10 чэрвеня не стала Святланы Зарубскай. Яна працавала медсястрой у Клімавіцкай раённай бальніцы. Жанчыне было 50 гадоў, піша “Наша ніва”.
«Усё пачыналася як звычайная прастуда, але потым маме станавілася ўсё горш, — расказвае дачка памерлай Вікторыя. — Спачатку маму паклалі ў інфекцыйнае аддзеленне ў Клімавічах, а потым тата напісаў заяву, і яе перавялі ў Магілёў».
Роўна 30 дзён Святлана Зарубская была на апараце ШВЛ. «Некалькі разоў былі паляпшэнні, прыходзіла ў прытомнасць, варушыла пальцам», — расказвае дачка.
Два першыя тэсты на «карону» былі адмоўнымі, а вось трэці — станоўчым. «Тата таксама перахварэў, хросны, стрыечны брат, татава мама», — кажа Вікторыя.
«Афіцыйна прычынай смерці напісалі «сэрца», цяпер жа пішуць толькі код хваробы. Пра каранавірус не запісалі нічога. Пахаванне было ў закрытай труне, ускрыццё не рабілі», — кажа дачка.
«Мы 28 гадоў былі знаёмыя. Пазнаёміліся на працы, добра помню яе чысцюткі белы халат.
І вось гэта белізна халата і белізна душы ў ёй цалкам гарманіравалі, — кажа яшчэ адна клімавіцкая медсястра Таццяна, —
Вельмі пазітыўная, яркая жанчына. Яна працавала медсястрой у неўралогіі, а там жа шмат цяжкіх, хто пасля інсульту, напрыклад. І маці яна была добрай, і жонкай, і гаспадыняй — каля хаты заўсёды кветкі былі, — кажа спадарыня Таццяна, зрываючыся на слёзы. — Напішыце пра яе толькі самае добрае».
Машына, у якой была труна з целам Святланы Зарубскай, пад’язджала перад пахаваннем да бальніцы. Праводзіць медсястру ў апошні шлях выйшла больш за 80 чалавек.