Прывакзальная плошча ў Магілёве да канца года атрымае адзінае стылістычнае афармленне. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама – галоўны архітэктар горада Уладзімір Скачак.
Плануецца старыя гандлёвыя павільёны пераабсталяваць ў сучасны аб’ект, пры гэтым будынак не страціць свайго першапачатковага прызначэння, аднак яго выгляд стане больш цэласным і гарманічным. «Пытанне аб прывядзенні Прывакзальнай плошчы да адзінага стылістычнага выгляду наспела ўжо даўно, бо гэтае месца, якое робіць першае ўражанне аб Магілёве на гасцей нашага горада, – заявіў Уладзімір Скачак. – Згодна з праектам гандлёвыя павільёны на тэрыторыі вакзала будуць сабраныя пад адзін дах. Атрымаецца цэласны аб’ект, які па форме будзе нагадваць чыгуначны цягнік. Гэтае рашэнне дазволіць аб’яднаць ўжо склаўшыйся ансамбль будынкаў чыгуначных кас і вакзала, а таксама аўтастаянкі якія выбіваюцца з агульнага кантэксту разрозненымі гандлёвымі павільёнамі».
Прапанаванае рашэнне цікавае як тэматычна, так і функцыянальна: паверхаў стане два, за кошт чаго павялічыцца колькасць гандлёвых плошчаў, яны стануць больш камфортнымі. Дзякуючы новай назіральнай пляцоўцы з новага будынка можна будзе ўбачыць усю Прывакзальную плошчу.
Па словах галоўнага архітэктара, фінансавую нагрузку возьмуць на сябе ўласнікі існуючых гандлёвых памяшканняў.
Ад сябе дадам – яшчэ б прыбралі недарэчныя флагштокі, якія ніяк не ўпрыгожваюць плошчу, а толькі ствараюць непатрэбны псеўдапатрыятычнымі пафас.
І наогул – хацелася б больш густу, і менш стылю “зіхатлівы калгас”.
Віталь Макаранка