Іхнае жытло назвалі інтэрнатам і цяпер іх высяляюць. У Магілёве судовыя выканаўцы сёння забралі ключы ад апошняй кватэры нібыта аварыйнага дому, які перайшоў ва ўласнасць будаўнічага трэсту. Жыхары некалькі гадоў змагаліся супраць незаконнага высялення, але чыноўнікі не прынялі да ўвагі іхныя доказы.
«У мяне было 2 сардэчных прыступы за ноч, бо 40 год тут пражылі, а нас выкідваюць на вуліцу», – скардзіцца мясцовая жыхарка.
Судовыя выканаўцы працягваюць высяленне жыхароў дому № 29 на вуліцы Заслонава ў Магілёве. Дом перабывае ва ўласнасці магілёўскага аблвыканкаму, але перададзены на баланс арганізацыі Будаўнічы трэст № 12. Людзей высяляюць на падставе некалькіх прычынаў. Па-першае, яны не маюць працоўную сувязь з наймальнікам. Па-другое, дом нібыта ў аварыйным стане.
«Ёсць рашэнне суда ад 2016-га году і выканаўчы ліст, які выконваюць супрацоўнікі прымусовага выканання. Увогуле першапачаткова дом быў прызнаны аварыйным. Усім прапанаваліся пакоі ў інтэрнаце ў розных кутках гораду. Усіх, хто не выселіўся, пачалі высяляць прымусова», – зазначыў Арцём Караткевіч, прадстаўнік будтрэсту № 2.
40 гадоў таму сяліліся ў «кватэру», апынулася, што ў інтэрнат
Уладальнікі памяшканняў сведчаць, што маюць ордары. Паводле іх, у 2002 годзе дом стаў інтэрнатам без ведама жыхароў. Аплочвалі камуналку яны за кватэры і толькі ў 2015 годзе даведаліся, што жывуць у інтэрнаце. Было пройдзена шмат інстанцыяў, судоў, былі нават звароты да кіраўніка краіны – нічога не дапамагло.
«Людзі прадставілі ўсе дакументы, якія пацвярджаюць, што гэта шматкватэрны дом, і яны жывуць у кватэрах. Аднак улады наплявалі на гэта, бо не хочуць прыцягваць да адказнасці чыноўнікаў, якія дапусцілі памылку. Яны проста не хочуць гэта прызнаваць», – тлумачыць праваабаронца Барыс Бухель.
Людзям наўзамен не даюць кватэраў
Прапаноўваюць толькі пакоі ў інтэрнатах. Каб не застацца зусім без даху над галавою, большасць жыхароў пайшла на такі крок.
Марыя Бабакова ўжо перавезла рэчы ў інтэрнат. Жанчына скардзіцца, што ёй пагоршылі ўмовы, скараціўшы метраж жылля.
«Кватэра мая была 19,3 кв. метры. Зараз мяне перасялілі ў пакой інтэрната. Плошча гэтага пакою 12,7 кв. метраў. У параўнанні з той яна значна меншая», – скардзіцца Марыя.
Галоўнае нараканне «навасёлаў»
Дамова на інтэрнат заключаная з жыхарамі толькі на 5 гадоў. Што будзе па сканчэнні гэтага тэрміну, не вядома. Чыноўнікі запэўніваюць, што дамову кожныя 5 гадоў будуць працягваць і нікога на двор не выкінуць. Пасля трохгадовых спрэчак ды судоў, даверу да іхных словаў «перасяленцы» не маюць.
Міхась Ільін, «Белсат»