За чатыры дні, з 4 па 7 жніўня, у Беларусі датэрмінова прагаласавала 32,24% выбаршчыкаў. Гэта афіцыйныя дадзеныя — лічба размешчаная на сайце Цэнтрвыбаркама. Яна атрыманая на аснове падлікаў, якія вялі сябры ўчастковых камісій.
Па звестках ЦВК, у лідарах па тэмпах галасавання Гомельская вобласць. Там, па звестках камісій, на ўчасткі ўжо прыйшлі 42,72% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На Магілёўшчыне камісіі заявілі аб яўцы ў 37,88%, у Віцебскай — 30,86%, у Брэсцкай — 30,11%, у Гродзенскай — 30,02%, у Мінскай — 29,09%.
Самая нізкая афіцыйная яўка ў Мінску — 26,45%.
Датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года доўжыцца 5 дзён. Яно стартавала 4 жніўня. 8 жніўня — апошні дзень датэрміновага галасавання.
Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць аб сур’ёзным разыходжанні паміж рэальнай і афіцыйнай яўкай на ўчасткі.