Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі параўноўвае Беларусь зь нічыйнай валізкай, якую Пуцін хацеў бы падняць, але ня можа, называе кіраўніка Расеі «дзіцем» і чарговы раз тлумачыць, чаму аб’яднаньне Беларусі і Расеі немагчымае.
Сьцісла:
- Пуцін выдатна разумее, у якім безнадзейным становішчы Лукашэнка
- Пуцін абажае пагражаць, але вельмі ня любіць рабіць нешта канкрэтнае
- Абʼяднаньне зь Беларусьсю азначала б для Пуціна страту адзінага васала
- Крамлю хочацца нешта зрабіць, пакуль Лукашэнка ня ў стане процістаяць — але што, там ня ведаюць
— Пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве 22 красавіка не было ніякіх афіцыйных паведамленьняў пра вынікі гэтай сустрэчы. Хоць многія ў Беларусі чакалі нечага страшнага і непапраўнага, — але нічога такога, як выглядае, не адбылося. Чаму чарговая, пятая за апошнія 15 месяцаў, сустрэча Пуціна і Лукашэнкі зноў не прынесла ніякіх радыкальных вынікаў?
— А хіба сустрэчы звычайных людзей заўсёды заканчваюцца нейкімі лёсавызначальнымі рашэньнямі? Нават у бізнэсе, дзе людзі цэняць час. Усе ведаюць, што 99 працэнтаў бізнэс-сустрэчаў — гэта пераліваньне з пустога ў парожняе. Дык чаму ад палітыкаў, якія па сваёй сутнасьці балбатуны і піяршчыкі, людзі чакаюць нейкіх рашэньняў? Таму я кожны раз зьдзіўляюся, калі людзі зьдзіўляюцца, што палітыкі сустрэліся і нічога ня выдалі. Але ж гэта іхняя праца — балбатаць.
— Проста пэўныя чаканьні падагрэў сам Лукашэнка, які за некалькі дзён да сустрэчы заявіў, што падрыхтаваў нейкі гістарычны дэкрэт, які хутка будзе прыняты. Таму публіка пачала актыўна гадаць, што гэта можа быць.
— А Лукашэнка калі-небудзь што-небудзь «негістарычнае» рыхтаваў? Ён толькі і сыпле гістарычнымі абяцаньнямі. Кожныя выбары на яго нейкі замах. Вось і зараз сам факт гэтага фантастычнага замаху, які раскрылі чамусьці ФСБшнікі ў Маскве — яўна вынік нейкай ведамаснай інтрыгі.
Але чакаць важных рашэньняў ад чарговай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі — гэта вельмі дзіўна.
Ёсьць і іншае тлумачэньне, якое я выказваў тысячы разоў. Расея ня можа аб’яднацца зь Беларусьсю. Ня можа, бо гэта азначае для Пуціна страту адзінага васала, адзінага саюзьніка. Ня можа, бо гэта азначае грандыёзны міжнародны скандал, новыя санкцыі. Гэта азначае далучэньне трох-чатырох мільёнаў актыўных сэпаратыстаў, якія будуць выступаць супраць аб’яднаньня. Гэта азначае вялікія грашовыя выдаткі, бо ў Беларусь прыйдзецца ўліваць вялізныя грошы. Гэта азначае неверагоднае ўскладненьне адміністратыўна-дзяржаўнай структуры Расеі, бо ў складзе Расеі зьяўляецца новае ўтварэньне з правамі большымі, чым у Татарстану.
Гэта адны мінусы. А ў чым плюсы? Што народ Расеі адчуе дзікае захапленьне з нагоды аб’яднаньня з братамі-славянамі? Не адчуе ніякага захапленьня. Крым — гэта асобная гісторыя. У рускіх людзей было адчуваньне несправядлівасьці і крыўды, што Крым у іх скралі. Такое ж самае цяпер адчуваньне ва ўкраінцаў.
Але пра Беларусь ніхто ня лічыць, што яе ў кагосьці скралі. І, адпаведна, захапленьня ніякага ня будзе. Тым больш ня ўдасца схаваць той факт, што ў Беларусі далёка ня ўсе будуць рады такому аб’яднаньню.
Таму ні пра якае рэальнае аб’яднаньне размовы ня можа быць. Паглынаньне беларускай эканомікі? Магчыма, але надта дарагая прыемнасьць. Адзінае, чаго рэальна можа дабіцца Масква, — гэта вайсковая база ў Беларусі. Гэта Пуціну прыемна, ён гэтым будзе пагражаць Эўропе. Пуцін увогуле абажае пагражаць, але ня любіць нешта канкрэтнае рабіць.
— Калі вы ўжо ўзгадалі «змову» супраць Лукашэнкі, то каму, па-вашаму, гэта было выгадна? Хто быў ініцыятарам гэтай гісторыі і хто лепш ёю пакарыстаўся?
— Я думаю, гэта важней для Лукашэнкі. У Расеі ўвогуле гэтую гісторыю мала хто заўважыў. Дый у прынцыпе стварэньне «змоваў» і далейшае іх «выкрываньне» — гэта асноўная праца таемнай паліцыі.
— Акрамя вайсковай базы, што яшчэ Крэмль мог бы зараз спрабаваць «праціснуць» ад Лукашэнкі? На фоне таго, што ён аслаб, бо ягоная легітымнасьць пад пытаньнем, і ў сваёй краіне, і за мяжой, — Масква, відаць, лічыць, што цяпер зь яго можна вяроўкі віць. Але сам Лукашэнка з гэтым, відавочна, ня згодны.
— У гэтым праблема Пуціна. Калі вы на дарозе знайшлі нічыйную валізку — але вы ня здольныя яе падняць і панесьці. Крыўдна сыходзіць зь нічым, хочацца ўзяць, але ня можаш.
Тут праблема Пуціна. Ён выдатна разумее, у якім безнадзейным становішчы Лукашэнка. Крыўдна не пакарыстацца гэтым, нешта зь яго садраць. Нейкія прадпрыемствы — гэта мала для Пуціна, гэта дробна. Партнэр у поўнай залежнасьці, падзецца яму няма куды. Але ўва што канвэртаваць гэтую залежнасьць, — незразумела.
— У сувязі з гэтым, пачынаючы ад верасьня, аналітыкі кажуць, што Масква выступае за транзыт улады ў Беларусі, за зьмену палітычнай канфігурацыі, калі замест адной асобы, якая ўсё вырашае, будуць парлямэнцкія фракцыі, на якія можна ўплываць. Ці лічыце вы, што Лукашэнка сапраўды настолькі надакучыў Крамлю, што Масква ўсур’ёз праціскае такую палітычную рэформу?
— Я думаю, гэта не зусім так. З аднаго боку — так, Крамлю хочацца нешта рабіць, нешта праціскаць, гуляць у нейкую гульню — чыста дзеля гульні.
Але тое, што пры гэтым Пуцін катэгарычна не жадае сыходу Лукашэнкі — для мяне гэта відавочна. Пуцін ня хоча заставацца апошнім дыктатарам у Эўропе. Лукашэнка — больш адыёзная фігура, ён стварае фон, на якім Пуцін ня так кепска выглядае. І Пуцін ні ў якім разе не жадае стварыць у расейскага насельніцтва прэцэдэнт таго, што вось народ націснуў, прытым без крыві, без страляніны, — і дыктатар сышоў.
Таму — Крэмль цісьне на Менск, так. Палітычная рэформа, так, некалькі розных партыяў. Але сыходу Лукашэнкі Пуціну ня трэба.
— Крэмль дабіўся ад Лукашэнкі зьмены рыторыкі па ўкраінскім пытаньні. Перад пачаткам сустрэчы, адказваючы на пытаньні журналістаў, Лукашэнка фактычна падтрымаў пазыцыю Масквы наконт Данбасу і нават стаў павучаць прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага дыпляматычным манерам. Ці будзе і далей Лукашэнка ісьці на такія саступкі? Можа, дойдзе і да безумоўнага прызнаньня анэксіі Крыму?
— Лукашэнка будзе такія саступкі рабіць, але, вяртаючыся дадому, будзе выкручвацца і казаць нешта процілеглае. Проста каб ствараць сабе новую прастору для гульні і для саступак.
— Нядаўна, пасьля некалькіх тыдняў даволі рэзкага абвастрэньня сытуацыі вакол Данбасу, Масква заявіла, што адводзіць свае войскі ад украінскай мяжы. Чаму Пуцін гэта зрабіў?
— Пуцін не хацеў ніякай вайны з Украінай, у яго такой мэты ніколі не было. Гэта пацягнула б за сабой вялікія намаганьні і вялікія ахвяры — навошта гэта трэба Пуціну? Так, спачатку ў Расеі будзе ўсплёск захапленьня і патрыятызму, але потым гэта зьменіцца раздражненьнем. Акрамя таго, гэта азначала б рэальны разрыў з Захадам, эканамічную катастрофу. Ніякай мэты, акрамя таго, каб на 5 хвілін спадабацца насельніцтву, тут няма.
У Пуціна няма мэты захопліваць Украіну, ён не вар’ят. Гэта мэтадалягічная праблема. Калі нехта лічыць, што Пуцін — гэта Гітлер сёньня, які марыць пра захоп усяго сьвету ці хаця б суседзяў — то тады Пуцін хоча напасьці на Ўкраіну і захапіць Беларусь. Але паколькі за 20 гадоў пры ўладзе Пуцін у гэтым кірунку не зрабіў нічога (акрамя злашчаснага Крыму), — то я не лічу, што ў яго ёсьць такія мэты.
Я лічу, што ў яго ёсьць мэта піярыцца — пагражаць, але ня дзейнічаць. Пагражаючы вайной, нападам на Ўкраіну, Пуцін дабіўся, што пра яго шмат гаварылі, да яго была прыкаваная ўвага, усе гадалі, што ён будзе рабіць.
Вы мне на гэта скажаце: «Ён што, дзіця малое?» Я вам адкажу: «Так, дзіця». Акрамя таго, што пра яго ўсе кажуць, усе чакаюць ягоных рашэньняў — ніякіх іншых мэтаў у ягонай дзяржаўнай дзейнасьці няма. Што для палітыка можа быць больш сур’ёзна, чым піяр? Я ня ведаю.
Віталь Цыганкоў
Крыніца: Радыё Свабода