Сёння ў Магілёве праходзяць адразу тры восеньскія кірмашы: у “Казіміраўцы”, на “Саломенцы” і вул. Фаціна. Гарадскія інфармацыйныя рэсурсы абяцалі шырокі выбар гародніны і садавіны, а таксама саджанцаў.
Наш карэспандэнт наведаў такі кірмаш на “Саломенцы”. Чатыры бусікі з бульбай, тры кропкі продажу саджанцаў і палатка з чаем – вось і ўвесь кірмаш. Яшчэ маюцца дзве кропкі продажу вяргіняў.
Паход на кірмаш гараджаніна стане найхутчэй расчараваннем. Найбольш уражваюць высокія кошты тавараў. Толькі бульбу можна свабодна набыць, а морква, буракі і іншая гародніна адсутнічае цалкам.
Мех бульбы яшчэ два гады таму каштаваў 10 рублёў. Цяпер кошт вырас да 35 рублёў у сярэднім. Кіло бульбы прадаюць па 1 руб. 15-20 кап. Яблыкі па 2 руб за кг. У адным месцы прадаюць вінаград ад 5 руб. і вышэй.
Адсутнасць пакупнікоў і сумуючыя прадаўцы – найбольш запамінальная карцінка кірмашу.