Пра Чарнобыль столькі напісана, што, здаецца, і няма аб чым больш пісаць. Але я дакрануся тэмы толькі нашай мясцовасці, нашага жыцця. Зробім невялікі экскурс у не зусім, па сучасным меркам, далёкае мінулае.
А прайшло ўсяго (ўжо) 34 гады з таго часу, як раздаўся аглушальны гром страшэннага выбуху “мірнага атаму” Чарнобыля. Нам нават у страшэнным сне не магло прысніцца, што ў ціхую цёплую вясеньнюю раніцу 26 красавіка мы прачнемся у новай эпосе. ЭПОСЕ ЧАРНОБЫЛЯ! Эпосе, якая застанецца ў спадчыну яшчэ ні аднаму нашаму пакаленню. Мы нават і не падазравалі, што з гэтай даты – 26 красавіка 1986 года – пачнецца зусім іншае жыцьцё: трывожнае, змрочнае, са шмат ня вырашальнымі, па сутнасці, праблемамі. Мы нават не здагадваліся, якая страшэнная трагэдыя нас накрыла.
Трыццаць чатыры гады прамільгнулі, а мы і не заўважілі! Але колькі чалавечых пакутаў, паломаных лёсаў, пакалечаных жыццяў аставіў гэты страшэнны дзень пасля сябе. Колькі пасеяў смярцей!!!
А колькі было хлусні і несправядлівасці з боку нашай улады, як на вышэйшым, так і ніжэйшым узроўнях…
Хто змагаўся з чарнобыльскай навалой, у тых аднялі пасведчанні ліквідатара, і натуральна, гэтыя людзі пазбавіліся ільгот. А хто пальцам не варухнуў, раптам сталі “ліквідатарамі” з выцякаючымі ўсімі выгодамі для іх. І гэтая несправядлівасць яшчэ больш ўзмацняла і маральнае, і псіхалагічнае становішча людзей і гробіла іх яшчэ больш, чым тая радыяцыя (ведаю, аб чым пішу).
І гэтая крывацечная рана ў нашага пакалення да канца жыцьця не зажыве! І пачуцці пагарды да нашага кіраўніцтва ня згаснуць!
Махінатарам ад улады быў на руку развал старой сістэмы. Яны выкарысталі яго (развал), што назывется, па-поўнай. Безумоўна, для наменклатуры быў выгодным хаос. Бо ў мутнай вадзе добра ловіцца рыбка. Ды й ня дробязь…
Прадстаўнікі дэмакратыяных партый і грамадскіх арганізацыяў нашай рэспублікі доўгі час, аж да самага 2019 году ўключна, праводзілі акцыю “Чарнобыльскі шлях” у нашым раёне. Мерапрыемства праводзілася з галоўнаю мэтаю: каб не даць нашай грамадскасьці забыцца аб трагедыі і дапамагаць актуалізаваць новыя праблемы. А таксама – для падтрымкі парадку каля памятных знакаў былых вёсак і запальвання лампадак у памяць аб нашых земляках! Акцыю мы пачыналі ад нашага славутага горада Чэрыкава.
Тут, паважаны чытач, ёсьць здымкі адной мясцовасці, якія як бы паўтараюцца. Але справа ў тым, што зробленыя яны ў розныя гады. Звяртайце, калі ласка, на гэта ўвагу. Напрыклад, траву на месцы былой вёскі Чудзяны палілі як у 2013 годзе, так і ў 2016-м. Менавіта, гэта я і хацеў падкрэсліць мовай фотаграфіі.
Сямён Панізоўцаў, г. Чэрыкаў . Фота аўтара