Колькасьць выпадкаў заражэньняў каранавірусам у Расіі за мінулыя суткі вырасла на 11 656. Пра гэта паведаміў апэратыўны штаб. Гэта самая вялікая колькасьць новых выпадкаў інфікаваньня за суткі за ўвесь час пандэміі, піша Радыё Свабода.
На сёньня ў краіне налічваецца 221 344 інфікаваныя. Такім чынам, Расея абышла Вялікую Брытанію і Італію і паднялася на трэцяе месца ў сьвеце ў колькасьці пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавірусам.
Новыя выпадкі заражэньня рэгістраваліся ў 84 рэгіёнах, больш за ўсё ў Маскве — 6169. Гэта таксама самы высокі паказьнік.
Агульная колькасьць памерлых пацыентаў дасягнула 2009. За апошнія суткі памерлі 94 чалавекі.
Колькасьць тых, хто ачуняў, пасьля перанесенай каранавіруснай інфэкцыі вырасла амаль да 40 тысяч. Толькі ў Маскве за апошнія суткі паправіліся больш за 4 тысячы пацыентаў. Гэта найбольшы паказьнік з пачатку эпідэміі.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня правядзе нараду аб сытуацыі з каранавірусам, на якой будзе абмяркоўвацца магчымасьць падаўжэньня рэжыму непрацоўных дзён у Расеі.
Першы раз Пуцін абвясьціў непрацоўнымі дні з 30 сакавіка па 5 красавіка для зьніжэньня распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі. Затым ён падаўжаў іх да 30 красавіка і да 11 траўня. У пачатку траўня Пуцін заявіў пра неабходнасьць пачаць падрыхтоўку да паэтапнага зьняцьця абмежаваньняў.
Кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова прапанавала рабіць гэта ў тры этапы, кожны зь якіх прадугледжвае паступовае пашырэньне кантактаў паміж людзьмі.
Пры гэтым рашэньні пра паслабленьне абмежаваньняў прапанавана прымаць губэрнатарам расейскіх рэгіёнаў. У Маскве і ў Падмаскоўі абмежаваньні, уведзеныя з прычыны эпідэміі, ужо працягнулі да 31 траўня.