Новы нумар літаратурна-мастацкага альманаха «Брама» прэзентавалі ў Магілёве 14 чэрвеня ў грамадскім цэнтры «Кола».
«Брама» – штогадовае выданне магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Альманах быў заснаваны ў 2013 годзе, і чарговы нумар за 2017 год – ужо пяты, юбілейны.
Мікола Яцкоў – старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення “СБП” Паэт Сяргей Украінка, сябра Рэдакцыйнай рады «Брамы» Міхась Булавацкі – настаўнік, журналіст, пісьменнік і паэтНа прэзентацыю сабралася каля дваццаці чалавек – літаратараў, аўтараў змешчаных у альманаху твораў, проста аматараў беларускага слова. Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення «Саюза беларускіх пісьменнікаў» Мікола Яцкоў звярнуўся з вітальным словам да прысутных, а сябра Рэдакцыйнай рады «Брамы» Сяргей Украінка ўзгадаў гісторыю і акалічнасці ўзнікнення альманаха. Традыцыйна, некаторыя з аўтараў, што прадстаўленыя на старонках выдання, пачыталі свае творы, нехта нават выступіў з музычнымі нумарамі.
Яраслаў Клімуць – літаратуразнаўца, пісьменнік, кандыдат філалагічных навук, дацэнт МДУ імя Куляшова Ганна Барысевіч – настаўніца, выкладчык кафедры беларускай і рускай моў МДУ імя Куляшова Таццяна Барысік – пісьменніца і паэтка Юрый Несцярэнка – музыкант і літаратар, аўтар і выканаўца Васіль Аўраменка – лекар-неўролаг, публіцвст і літаратарАльманах, як і належыць падобнага кшталту выданню, змяшчае тэксты самай рознай тэматыкі – вершы і апавяданні, успаміны і пераклады, крытыку і кароткія агляды кніг. У пятым нумары можна пабачыць творы дваццаці шасці аўтараў, і ўсе яны, як і было задумана ад самага пачатку, друкуюцца па беларуску. Гэта адна з умоваў выдання, якое задумвалася, каб пашыраць кола аматараў беларускамоўнай літаратуры, спрычыняць і заахвочваць аўтараў, што ствараюць на іншых мовах, каб паказаць, як могуць гучаць іх найлепшыя творы менавіта па беларуску.
Набыць новы нумар выдання можна ў кнігарнях горада.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара