Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-верасьні 2020 году.
Пётра Шкадун, 63 гады, пэнсіянэр, Магілёў:
„Я шмат часу праводжу ў інтэрнэце, а ў першыя дні пасьля выбараў яго адключылі, таму зь сябрам увечары 11 жніўня дамовіліся прагуляцца. Блізу 19 гадзіны прыйшоў на плошчу перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм». Яна была амаль бязьлюдная. На суседняй лаўцы ў тэлефоне корпаўся маладзён. Яго скруцілі сілавікі і некуды павялі. Плошчу людзі ў чорным ачапілі. Тады падумаў: «Пачалося!»
Пайшоў у прылеглы сквэр. Там таксама былі міліцыянты. Патэлефанаваў сябар і сказаў, што прыйсьці ня можа. Я вярнуўся на плошчу, каб паўзь яе трапіць на прыпынак, але ён быў заблякаваны. Ужо сыходзіў з абкладзенай міліцыяй мясьціны, як мяне схапілі за дзьве рукі.
«Хадзем!» — кажуць. Пытаю: «За што?» «Зашмат гуляеш!» — адказваюць. Ужо ў Сьледчым камітэце мне паказвалі запіс з камэр відэаназіраньня, дык мяне вялі праз пустынную плошчу ня два, а чатыры міліцыянты. Мітынгаў на плошчы не было.
Павялі да аўтобусаў. Адзін міліцыянт «фармальна» трымаў за руку, а другі, дужэйшы, круціў яе, каб я згорблена ішоў. На маю заўвагу, што я не супраціўляюся, дык не насядай, аслабіў хватку. Вокны аўтобуса, у які мяне заводзілі, былі застаўленыя шчытамі. Адразу ўдарылі дручком па сьпіне, ледзь утрымаўся на нагах. Потым: «Жывёла, дзе тэлефон?» Спрачацца было бессэнсоўна. Прымусілі разблякаваць яго.
«Стары, чаго ты прыпёрся сюды? Сядзеў бы дома. Швэндаесься тут», — раўлі на ўсю моц амапаўцы. Загадалі ісьці ў канец салёну, «мордай у шкло і не паварочвацца».
Завялі яшчэ чалавека і загадалі «мордай у падлогу». Той, відаць, лёг, і пасыпаліся ўдары. Стогны. Заводзяць яшчэ аднаго. Удары. Крыкі. Потым да мяне: «Павярнуўся!» Поруч стаяць міліцыянты да 30 гадоў бяз масак. Камандзір загадвае: «Мордай у падлогу!» Я не падпарадкаваўся. «Хоць забі, — кажу, — ня лягу». Амапавец замахнуўся ўдарыць, але ягоныя падначаленыя папрасілі: «Дзядзя, пакінь яго».
Павялі на выхад і ля дзьвярэй колькі разоў ударылі дручком, але хутчэй для псыхалягічнага ўзьдзеяньня, хоць пісягі засталіся. Ад удараў я ледзь не паваліўся, але нехта мяне падхапіў. Пасадзілі ў аўтазак. Усьлед за мною заводзілі іншых затрыманых. Сярод іх быў знаёмец, разам у касьцёл ходзім, з разьбітым у кроў тварам.
У Ленінскім аддзеле міліцыі заганялі ў спартовую залю праз шыхт міліцыянтаў крыкам: «Жывёлы, на выхад. Бегма на трэці паверх». На кожным лесьвічным пралёце міліцыянты ў звычайнай форме білі дручком па сьпіне. З аўтазака я выйшаў апошні, адмовіўся бегчы, і мяне за тры паверхі толькі адзін раз выцялі.
У залі шмат ляжала людзей на падлозе, рассунуўшы ногі. Мне таксама загадалі легчы, але я патлумачыў, што ў мяне баліць нага, таму ня лягу. Тады, сказалі, на калені і апусьціць галаву. Толькі прысеў, як перад вачыма паплыло. Пасадзілі на лаўку. Зь людзей, што ляжалі, зьдзекаваліся. Мацюкамі сыпалі, не раўнуючы як грузчыкі. Тры маладыя супрацоўніцы, якія афармлялі затрыманых, не адставалі ад мужчын.
Мяне адвялі да лекара хуткай дапамогі. Яна займалася дзіцем. Я зьдзівіўся, адкуль дзіця ў міліцыі. Пакуль чакаў мэдыка, мне стала горш. Тры разы званітавала. Ціск быў завысокі. Мне далі лекаў, каб яго зьбіць, а потым на «хуткай» завезьлі ў абласную лякарню. Там нармалізавалі ціск і сказалі, што можна забіраць. Зноў прывезьлі ў аддзел. Супрацоўнік, які суправаджаў, супакойваў: “Не турбуйся, неўзабаве адпусьцяць”.
У міліцыі завялі да таго «дзядзі», якому не далі біць мяне ў аўтобусе. Ён прамовіў: «Гэты няхай пагаладае». З паўгадзіны стаяў ля сьцяны. Піць не давалі. Калі сталі афармляць, дык першае пытаньне было: «Колькі табе заплацілі? 20 рублёў атрымаў?» Апэратыўнікі былі ўпэўненыя, што ўсе, каго яны забралі, выходзілі за грошы. Там былі людзі ў шортах, сланцах. Выйшлі па сваіх справах, а іх у аўтазак. У паперах напісалі, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выкрыкваў лёзунгі. Сказалі, як прызнаеш віну — атрымаеш 7 «сутак», а калі не — 15. Я не пагадзіўся і сваю пазыцыю напісаў у пратаколе.
Мне зноў стала кепска, але перада мною па дапамогу зьвярнуўся хлопец, у якога былі праблемы з сэрцам. Да яго прыйшла тая ж мэдык, што аглядала ўжо мяне, і зьдзівілася. Памералі ціск, а ён крытычны. Выклікалі «хуткую».
Пакуль яе чакаў у калідоры, аформленых людзей выводзілі да аўтазакаў таксама праз шыхт міліцыянтаў. Тыя білі нявольнікаў дручкамі. Ля сьцяны стаяў прывезены за бытавое хуліганства мужчына і мацюкаў супрацоўнікаў апошнімі словамі, але на яго не зьвярталі ўвагі. У той жа час «пратэстоўцаў» білі за любы рух ці просьбу.
Мне выпісалі позву на 10-ю раніцы ў аддзел. На гадзіньніку было тры ночы. У лякарні паклалі ў кардыялёгію. Праляжаў два тыдні. Дактары сказалі, што праблемы са здароўем — вынік стрэсу.
Ачуняўшы, занёс заяву ў Сьледчы камітэт на неправамоцныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Мяне падрабязна апыталі. Высьвятлялі, як, дзе білі, ці ёсьць сьведкі. Судмэдэкспэрты апісалі гематомы на сьпіне і руцэ. За два месяцы зьмянілася два сьледчыя. 6 лістапада мне пісьмова паведамілі, што праверка ў маёй справе прыпыненая. Да гэтага давалі разумець, што мая справа пры цяперашніх палітычных абставінах пэрспэктываў ня мае. У сьледчых быў стос папер у справах іншых пацярпелых ад сілавікоў.
За 26 гадоў Лукашэнка выбудаваў ня толькі бюракратычны апарат, але сілавую вэртыкаль. У ёй усё трымаецца на адданасьці аднаму чалавеку. У аддзеле я гутарыў зь міліцыянтамі і высьветліў: многія апраўдваюцца тым, што сёньня яны патрэбны гэтаму рэжыму, а заўтра будуць запатрабаваныя іншым. Калі гаварыў з супрацоўнікам сам-насам, то гэта быў нармальны чалавек. Маёр нават суправаджаў затрыманых у аўтазак, каб іх ня білі. Калі ж міліцыянты ў кампаніі, то мяняюцца. Кожны баіцца, што западозраць у неляяльнасьці, таму гатовы выканаць любы загад. Мы і яны памятаем генэрала Захаранку, які заявіў Лукашэнку, што страляць у людзей, парушаць Канстытуцыю ня будзе. Дзе ён?..“
Фота: Радыё Свабода