Беларусаў Прыбайкалля з нашым рэгіёнам звязваюць шчыльныя культурныя і творчыя сувязі. Да эпідэміі, якая апошнім часам парушыла шматлікія планы, нашы землякі з Сібіры штогодна ўдзельнічалі ў беларускіх фестывалях, канцэртах, краязнаўчых, журналісцкіх, навуковых канферэнцыях , прэзентацыях ды іншых мерапрыемствах.
Трэба адзначыць, што сама гісторыя перасялення беларусаў у Сібір найперш звязана з Магілёўшчынай. Ніжэй прыводзіцца графік з навукова-даследчай працы Кемераўскага дзяржаўнага інстытута культуры (факультэт сацыяльна-культурных тэхналогій, аўтар Калганава Е. Ю., Кемерава, 2012 год).
На сённяшні дзень самымі актыўнымі ўмацавальнікамі, так бы сказаць, зваротных зямляцкіх адносінаў з’яўляюцца Алег Рудакоў і Воля Галанава, кіраўнікі моладзевага аб’яднання беларусаў іркутчыны пад назвай “Крывічы”. Напэўна, гэта невыпадкова, таму што карані Волі Галанавай менавіта з Магілёўшчыны ( у 1930-я гады яе прабабуля патрапіла ў Сібір). Ды і Алег прэтэндуе на званне найбліжэйшага суседа – ён нарадзіўся на брацкай Віцебшчыне.
Аграмадную працу па адраджэнню айчыннай культуры і папулярызацыі беларушчыны нашы землякі робяць на сібірскіх прасторах. Вось нядаўні прыклад – увесну пабачыў свет альманах “Очерки, рассказы и сказки белорусов Иркутской области” (Іркуцк, 2020). Цяжка перадаць словамі, колькі праехана і пройдзена па сібірскіх абшарах, каб сабраць гэты ўнікальны матэрыял. Кніга адразу стала краязнаўчым рарытэтам.
Буйны культурніцкі праект, які арганізаваў Алег Рудакоў у 2015 годзе – фестываль беларускай культуры “Беларускі Кірмаш”, (першы раз адбыўся, як опэн-эйр, у знакамітым Іркуцкім раёне “Парк дружбы народов”) Ганаровым госцем з Беларусі на тым мерапрыемстве быў наш зямляк Юры Несцярэнка. Нажаль, з-за цяжкіх арганізацыйных умоваў, апшнім часам фестываль пакуль не праводзіцца.
Затое, у кастрычніку 2020 года адбылася адна з найлепшых радасных падзей, якія толькі могуць быць у жыцці сучаснага чалавека – Алег і Воля пабраліся шлюбам. Шчыра віншуем нашых землякоў са стварэннем новай сям’і! Шчасця і новых творчых поспехаў!
Дзмітрый Мікалаеў