За апошні год прарасейскія арганізацыі пачалі больш актыўна ўключаць мясцовых моладзевых лідэраў у свае праекты.
Ілюстрацыйнае фотаУ апошнія гады Смаленск ператвараецца ў асноўную базу для ўздзеяння на ўвесь памежны рэгіён Беларусі і Расіі. Пачынаючы з 2016 года, тут з’яўляюцца новыя арганізацыі і праекты, якія фінансуюцца урадам і прэзідэнцкім фондам РФ. Галоўная мэта – фарміраванне пазітыўнага вобразу ўсходняй суседкі ў жыхароў памежных раёнаў. У першую чаргу – у моладзі, у якой расійскія эліты бачаць апору для будучай інтэграцыі РФ і РБ.
Курс на 2050
24-26 красавіка ў Смаленску адбудзецца фарсайт-сесія, на якой пяцьдзесят чалавек з Беларусі і Расіі будуць разважаць пра тое, як павінны развівацца краіны, каб да 2050 года дасягнуць паспяховага збліжэння.“Маладзёжны патэнцыял і развіццё расійска-беларускага памежжа –2050“- гэта трохдзённы мазгавы штурм, падчас якога ўдзельнікі павінны распісаць, як будзе развівацца рэгіён у бліжэйшыя 30 гадоў. Як заяўляюць арганізатары,“па выніках дзейнасці ўдзельнікаў будзе створаная “дарожная мапа” стратэгіі развіцця памежных тэрыторый Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь да 2050 г.”.
Арганізоўвае мерапрыемства “Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў” – асацыяцыя арганізацый, якія зацікаўленыя ў распаўсюдзе ўплыву “рускага свету” ва Усходняй Беларусі. Акрамя магілёўцаў, на фарсайт-сесію чакаюць аршанцаў, віцяблян і гамельчукоў. Ўзрост – ад 19 да 35 гадоў.
У анкеце на ўдзел акрамя звыклых звестак пра месца жыхарства і ўзрост, арганізатары патрабуюць пазначыць дасягненні – дыпломы, прызы, удзел у іншых форумах і канферэнцыях. Мяркуючы па ўсім, менавіта на моладзевых лідэраў, якія сёння займаюцца грамадска-палітычнай дзейнасцю і заўтра могуць стаць чыноўнікамі, робяць стаўку прарасейскія арганізацыі.
Павук і павуцінка
У сярэдзіне сакавіка 2018 года ў Смаленску намаганнямі “Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў” быў створаны“Клуб маладых экспертаў па памежжы“,у якім удзельнічала намеснік старшыні Моладзевага парламента Магілёва Варвара Давыдзенка. На першае ж пасяджэнне клуба паклікалі ўдзельніка Зіноўеўскага клуба інфармагенцтва Russia Today Уладзіміра Ляпёхіна,які распавёў пра тое, як пры дапамозе гібрыднай вайны ўвесь свет ваюе з Расіяй і як важна процідзейнічаць прапагандзе.
Навошта магіляўчанцы, адной з моладзевых лідэрак абласнога цэнтра, ведаць пра расійскую інфармацыйную барацьбу? Мабыць, каб разбірацца, хто, на думку расейскіх уладаў, “добры”, а хто – “дрэнны”.
Яшчэ больш выразна курс на паступовую “русіфікацыю” актыўнай моладзі Магілёва стаў бачны падчас святкавання Дня яднання Беларусі і Расіі. Па ўсёй краіне мерапрыемствы прайшлі практычна незаўважна. Затое ў Беларуска-Расійскім універсітэце прарасейскія арганізацыі разгарнуліся – сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Спадчына”, прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва” ў Беларусі, а таксама “Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў”, арганізавалі відэаканферэнцыю“Уклад моладзі Магілёва і Смаленска ў развіццё Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі“.
У ім удзельнікі праектаў зрабілі справаздачу аб тых поспехах у развіцці прыгранічнага супрацоўніцтва, якія былі дасягнуты за апошнія два гады. Галоўны акцэнт быў на мерапрыемствах, якія правялі для моладзі. Паслухаць пра поспехі пfмежнай інтэграцыі запрасілі кіраўнікоў і актыўных маладых сяброў буйных арганізацый горада. Напрыклад Мікіта Дземьянёнак ўзначальвае Студэнцкі савет Магілёўскага філіяла Беларускага інстытута правазнаўства, Сяргей Улуханян з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў, Анастасія Анісімава ў 2017 ўдзельнічала ў Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы, дзе выступаў Пуцін, а Яраслаў Грыгор’еў старшынюе ў Моладзевым парламенце пры Магілёўскім гарадскім савеце дэпутатаў.
Навошта ўсё гэта?
Праект будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі схлопнулся ў 2000-ых, калі стала відавочна, што “інтэграцыя” – гэта не больш, чым паглынанне маленькай краіны вялікай дзяржавай. Для беларускіх уладаў такі варыянт быў невыгодны. Калі б Беларусь увайшла ў склад РФ, то неўзабаве мела б не больш правоў, чым умоўныя Башкартастан ці Чачня. Такім чынам, і магчымасці элітаў сталі б моцна абмежаваныя.
З тых часоў мясцовыя чыноўнікі і прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на тэму ўз’яднання адклікаюцца цёпла, але расплывіста. Асабліва пасля Крыма, які раптам з украінскага абвясцілі расійскім.
Беларускія эліты не хочуць губляць свае крэслы, якімі прыйдзецца дзяліцца з расійскімі чыноўнікамі ў выпадку цеснай інтэграцыі. У Расіі, хутчэй за ўсё, гэта разумеюць і дзейнічаюць прагматычна – апрацоўваюць будучых дзяржкіраўнікоў, дырэктараў і начальнікаў у памежных рэгіёнах.
Той жа Моладзевы парламент Магілёва справядліва будзе расцэньваць як сацыяльны ліфт для юнакоў і дзяўчат. Сённяшняе кіраўніцтва “маладзёжкі” і іншых падобных структур цалкам можа разлічваць на трапленне ў кадравы рэзерв выканкамаў і буйных прадпрыемстваў.
Адна справа, калі маладыя людзі будуць успрымаць Расею як адну з краін-суседак, хай брацкую, але са сваімі праблемамі і прыгодамі, і зусім іншае, калі моладзь у гэтыя праблемы і прыгоды залучаюць, як падчас лекцыі пра інфармацыйнай вайне супраць РФ.
Адпаведна, выхаваныя на тым, што інтэграцыя з Расеяй – гэта неабходнасць, праз трыццаць гадоў ўчорашнія моладзевыя актывісты могуць стаць тымі варотамі, праз якія “рускі свет” шчыльна асядзе на беларускай тэрыторыі. Калі не на ўсёй, то хаця б на ўсходняй. І адным з цэнтраў такі “русіфікацыі”, мяркуючы па ўсім, хочуць зрабіць Магілёў.
Ігар Лазоўскі
Крыніца: mspring.online