Упэўніцца, што вытворчасць магілёўскага «Омск Карбону» не будзе шкоднай для людзей і навакольнага асяроддзя. Дзеля гэтага актывісты зладзілі сустрэчу і запрасілі на яе прадстаўнікоў улады ды кіраўніцтва заводу. Аднак адказныя асобы сход праігнаравалі.
Дзмітрый Яўстратаў, арганізатар сустрэчы:
«Чаму выбар на гэтае прадпрыемства? Напэўна таму, што яно стала апошняй кропляй у чарадзе кластара хімічных прадпрыемстваў. Санітарна-ахоўная зона «Хімвалакно» па сутнасці стала санітарнай абароннай зонай для гэтага кластару прадпрыемстваў, і сумарнага выкіду, што выкідаюць гэтыя прадпрыемствы, напэўна, мне здаецца, ніхто і не лічыў».
Пасля пробнага запуску летась на «Омск Карбоне» адбыўся выкід цвёрдых часціцаў у атмасферу, які перавысіў норму ў 40 разоў. Вытворчасць прыпынілі, кіраўніцтва казала, што планава. Расследаваць сітуацыю прыцягнулі Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Цяпер прадпрыемства атрымала станоўчы вынік санітарна-экалагічнай экспертызы. Завод размясціў дакумент на сваім сайце, аднак у незалежных эколагаў засталіся пытанні.
Ганна Скрыган, міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Экапраект»:
«З аднога боку нібыта і прадстаўлены працэс ачысткі, але не прыведзеныя тэхнічныя параметры цыклонаў, якія аказваюцца істотнымі пры абмеркаванні і разуменні таго, што будзе адбывацца. Трэба ведаць магутнасць цыклонаў, як яны будуць абслугоўвацца, якія часціцы ўлоўліваюцца, куды гэта накіроўваецца».
Частка тэхнічных характарыстык складае камерцыйную таямніцу, заяўляюць прадстаўнікі «Омск Карбону», а таму размяшчаць яе ў агульным доступе не будуць. Азнаёміцца з дакументам цалкам на ўмовах неразгалошвання інфармацыі актывістам прапаноўвалі на адмысловай прэс-канферэнцыі на мінулым тыдні. Магілёўцы палічылі прапанову вывучэння больш за 100 старонак цягам прэсавай канферэнцыі нерэальнай. А чаму прапанову прыйсці на новую сустрэчу не падтрымалі прадстаўнікі заводу?
Андрэй Буракоў, старшыня юрыдычнага аддзелу «Омск Карбон Магілёў»:
– Ну, завод жа будуем. Не было магчымасці прыйсці ўчора.
– Ні ў кога?
– Так, мы ж не можам адправіць працоўнага нейкага. Мусіць жа быць кваліфікаваны спецыяліст.
Між тым, нават дасяжная на сайце ацэнка ўздзеяння прадпрыемства на навакольнае асяроддзе, пададзеная з выкарыстаннем вузкай тэрміналогіі, можа быць не зразумелая не спецыялістам. Наколькі бяспечна пачуваюцца магілёўцы побач з такім суседам?
«Няхай бы гаварылі пра гэтае, ці нейкія дадзеныя давалі… каб людзі маглі з даверам ставіцца».
«Я давяраю нашым лабараторыям, якія вымяраюць гэтыя выкіды. Спадзяюся, што не дапусцяць гэтага».
«Сёння нават больш бяспечныя прадпрыемствы выклікаюць асцярогу, а такія магутныя, з вялікімі магутнасцямі, якія выкарыстоўваюць у вытворчасці свінец, вядома, гэта праблема».
Увод у эксплуатацыю вытворчай лініі заводу запланаваны ўжо сёлета ў чацвёртым квартале.
Юлія Лабанава, belsat.eu