Яшчэ задоўга да пачатку парламенцкай выбарчай кампаніі 2019 года адны палітыкі, эксперты, аналітыкі прагназавалі, што кампанія пройдзе па больш жорсткаму сцэнары, чым ранейшыя кампаніі па выбарах дэпутатаў. Адначасова, іншыя выказвалі спадзяванні, што ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання ўладамі будуць прапушчаны некаторыя прадстаўнікі апазіцыйных структураў.
Рыгор КастусёўПа выніках фармавання дэпутацкага корпусу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання бачна, што другія ў адрозненні ад першых яўна памыліліся – сярод дэпутатаў няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі.
Вынікі фармавання дэпутацкага корпусу можна было спрагназаваць яшчэ задоўга да завяршэння выбарчай кампаніі па паводзінах і выказваннях прадстаўнікоў беларускіх уладаў.
У агітацыйны перыяд, асноўны дзень галасавання 17 лістапада 2019 г. з усіх дзяржаўных СМІ, вуснамі дзяржаўных прапагандыстаў і вуснамі самаго Лукашэнкі на галовы прадстаўнікоў апазіцыйных структураў – былых кандыдатаў, назіральнікаў, ды і проста – сумленных людзей былі выліты тоны прапагандысцкага бруду з пагрозамі “адкручвання галоваў” і “выкручвання рук”.
Яшчэ больш распаліліся гэтыя прапагандысты разам з кіраўніком краіны і старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Л.Ярмошынай, калі была агучана справаздача еўрапейскіх назіральнікаў па лініі АБСЕ аб непрызнанні вынікаў выбараў па выніках назірання за хадой выбарчай кампаніі з улікам вынікаў назірання мясцовых назіральнікаў у рамках кампаніі Права выбару.
Бо заява міжнародных назіральнікаў аб тым, што выбары ў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў сведчыць аб тым, што беларускія ўлады, Цэнтральная выбарчай камісія, дзяржаўныя прапагандысты практычна правалілі экзамен перад сваімі куратарамі з Крамля перад падпісаннем пагадненняў аб далейшай інтэграцыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Нелегетымнасць новага беларускага парламента не дазваляе законна ратыфікаваць па міжнародных стандартах новыя інтэграцыйныя дамоўленасці.
Правал экзамена перад Крамлём нясе для А.Лукашэнкі персанальную пагрозу ад Крамля напярэдадні прадстаячай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
І калі раней гэтае “адкручванне галоваў” і “выкручванне рук” у асноўным выражалася ў афармленні штрафаў, арыштах і затрыманнях нязгодных з рэжымам праз адміністрацыйныя пратаколы за “выражался нецензурной бранью”, “справлял нужду в общественном месте” і т.д., то пасля парламенцкай кампаніі 2019 года беларускі рэжым распачынае яшчэ больш жорсткі сцэнар дзеянняў па падрыхтоўцы і правядзенні чарговай выбарчай кампаніі – “выбараў” прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе.
Першым пад раздачу папаў адзін з блогераў У.Чудзянцоў, які быў зняты 21 лістапада 2019 г. з цягніка на пункце пропуску Брэст-Цярэспаль супрацоўнікамі сілавых структураў пасля выяўлення ў яго рэчах некалькіх грамаў наркатычнага рэчыва – марыхуаны.
Праз арышт Чудзянцова беларускія ўлады імкнуцца “забіць двух зайцоў”.
Па-першае – гэта сігнал напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі ўсім прапагандыстам і журналістам дзяржаўных СМІ, якія працуюць на рэжым, аб тым, што будзе з імі, калі яны будуць кепска працаваць, або раптам надумаюць памяняць свае погляды, здрадзіць А.Лукашэнку і пачаць казаць праўду. Бо ў свой час Чудзянцоў вельмі актыўна працаваў на рэжым, усяляк усхваляючы кіраўніка краіны. А А.Лукашэнка такім сваім прыхільнікам, прадстаўнікам яго каманды, звычайна здрады не даруе.
Па-другое – гэта сігнал апазіцыйным структурам, што “гульні” ў выглядзе пратаколаў за “нецензурную брань” і “нужду в общественном месте” закончыліся, и пачынаецца новы, больш жорсткі этап “адкручвання і выкручвання”- праз узбуджэнні крымінальных справаў.
Такім чынам беларускі рэжым распачаў чарговую прэзідэнцкую выбарчую кампанію, з чым усіх грамадзян краіны можна павіншаваць.
Разам з гэтым праз арышт Чудзянцова беларускія сілавыя структуры правялі першую трэніроўку па арганізацыі правакацый у бок прадстаўнікоў апазіцыйных структураў. І як бачна, прафесіяналізм сілавікоў у гэтым плане аказаўся на вельмі нізкім узроўні.
Калі паразважаць над тым, што адбылося з Чудзянцовым, без усялякай палітыкі, проста па чалавечы,то складваецца ўражанне, што беларускія сілавыя структуры ўжо нават не могуць здзейсніць і правакацыі, якая б выглядала больш-менш праўдападобна. Бо тое, што чалавек, едучы з Беларусі ў Еўропу, будзе везці з сабой праз мяжу марыхуану, выглядае абсурдна.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў