Галоўная » Проста “трындзец”: суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пакараў журналістку штрафам за станоўчы рэпартаж пра тралейбусны парк

Проста “трындзец”: суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пакараў журналістку штрафам за станоўчы рэпартаж пра тралейбусны парк

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Вольга Зарычнюк (Ольга Заричнюк) 4 сакавіка вынесла рашэнне аб паканні штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў) магілёўскай журналісткі Аліны Скрабуновай.

Журналістку пакаралі паводле  ч.2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) за матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парка ў Магілёве, які з’явіўся на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт распавядаў пра працу прадпрыемства і насіў цалкам станоўчы характар.

Аліну Скрабунову і аператара Аляксандра Сідарэўскага затрымалі 8 лютага ў двары дому. Кіраваў затрыманнем падпалкоўнік міліцыі Сяргей Афанасьеў, таксама супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва Андрэй Цярэнцій. Пасля таго, як іх даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, на іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за адсняты матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парку ў Магілёве. Адміністрацыйныя справы журналістаў супрацоўнікі перадалі для разгляду ў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Справу Аляксандра Сідарэўскага разглядала іншая суддзя суда Кастрычніцкага раёна, Наталля Крашкіна. Яшчэ 24 лютага ён быў пакараны штрафам у 20 базавых велічыняў (540 рублёў).

Аляксандр Сідарэўскі

Суддзя Вольга Зарычнюк (Ольга Заричнюк), якая разглядала справу Скрабуновай, 24 лютага вырашыла перапыніць судовае пасяджэнне да 4 сакавіка, бо ў той дзень адзін з відавочцаў здымкі рэпартажу з’явіўся на пасяджэнне ў нецвярозым стане.

На судовым пасяджэнні 4 сакавіка суддзя Зарычнюк не прыняла да ўвагі аргументаў А.Скрабуновай, калі тая паспрабавала давесці сваю невінаватасць. Журналістка тлумачыла суду, што сам працэс ўзяцця інтэрв’ю на камеру – гэта не выраб прадукцыі СМІ. Ні яна, ні Сідарэўскі не з’яўляюцца уладальнікамі, ўласнікамі або акцыянерамі БелСАТ, у іх няма працоўнай дамовы з тэлеканам “Белсат”. Журналісты не выраблялі прадукцыю СМІ, гэта рабіла рэдакцыя тэлеканала.

Аліна Скрабунова

Аргументы Скрабуновай ніякім чынам не падзейнічалі на суддзю. Без усялякага перапынку для прыняцця рашэння яна вынесла свой вердыкт – пакараць журналістку штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў).

У хуткім часе магілёўскіх журналістаў можа чакаць новы суд – пасля папярэдняга судовага пасяджэння, якое прайшло 24 лютага, супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва ўручылі А.Скрабуновай позву з патрабаваннем з’явіцца ў РАУС 10 сакавіка для складання чарговага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сёння аналагічную позву ў судзе Кастрычніцкага раёна ўручылі Аляксандру Сідарэўскаму.

Іван Барысаў. Фота аўтара