Галоўная » Прэм’еру казкі і навагодні паказ рыхтуе Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Прэм’еру казкі і навагодні паказ рыхтуе Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Музычную казку ў 2-х дзеях па матывах рускай народнай чарадзейнай казкі «Царэўна-жаба» рыхтуе Магілёўскі абласны драмтэатр, паведамляе мнтэрнэт-сайт ўстановы культуры.

Навагодняе прадстаўленне і прэм’ера казкі стануць выдатным падарункам для ўсёй сям’і, лічаць у тэатры. Спектакль будзе яркім, незвычайным, музычным і поўным ператварэнняў. Маляўнічыя дэкарацыі і касцюмы, запальныя танцы, прыгожая музыка, чароўнае святло, фантастычная відэапраекцыя і іншыя тэатральныя цуды пагрузяць гледача ў дзівосны свет казкі.

«Самае неверагоднае, што ў нашым спектаклі злучацца тры віды тэатра: звыклы драматычны тэатр з акцёрамі на сцэне, тэатр лялек і тэатр ценяў. Так што, прыйшоўшы да нас на навагодні паказ і прэм’еру, вы ўбачыце адразу тры розныя тэатры, – падзяліліся суразмоўцы. – Гэта гісторыя аб пошуку свайго шчасця і доўгай чарадзе выпрабаванняў на шляху да яго. Але ж знайсці шчасце – гэта яшчэ не ўсё, трэба здолець яго зберагчы. А для гэтага прыйдзецца пазмагацца са сваімі страхамі, навучыцца рабіць выбар паміж дабром і злом, праўдай і хлуснёй, подзвігам і здрадай».

Над інсцэніроўкай працавалі рэжысёр Каміля Хусаінава, мастак Алеся Снапок-Сарокіна, кампазітар Аляксандр Баль, харэограф Дзмітрый Мураўёў.

Спектакль можна будзе паглядзець з 19 снежня па 9 студзеня.