс.

З 42 пасяджэньняў, на якіх ажыцьцяўляўся маніторынг, у 45% вылучаныя кандыдатуры не абмяркоўваліся, а ў 35% было прапанавана галасаваць за ўвесь сьпіс. У камісіях, дзе колькасьць вылучаных перавышала колькасьць месцаў, абмеркаваньне насіла фармальны характар, а ў выніку рэйтынгавага галасаваньня ў камісіі традыцыйна не траплялі прадстаўнікі апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацый.

Назіральнікі адзначаюць «вытворчы прынцып» фармаваньня выбарчых камісій, калі сябры камісіі прадстаўляюць адзін і той жа працоўны калектыў. Склад УВК ня выявіў значных зьменаў у параўнаньні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі.

Дыскрымінацыйны падыход

Паводле назіральнікаў, пры фармаваньні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі 6 чалавек (1,1%), у той час як з 3844, вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад камісій увайшлі 3717 чалавек (96,7%).

У камісіі ўключаныя амаль усе прадстаўнікі, вылучаныя пяцьцю праўладнымі арганізацыямі: БРСМ, «Белай Русьсю», Саюзам жанчын, Саюзам вэтэранаў, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (96,9% ад вылучаных).

Агульная колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партый у камісіях склала 6 чалавек, або 0,009% ад агульнага складу чальцоў УВК, што ў пяць разоў меней, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.

Адсутнасьць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэньня ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, як і раней, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненьні да апазыцыйных партый і рухаў.

Як паведамляе Радыё Свабода, у склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди» (0,04%). Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах за межамі краіны.

Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі