Прагляд кароткаметражнай стужкі рэжысёра Аляксея Палуяна, знятай па матывах аднайменнай кнігі беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча, сабраў поўную кіназалу гледачоў.
На прэм’еру стужкі завіталі Мікалай Лаўранюк – дырэктар кінакампаніі «Ілюзіён», якая займаецца пракатам стужкі, і галоўная гераіня ў асобе цудоўнай дзяўчынкі Анастасіі Пляц. Наста – выхаванка магілёўскай SOS-Дзіцячай вёскі, яна прыйшла разам са сваёй маці-выхавацельніцай Святланай Пятроўнай Аладзьевай. Падтрымаць сяброўку і аднакласніцу прыйшло нямала вучняў з сярэдняй школы №12, дзе вучыцца Анастасія.
Мікалай Лаўранюк, Анастасія Пляц і Святлана Аладзьева перад кінапраглядамПерад кінапаказам прадставілі гасцей гледачам і распавялі некаторыя падрабязнасці стварэння стужкі вядоўцы імпрэзы – старшыня моладзевага парламенту Магілёва Яраслаў Грыгор’еў і Крысціна Кузьмянкова. Некалькі словаў сказаў прадзюсар фільму Мікалай Лаўранюк. Але асноўная частка сустрэчы прайшла пасля прагляду, бо фільм вельмі філасофскі і закранае шмат жыццёвых праблемаў. Фільм створаны па матывах раману «Возера радасці», у трыццаць хвілін, што доўжыцца стужка, рэжысёр умясціў толькі невялічкі эпізод з усяго раману і крыху змяніў сямейныя абставіны, у якіх расла гераіня раману і фільму Яся. Стужка захавала найбольш важныя тэмы і пытанні – як і чаму дзеткі аказваюцца «сіротамі» пры жывых бацьках, ці нават адным з іх, якія жыццёвыя абставіны змушаюць людзей аддаваць сваіх дзетак у прытулкі. Рэжысёру Аляксею Палуяну ўдалося вельмі лаканічнымі, але пераканаўчымі мастацкімі сродкамі перадаць тую атмасферу скрухі і безвыходнасці, што звычайна ўтвараецца вакол такіх сем’яў, вакол жыцця «кінутых» дзяцей.
Пасля прагляду было шмат узрушаных каментароў, выказваліся і дзеткі і дарослыя, было бачна, што тэма па-сапраўднаму ўсхвалявала гледачоў, прайшла праз іх сэрцы. Былі розныя пытанні з залу, бо фільм застаўляе глыбока задумацца, Мікалай Лаўранюк патлумачыў некаторыя некаторыя моманты і акалічнасці. Напрыклад, аўтары фільму пастараліся зрабіць яго «па-за часам» – падзеі ў рамане разгортваюцца ў 90-я гады, але на фоне беларускай «глыбінкі» гэта знята так і з такім рэквізітам, што глядач можа ўявіць сабе і 70-80 гады, а некаму можа падасца, што гэта гісторыя ўвогуле нашых часоў. Мікалай, словамі рэжысёра фільма, адказаў і на пытанне, чаму засталася нязменная назва, хоць сюжэт быў вельмі зменены: «Калі чалавек вельмі шчаслівы, то ў яго ёсць «мора шчасця», а тут у галоўнай гераіні такога мора няма, але ёсць сваё «возера радасці», бо ёсць у гэтым яе цяжкім жыцці надзея на будучыню. Яся сама вырашае, што ёй рабіць, бярэ ў свае рукі свой лёс, і так становіцца дарослай».
Шмат добрых словаў пра Насту Пляц сказала яе класная кіраўніца Прагучала немала словаў ўдзячнсці аўтарам стужкі, разважанняў пра розныя жыццёвыя моманты, сугучныя падзеям у фільме, былі пытанні і адказы Дырэктар кінакампаніі “Ілюзіён” Мікалай Лаўранюк Вялі імпрэзу прадстаўнікі Моладзевага парламенту Магілёва Яраслаў Грыгор’еў і Крысціна КузьмянковаНагадаем, што пасля сваёй прэм’еры летам гэтага году на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Ферране, стужка сабрала нямала ўзнагарод на розных конкурсах і фестывалях. А сама Анастасія Пляц атрымала прыз як лепшая актрыса на фестывалі FICBUEU ў Іспаніі. Фільм адразу здымаўся як беларускамоўны, у здымках удзельнічалі беларускія акторы Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель. Сам праект рэалізавала кінакампанія «Ілюзіён» у супрацы з прафесіяналамі з Германіі, Грузіі, Украіны, Ірана, Шатландыі і Балгарыі. А яшчэ фільм «Возера радасці» намінаваны на Прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі (European Film Awards) 2020 году, гэта штогадовая галоўная кінематаграфічная прэмія Аб’яднанай Еўропы, якую часам называюць «Еўрапейскім Оскарам».
У сяброўскіх абдымках Анастасія ПляцФільм «Возера радасці» можна будзе паглядзець на працягу тыдня ў кінатэатры «Чырвоная зорка». Так сама, па дамове з кінакампаніяй «Ілюзіён», ён будзе цэлы год дэманстравацца ў кінатэатрах па ўсёй Магілёўскай вобласці.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара