Кампанія назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары” апублікавала справаздачу пра працэс акрэдытацыі назіральнікаў і пра пачатак назірання. 4 жніўня быў першы дзень датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. У ЦВК заявілі, што ўжо прагаласавалі 4,98%.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” вылучылі 618 назіральнікаў на ўчасткі для галасавання, з якіх было акрэдытавана 93%. Сцвярджаецца, што абсалютная большасць назіральнікаў (94,5%) не патрапіла ў квоты назіральнікаў і не была дапушчаная для назірання. 36 чалавек былі ўключаны ў графікі назірання ўчастковых выбарчых камісій, але з іх толькі 2 назіральнікі змогуць працаваць на працягу ўсяго перыяду выбараў і падліку галасоў, астатнія — часова! На ўчасткі дапушчаны ў асноўным назіральнікі з прадзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, якіх аператыўна зарэгістравалі ў чэрвені.
Квоты назіральнікаў на выбарчых участках, уведзеныя ЦВК, “зрабілі выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назірання і нетранспарэнтным”, заяўляе кампанія.