Напярэдадні Каляд і Новага года А1 выпусціў серыю мастацкіх паштовак з цытатамі з твораў Уладзіміра Караткевіча. Праект носіць назву ПаштоўкА1 і працягвае кампанію #Караткевіч90 да 90-гадовага юбілею пісьменніка. З 15 снежня ўсе ахвотныя могуць бясплатна атрымаць святочнае пасланне ад знакамітага пісьменніка ў любой з 85 крам А1 па ўсёй Беларусі. На сайце А1 таксама можна спампаваць усе дзесяць паштовак у высокай якасці.
Дзесяць вядомых і натхняльных цытат Уладзіміра Караткевіча праілюстравала вядомая беларуская мастачка і кіраўнік інклюзіўнай студыі SOWY Ніка Сандрас. Паштоўкі з выказваннямі класіка могуць атрымаць наведвальнікі фірмовых крам незалежна ад таго, набываюць яны тавар ці паслугу альбо не. Таксама паштоўку атрымаюць пакупнікі віртуальнай крамы А1 – яе даставяць разам з анлайн-замовай, пачынаючы з 15 снежня. Наклад адмысловай серыі абмежаваны, таму акцыя будзе доўжыцца да поўнай раздачы паштовак у кожнай краме.
У Оршы, на радзіме пісьменніка, паштоўкі можна знайсці ў краме на вуліцы Міра, 4. У Рагачове, дзе класік напісаў шмат сваіх твораў, – па адрасе Леніна, 49А. А ў Мінску можна завітаць у тым ліку ў цэнтр лічбавых паслуг А1 на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 36, што недалёка ад дома № 36 па Карла Маркса, дзе жыў Уладзімір Караткевіч. Поўны спіс крам можна знайсці на сайце А1.
«Да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча мы распачалі інфармацыйную кампанію #Караткевіч90, каб праз серыю падзей і анлайн-праектаў нагадаць пра ўнёсак знакамітага пісьменніка ў нацыянальную культуру і распавесці пра яго як пра асобу. Вядома, што Караткевіч часта віншаваў сваіх родных і блізкіх паштоўкамі, якія маляваў сам. Таму сёлета мы вырашылі зрабіць так, каб усе ахвотныя змаглі павіншаваць адзін аднаго пасланнямі ад класіка», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Спецыяльна для святочнай серыі паштовак мастачка Ніка Сандрас прыдумала казачных персанажаў – соў-беларусаў, а ў сюжэт кожнага малюнка арганічна ўпляла сімвалы народнага арнаменту.
«Ілюстрацыі да паштовак не толькі пераасэнсоўваюць цытаты класіка, але і хаваюць у сабе беларускія таямніцы і адметнасці. Напрыклад, кветка, якую трымае сава на адной з карцін, насамрэч з’яўляецца незвычайнай і рэдкай раслінай нашых лясоў – каралеўскай папараццю. А на іншым малюнку рэчка на фоне невыпадкова нагадвае Ў (у нескладовае) – з усіх кірылічных славянскіх алфавітаў такая літара ёсць толькі ў беларускім», – патлумачыла Ніка Сандрас.
Першай, хто асабіста падпісаў і даслаў паштоўку блізкім, стала Алена Сінкевіч – пляменніца і адзіная спадчынніца знакамітага пісьменніка. Таксама яна вырашыла адправіць яшчэ некалькі святочных пасланняў: у Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт Тараса Шаўчэнкі, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч, Грамадскую бібліятэку беларускай літаратуры імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне, Дзіцячую бібліятэку імя У. С. Караткевіча ў Оршы, Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы і аршанскую сярэднюю школу № 3, дзе ёсць асобная музейная зала, прысвечаная пісьменніку.
Ініцыятыву падтрымала і кавярня «Інклюзіўны барыста», якая месяц таму адкрылася ў цэнтры лічбавых паслуг А1 на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. 15 снежня кожны яе наведвальнік таксама атрымае ў падарунак да сваёй замовы паштоўку з цытатай Уладзіміра Караткевіча.